Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА – БЕЛАРУСЬ: НОВАЯ МЯЖА ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ


Тацяна Поклад, Вільня

Сёньняшняе абмеркаваньне закранала пытаньні зьменаў эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы, а таксама становішча беларускай дыяспары Літвы у будучай аб’яднанай Эўропе. Дыскусію ініцыяваў і праводзіў Камітэт у справах Эўропы Сойму Літвы, з удзелам парляманцкага цэнтру інфармацыі па пытаньнях Эўропы. Былі запрошаныя і прадстаўнікі беларускіх арганізацыяў і адукацыйных асяродкаў з ўсяе Літвы.

Пасьля таго, як Літва далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу (1 траўня 2004 г.), эканамічнае беларуска-літоўскае супрацоўніцтва мае кардынальна зьмяніцца. Дагэтуль яно рэгулявалася пагадненьнем пра гандлёвае і эканамічнае супрацоўніцтва ад 1995 году, якое вызначала статус найбольшага спрыяньня гандлю, у тым ліку і меншыя мытныя падаткі. З далучэньнем Літвы да Эўразьвязу гэтае пагадненьне страчвае юрыдычную сілу.

Беларуска-літоўскія дачыненьні будуць рэгулявацца толькі пагадненьнямі Эўразьвязу і Беларусі.

Дарадца парляманцкага Камітэту па справах Эўропы, Ліна Рымкутэ: “Літва мае эканамічную зацікаўленасьць у стасунках зь Беларусьсю і хацела б павялічыць цяперашнюю долю літоўскага імпарту зь Беларусі. Цяпер доля літоўскага імпарту зь Беларусі складае усяго 4,9%. Беларусь прадае Літве пераважна мінэральныя ўгнаеньні, каляровые мэталы і прадукцыю хімічнай прамысловасьці”.

Беларусь і Літва злучаныя партнэрствам у сфэры транзыту. Аднак пэрспэктывы супрацоўніцтва ускладняюцца стасункамі Беларусі і Эўразьвязу – паміж імі няма пагадненьня пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Падпісанае толькі двухбаковае пагадненьне адносна тэкстыльнага гандлю, але бяз ніякіх палёгкаў у мытных тарыфах. Аднак у прагнозах гандлёвага супрацоўніцтва ёсьць і спрыяльныя для Беларусі лічбы. Паводле разьлікаў, Беларусь – адзіная краіна за межамі ЭЗ, зь якой для Літвы узровень “падаражаньня” імпарту асобных тавараў (1,8%) будзе меншы за ўзровень зьмяншэньня коштаў імпарту (2,8%).

Аўдронэ Масандукайтэ, кіраўнік парляманцкага цэнтру інфармацыі па пытаньнях Эўропы: “Пасьля 1 траўня 2004 году дачыненьні Літвы і Беларусі будуць дачыненьнямі Эўразьвязу і Беларусі.”

Чарговым разам абмяркоўвалася адно з найбольш балючых пытаньняў – супольнай беларуска-літоўскай мяжы. Гэтая мяжа, даўжыня якой каля 700 км, мае быць вонкавай мяжой Эўразьвязу. Адпаведна – ўзмоцнены памежны кантроль. Ужо ад пачатку гэтага году дзейнічае больш жорсткі візавы рэжым, скасаваныя усе палёгкі дзеля перасячэньня мяжы.

Сёлета зьменшаная колькасьць памежных пунктаў. Літоўскія парлямантары нагадалі, што прынамсі тройчы Літва зьвярталася да Беларусі з прапановамі адносна захаваньня большай колькасьці памежных пунктаў спрошчанага кантролю па абодва бакі мяжы, аднак Беларусь не падтрымала гэтае прапановы.

Беларусаў Літвы часта называюць найбольшымі эўраскептыкамі менавіта дзеля іх засьцярогаў адносна пабудовы “жалезнай заслоны” паміж суседнімі краінамі.

Сёньня ў Літоўскім парляманце гаварылася пра тое, што беларуская дыяспара Літвы трымаецца пасыўна – не спрабуе лябіраваць пытаньне беларуска-літоўскай мяжы у тых сфэрах, дзе прыймаюцца рашэньні, ня робіць спробаў кантактаваць з МЗС Літвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG