Сёньня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень ракетных войскаў і артылерыі. Гэта яшчэ савецкае сьвята, усталяванае некалі ў гонар пачатку наступу савецкіх войскаў пад Сталінградам 19 лістапада 1942 году. У такім нязьменным выглядзе гэтае сьвята засталося толькі ў Беларусі. Да прыкладу, Украіна перанесла Дзень сваіх ракетчыкаў і артылерыстаў на іншую дату, а ў Расеі такое сьвята адзначаюць у трэцюю нядзелю лістапада.
19 лістапада 1557 году пакінула гэты сьвет каралева Бона, адна з кіраўнічак сярэднявечнай Беларусі. Сама яна была італьянка і шмат зрабіла для разьвіцьця беларускіх земляў і для збліжэньня Беларусі з Заходняй Эўропай. З ініцыятывы каралевы Боны была праведзеная вялікая аграрная рэформа. У выніку прадукцыйнасьць сельскае гаспадаркі ў Беларусі рэзка ўзрасла, зьмянілася і само аблічча краю: было больш рацыянальна расьселенае сялянства, зямельныя надзелы й населеныя пункты атрымалі новую, рэгулярную пляніроўку. За часоў Боны ў Беларусь прыехала багата яе суродзічаў-італьянцаў: мастакоў, навукоўцаў, дойлідаў, вайскоўцаў ды купцоў. Беларусь была натуральным чынам прыцягнутая ў сфэру ўплыву італьянскага рэнэсансу. А памерла Бона Сфорца ў сябе на радзіме ў Італіі, у такі самы дзень, 19 лістапада 1557 году.
19 лістапада 1784 году нарадзіўся Міхал Баброўскі, выдатны навуковец-славіст, адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэньня. Баброўскі дасьледаваў гісторыю славянскага кнігадрукаваньня, выданьні Фіёля, Фёдарава ды Мсьціслаўца. Зрабіў поўнае апісаньне кірылічных і глягалічных кніг Ватыканскае бібліятэкі. Але самае бадай, галоўнае – ён наноў адкрыў сьвету імя Францішка Скарыны.
19 лістапада 1842 году нарадзіўся Адам Банецкі, выбітны гісторык і дасьледнік геральдыкі й генэалёгіі на абшарах Рэчы Паспалітае. Ягоны «Гербоўнік» у 13 тамах да сёньня ня мае аналягаў у нашай навуцы. Гэта значыць, што толькі там многія з нас могуць знайсьці свае старажытныя радаводы.
Таксама ў гэты дзень у розныя гады прыйшлі на сьвет расейскі навуковец, заснавальнік маскоўскага ўнівэрсытэту Міхаіл Ламаносаў, расейскі рэвалюцыянэр Міхаіл Калінін, помнік якому дагэтуль стаіць насупраць Менскага батанічнага саду, заходнебеларускі паэт Мікола Засім, кіраўнічка Індыі Індзіра Гандзі і амэрыканскі бізнэсовец Тэд Тэрнэр, які стварыў сусьветна вядомую інфармацыйную службу CNN.