Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІХ ПЕРАМЕНАЎ СТУДЭНТЫ БДУ ЧАКАЮЦЬ ПАСЬЛЯ ЗЬМЕНЫ РЭКТАРА?

Галіна Абакунчык, Менск

Сярод апытаных сёньня студэнтаў БДУ сустракаліся маладыя людзі, якія казалі, што ня чулі пра зьмены ў кіраўніцтве ўнівэрсытэту, нічога ня ведаюць пра новага рэктара Васіля Стражава альбо пра сапраўдныя прычыны гэтых пераменаў. Яны ж найчасьцей казалі, што спадзяюцца на якіясьці зьмены ў сваім і ўнівэрсытэцкім жыцьці.

(Карэспандэнтка: ) “Чаго вы чакаеце ад зьмены кіраўніцтва ўнівэрсытэту?”

(Юнак: ) “Ня ведаю, разумееце — толькі першы курс, і цяжка разабрацца ва ўсім гэтым. Ніхто ж ня ведае, што адбылося ў сапраўднасьці”.

(Юначка: ) “Ой, складана адказаць, бо дакладна ня ведаю, якая была прычына зьмены. Але я спадзяюся, што ня будзе праблемаў і з новым рэктарам, усё будзе добра”.

(Юнак: ) “Гэта выбар нашага прэзыдэнта. Ён тут вырашае ўсё абсалютна, а ня мы. Можа, гэта будзе добры выбар, а можа й не. Я спадзяюся, што ў найбліжэйшы час мы ўсё гэта пабачым”.

(Юнак: ) “Натуральна, я бы хацеў, каб адбыліся зьмены. Да прыкладу, падвысілі стыпэндыю”.

(Юначка: ) “Я думаю, што ніякіх радыкальных зьменаў не адбудзецца, бо гэтая структура вельмі ўстойлівая. Я хацела бы, каб уся гэтая ўнівэрсытэцкая сыстэма была больш лібэральная ў сэнсе свабоды для студэнтаў”.

(Юначка: ) “Наш рэктар надаваў студэнтам шмат увагі, і калі мы пра гэта ўсё даведаліся, то было вельмі шкада. Цікава, што пра ўсё мы даведаліся з навінаў, бо ва ўнівэрсытэце нічога такога чуваць не было. Новага рэктара мы ня ведаем, але будзем чакаць зьменаў у лепшы бок”.

(Юначка: ) “Мы вельмі заклапочаныя гэтым пытаньнем. Сустракаем адзін аднаго, распытваем. Але афіцыйна нам ніхто нічога пакуль не тлумачыў. Мы хацелі бы пачуць тлумачэньні. Цяпер знаходзімся ў шокавым стане і чакаем, што будзе далей”.

Іншая частка маіх сёньняшніх суразмоўцаў-студэнтаў казала, што яны былі вельмі ўзрушаныя падзеямі вакол былога рэктара Аляксандра Казуліна, ня вераць у ягоную вінаватасьць і не чакаюць ад замены кіраўніка БДУ нічога добрага.

(Карэспандэнтка: ) “Чаго вы чакаеце ад зьменаў у кіраўніцтве ўнівэрсытэту?”

(Юнак: ) “А нічога новага ў нашай краіне й адбыцца ня можа. З новым рэктарам таксама. Выбіраць трэба рэктара, а не прызначаць, тым больш рэктара, які ніякага дачыненьня да гэтага ўнівэрсытэту ня мае”.

(Юначка: ) “Шкада, што памянялі рэктара. Лічу, што ён быў добры, быў блізкі да студэнтаў. А новага рэктара мы яшчэ й ня бачылі. Ня ведаем, што будзе”.

(Юнак: ) “Я думаю, што нічога новага не адбудзецца, бо новы рэктар ня зможа вырашыць нічога новага. Усё, што магло новага адбыцца, усё адбылося”.

(Юначка: ) “Лічу, што наш рэктар быў вельмі добры, бо ён неяк па-сяброўску ставіўся да студэнтаў. А цяпер мы ня ведаем, што будзе, таму вельмі шкадуем і хвалюемся. Страшна і не зразумела, што будзе наперадзе”.

(Юнак: ) “Мне здаецца, што ніякіх зьменаў ня будзе. Справа разглядаецца, у адносінах Казуліна нічога не даказана, таму рабіць нейкія высновы пакуль рана”.

(Юнак: ) “Нічога долбрага я не чакаю ад зьмены кіраўніцтва, бо Казулін рэктар, якія для нашага ўнівэрсытэту рабіў шмат добрага. І калі прэзыдэнт ставіць сваіх рэктараў, мы бачым тыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ва ўнівэрсытэце. З элітнай установы ён ператвараецца ў роўны іншым унівэрсытэтам, альбо нават робіцца ніжэйшы. Таму я лічу, што гэта палітычная акцыя, нічога іншага ў гэтым я ня бачу”.

Гэткія адказы студэнтаў БДУ на пытаньне: якіх пераменаў вы чакаеце ад зьмены кіраўніцтва ўнівэрсытэту?
XS
SM
MD
LG