Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРАЦЭСЕ НАД ЛЯВОНАВЫМ ПАЧАЛІСЯ СУДОВЫЯ СПРЭЧКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У апошні момант спрэчкі маглі быць адкладзеныя, бо абарона Лявонава прасіла суд дадаткова дасьледаваць адзін эпізод ды далучыць да матэрыялаў справы некаторыя фотадакумэнты. Аднак прадстаўнікі пракуратуры з гэтым не пагадзіліся, абвінаваціўшы абарону Лявонава ў наўмысным зацягваньні працэсу, і суд стаў на іх бок.

Далей пачалася прамова прадстаўніка пракуратуры спадара Шандаровіча. Ён адразу папярэдзіў, што збольшага падтрымлівае амаль усе абвінавачаньні і пачаў выкладаць вэрсію пракуратуры паводле ўсіх запар эпізодаў. Іх, нагадаю, больш за дзесяць. Экс-дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў абвінавачваецца ў злачынствах паводле больш як дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Вялікая колькасьць абвінавачаньняў запатрабавала шмат часу для прамовы, і таму сёньня пракурор яе гэтак і не завершыў.

Такім чынам, якога дакладна пакараньня пракуратура запатрабуе для Лявонава, стане вядома хутчэй за ўсё заўтра, 20 лістапада. Але ўжо магчыма дакладна сказаць, што гэта будзе ня менш за 8 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Бо за крадзеж дзяржаўнай маёмасьці ў асабліва буйных памерах праз злоўжываньне службовым становішчам — а гэта самае сур’ёзнае злачынства, якое інкрымінуюць Лявонаву, законам прадугледжана ад 8 да 15 гадоў турмы.

Сваёй віны Лявонаў гэтак і не прызнаў, а ягоныя адвакаты заяўляюць, што пераканаўчых доказаў віны падчас судовага разьбіральніцтва яны не пачулі. Прыкладам, паслухаем адваката Аляксандра Самусева:

(Самусеў: ) “Паўгоду мы на працэсе чулі, у чым абвінавачваецца Лявонаў, але не чулі доказаў гэтых абвінавачаньняў. Лічым па-ранейшаму, што ён не вінаваты, і паспрабуем пераканаць у гэтым суд”.

Ці зьменіцца тактыка абароны, стане вядома пасьля таго, як абвінаваўчы бок завершыць свой выступ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG