Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ НА ПРАЦЭСЕ М.ЛЯВОНАВА ПАЧЫНАЮЦЦА СУДОВЫЯ СПРЭЧКІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Працэс над Міхаілам Лявонавым цягнецца з красавіка, а разам былы дырэктар МТЗ знаходзіцца за кратамі ўжо амаль два гады. Вось гэтым тэрмінам і трэба вызначаць мінімальны памер патрабаваньняў пракуратуры, улічваючы сумны досьвед апошняга дзесяцігодзьдзя ў Беларусі. Бо заўважу, за гэты час ніводны гучны працэс не завяршаўся апраўдальным прысудам і суды давалі тэрміны прынамсі такой працягласьці, колькі асуджаныя ўжо правялі за кратамі ў чаканьні суду. Магчыма, каб потым апраўданыя ня мелі падставаў звярнуцца з прэтэнзіямі да пракуратуры.

Міхаілу Лявонаву інкрымінуюць больш за дзесяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу — у тым ліку крадзеж дзяржаўнай маёмасьці праз злоўжаваньне службовым становішчам. Гэта найбольш сур’ёзнае абвінавачаньне паводле пакараньня. Яно прадугледжвае ад 8 да 15 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Калі пракуратура лічыць, што суду былі прадстаўленыя пераканаўчыя доказы гэтага злачынства, то запатрабуе ня менш за 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Аднак трэба ўлічваць, што нядаўна пракуроры на працэсе скарэктавалі абвінавачаньне на адрас Лявонава. У ім зьявіўся артыкул пра нявыплату падаткаў на нібыта заробленыя праз махінацыі грошы. Нявыплачаных падаткаў у Лявонава сьледчыя налічылі больш на 1 мільён даляраў, а гэта ўжо асабліва буйны памер, і такое злачынства цягне на 3 гады турмы. Таму абвінаваўцы могуць абмежавацца і гэтай, хай больш сьціплай, затое, магчыма, больш рэальнай мэтай. І ўсё ж большасьць назіральнікаў лічаць, што яны запатрабуюць амаль максымальнага пакараньня — гэта блізу 10 гадоў турмы, бо лічаць сваю пазыцыю дастаткова моцнай.

Калі выступленьне прадстаўнікоў пракуратуры скончыцца заўтра, могуць пачаць свае прамовы адвакаты. Нагадаю, Міхаіл Лявонаў па-ранейшаму не прызнае сваёй віны, і з гэтага сыходзяць адвакаты. Абаронца Аляксандар Самусеў для Радыё Свабоды зноў зазначыў гэтую пазыцыю:

(Самусеў: ) “Мы па-ранейшаму лічым, што віна не даказаная і паспрабуем пераканаць у гэтым суд. Паўгоду мы чулі на працэсе, у чым ён абвінавачваецца, але дагэтуль не пачулі доказаў віны. 150 тамоў — гэта 150 тамоў, больш за сто апытаных сьведкаў — гэта толькі апытаныя сьведкі, але не зразумела, дзе доказы таго, што Лявонаў нібыта скраў гэтыя мільёны даляраў. Зноў паўтараю, што зыходзячы з таго, што мы пачулі на судзе нашае меркаваньне аб невінаватасьці Лявонава ня стала іншым”.

Але пачнуцца сёньня судовыя спрэчкі на працэсе Лявонава з выступу ягоных абвінаваўцаў, спадароў Касьпяровіча і Шандаровіча.
XS
SM
MD
LG