Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТ УЛАДЗІМЕР НАВАСЯД ХОЧА СТВАРЫЦЬ ЛІБЭРАЛЬНУЮ ПАРТЫЮ

Ул. інф.

Паведамляецца, што новая партыя будзе фармавацца на падмурку моладзевай арганізацыі “Грамадзянскі форум”, якой кіруе Навасяд. Паводле яго, новая партыя плянуе ўзяць удзел у парляманцкіх выбарах.

Нагадаем, што ў свой час Уладзімер Навасяд быў сябрам кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але прыпыніў сяброўства ў АГП, калі балятаваўся ў цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў у 2000 годзе. АГП байкатавала тыя выбары.

Калі новая партыя і будзе створаная, невядома, ці будзе яна зарэгістраваная. Апошнім часам рэгістрацыя новай партыі – гэта надзвычай складаная справа. Днямі Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі арганізацыі "Маладыя сацыял-дэмакраты". Рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі прынятае на падставе заключэньня дзяржаўнай камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў.

У адмове Мінюсту фігуруюць некалькі прычынаў: нязгода з задачамі і мэтадамі арганізацыі, адсутнасьць іншых умоваў сяброўства ў арганізацыі, апрача згоды са статутам, наяўнасьць у арганізацыі двух кіруючых органаў, а таксама заўвагі да пратаколу зьезду.

Гэта была ўжо другая спроба арганізацыі атрымаць легальны статус. Першая была зробленая ў 2001 годзе. "Маладыя сацыял-дэмакраты" ўжо зьвярнуліся ў Вярхоўны суд з зыскам аб скасаваньні рашэньня Мінюсту.
XS
SM
MD
LG