Джордж Крол сустрэўся з кіраўнікамі аблвыканкаму і гарвыканкаму – Уладзімерам Саўчанкам і Аляксандрам Антоненкам. У якасьці надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Джордж Крол толькі пачаў сваё знаёмства з рэгіёнамі, але ў Горадні аднойчы ён ўжо бываў.
(Крол: ) “Я быў тут восем гадоў таму, і гэта быў зусім іншы сьвет. Я бачу тут пэўнае эканамічнае разьвіцьцё, рэстаўрацыю гістарычных будынкаў. Але, канечне, мне патрэбны час і наступны візыт або шэраг візытаў сюды, каб зразумець больш глыбока, што тут адбываецца”.
Амэрыканскі амбасадар зазначыў, што хацеў бы лепей пазнаёміцца з станам мясцовай эканомікі, каб вызначыць магчымасьці супрацоўніцтва паміж гарадзенскімі ды амэрыканскімі бізнэсоўцамі. Сёньня ён сустрэўся з прадстаўнікамі некаторых грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку і прадпрымальніцкай. Таксама прайшла сустрэча зь мясцовымі лідарамі палітычных партыяў, якія складаюць ініцыятыву “5+” — БСДГ, Партыі працы, Партыі камуністаў, Аб’яднанай грамадзянскай і БНФ.
Напрыканцы дня адбылася і размова з прадстаўнікамі гарадзенскай недзяржаўнай прэсы. Джордж Крол прызнаўся, што ў будучыні хоча таксама лепей пазнаёміцца ня толькі з Горадняй, але і наагул з Гарадзеншчынай.