Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВУЮ КНІГУ “ВЫПАДКОВЫ ПРЭЗЫДЭНТ” ПРЭЗЭНТАВАЛІ Ў РАСЕЙСКАЙ ДУМЕ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле Паўла Шарамета, прэзэнтацыя прадэманстравала ня толькі інтарэс расейскіх мэдыяў да падзеяў у суседняй краіне, суаўтар кнігі мяркуе, што найноўшая беларуская гісторыя, адлюстраваная ў “Выпадковым прэзыдэнце”, гэта таксама і ўрок-папярэджаньне расейцам.

Любая акцыя палітычнай партыі, зробленая ў разгар перадвыбарчай кампаніі, зьяўляецца пасланьнем выбаршчыкам. Якое пасланьне расейскім выбаршчыкам накіраваў лідэр Саюзу правых сілаў Барыс Нямцоў, зарганізаваўшы прэзэнтацыю кнігі пра Беларусь?

(Шарамет: ) “Гэтае пасланьне ўтрымліваецца ў звароце: "Людзі, будзьце пільнымі". У Беларусі людзі ўжо шмат гадоў жывуць у атмасфэры мітаў, якія стварае ўлада. І гэтыя міты зараз узьнікаюць і ў Расеі. Шмат расейскіх палітыкаў хочуць паўтарыць мэтады кіраваньня дзяржаваю, якія добра распрацаваў і ўжывае Аляксандар Лукашэнка ў Беларусі. У гэтым – галоўны сэнс пасланьня лідэра СПС Нямцова сваім выбаршчыкам.

Аднак удзел Нямцова ды СПС у выхадзе гэтай кнігі аніяк не зьвязаны з выбарамі. Рашэньне напісаць гэтую кнігу мы з Калінкінай прынялі ў ліпені падчас размовы з Барысам Нямцовым. На мой погляд Барыс Нямцоў – гэта хіба не адзіны лідэр расейскай палітычнай партыі, які адэкватна ставіцца да саюзу Беларусі і Расеі, да Лукашэнкі як прэзыдэнта Беларусі, і Нямцоў не хавае гэтага свайго стаўленьня.”

Паводле Паўла Шарамета расейскія мэдыі праявілі жывы інтарэс да “Выпадковага прэзыдэнта”.

(Шарамет: ) “Прэзэнтацыя на зьдзіўленьне была жвавая і шматлюдная. Выступілі Нямцоў, я, Сьвятлана Калінкіна, два дэпутаты беларускага парляманту – Сяргей Скрабец і Валер Фралоў. Прэзэнтацыя мела форму прэсавай канфэрэнцыі. Мы раздалі кнігі – 300 асобнікаў за 15 хвілінаў, мы не чакалі такой зацікаўленасьці. У сваіх выступах мы правялі паралелі паміж Беларусьсю і Расеяй.”

Суаўтар кнігі “Выпадковы прэзыдэнт” Павал Шарамет падкрэсьліў, што размова ідзе менавіта аб паралелях, аналёгіях, а не пра наўпросты ўплыў беларускага фактару на расейскую палітыку. Паводле яго, менавіта цяперашняя кампанія па выбарах у Дзярждуму Расеі сьведчыць пра тое, што вялікая роля беларускага фактару засталася ў мінулым.

(Шарамет: ) “Пра аб’яднаньне зь Беларусьсю гэтым разам ніхто практычна не гаворыць. Часам гэтая тэма ўзьнікае, але толькі ў сувязі са скандаламі, якія сыходзяць зь Беларусі: праблемы з газам, прыватызацыі "Белтрансгазу", праблема зьніклых людзей. Падчас тэледэбатаў на тэму Беларусі і на тэму аднаўленьня імпэрыі, чырвонай ці ліберальнай, камуністычнай ці дэмакратычнай, ніхто не гаворыць.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG