Усе чатыры надпісы сьпешна зафарбавалі, але адзін з надпісаў “Уладу – народу, маладым – свабоду!”, які быў зроблены чорнай фарбай, усё яшчэ праглядаецца.
Астатнія надпісы мелі канкрэтных адрасатаў: яны прысьвячаліся асабіста Аляксандру Лукашэнку ды ягонай даверанай асобе ў часе мінулых прэзыдэнцкіх выбараў – рэктару Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту Аляксандру Косінцу, добра вядомаму ў студэнцкім асяродку сваімі прапрэзыдэнцкімі поглядамі.
Пасьля таго, як адміністрацыя ВНУ зьвярнулася ў праваахоўныя органы, міліцыянты заняліся вышукам «злачынцаў» – так на адмысловым сходзе студэнтаў былі названыя невядомыя аўтары надпісаў. Пакуль вінаватых не знайшлі.
Тым часам куратары студэнцкіх групаў атрымалі дадатковыя ўказаньні: больш пільна сачыць за палітычнымі настроямі студэнтаў ды болей часу надаваць ідэялягічнаму выхаваньню студэнтаў.