Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАБЛЕМА КАНФІСКАЦЫІ БЕЛАРУСКІМІ МЫТНІКАМІ ГРУЗАЎ ЗАМЕЖНЫХ ФІРМАЎ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: выканаўчы дырэктар грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва ХХІ” Сяргей Балыкін і аглядальнік нашага радыё Міхась Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Апошні час у грамадзкім жыцьці Беларусі назіраецца зьява, якая адсутнічае ў такіх маштабах у іншых дзяржавах. Маецца на ўвазе канфіскацыя мытнымі службамі тавараў і транспартых сродкаў. Вядома, што ў Беларусі прыватная ўласнасьць не абароненая і канфіскацыя ўласнасьці і маёмасьці на карысьць дзяржавы адбываецца часта і ў значных памерах.

Гэтая схема была перанесеная і на замежных уласьнікаў. Канфіскацыя грузаў і транспартных сродкаў адбываецца па спрошчанай працэдуры. Як правіла, суды падтрымліваюць прапановы мытных органаў. Як вядома, мытня дае каля 30% даходаў дзяржаўнага бюджэту. І сярод гэтых даходаў расьце доля канфіскаваных тавараў. Расейскі амбасадар Блахін у інтэрвію “Белорусской газете” прыводзіць такія лічбы: у 2000 годзе беларускімі мытнікамі было сканфіскавана тавару на суму 15 мільёнаў даляраў, у 2001 годзе — 30 мільёнаў, у 2002 годзе — 60 мільёнаў, а за восем месяцаў гэтага году — 66 мільёнаў. Створаная адмысловая сетка крамаў продажу канфіскаванай маёмасьці. Інакш кажучы, канфіскацыя маёмасьці, найперш замежных уласьнікаў, стала амаль што галіной беларускай эканомікі. Чым вы можаце растлумачыць такую зьяву? Чаму расьце аб’ём канфіскаванай маёмасьці?”

(Сяргей Балыкін: ) “Найперш, у кішэні дзяржавы няма грошай, і іх трэба недзе ўзяць. А канфіскаваць — заўсёды проста. Гэта жывыя грошы. Па-другое, акрамя дзяржавы прыбытак атрымліваюць прыватныя структуры, зьвязаныя зь дзяржаўнымі органамі. Таму што рэалізацыя канфіскаванага тавару адбываецца і праз прыватныя фірмы. Гандляваць канфіскатам — справа вельмі выгадная. Кожны прадпрымальнік сьпіць і марыць, як бы яму атрымаць такую магчымасьць. Таму што гэты тавар зьяўляецца ачышчаным ад мытных падаткаў, бо ён ужо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Потым, прадаваць канфіскат выгадна яшчэ таму, што гэта можна рабіць па нізкіх цэнах і з адтэрміноўкай выплатаў. Акрамя таго, канфіскаваны тавар можна прадаць у Расеі”.

(Міхась Залескі: ) “Акрамя недахопу грошай у дзяржаўным бюджэце, існуюць і іншыя прычыны павялічэньня колькасьці канфіскаваных грузаў. Па-першае, заканадаўчая база для канфіскацыі прымалася ў крызысны пэрыяд, калі шмат ехала “чаўнакоў”, і гэты працэс ня быў адрэгуляваны. Былі прынятыя такія законы, якія парушэньні на мытні трактуюць вельмі шырока. І гэта дазваляе канфіскаваць тавар вельмі лёгка, незалежна ад таго, каму належыць гэты тавар. Па-другое, мы жывем у сыстэме рынкавага сацыялізму. А гэтая сыстэма прадугледжвае працу на паказчык. І мытня таксама працуе на паказчык. А, як вядома, паказчыкі не павінны зьніжацца. Гэта галоўны савецкі прынцып, ён вытрымліваецца і ў Беларусі. Калі сёньня мытня адабрала, напрыклад, тавараў на 30 мільёнаў, то на наступны год гэтая лічба павінна быць 31 мільён і больш. Інакш, так бы мовіць, галаву адкруцяць.

Па-трэцяе, мяняецца становішча на мытнях. Апошнім часам дзяржава ўзмацняе кантроль за мытнымі структурамі. Вядома, што перавозяць тавары празь мяжу часам зусім не анёлы. І перавозчыкі таксама парушаюць правілы. І раней перавозчыкі й мытнікі мелі больш магчымасьці дамаўляцца паміж сабою на пэўных умовах. Цяпер, у зьвязку з узмацненьнем кантролю за мытнікамі, апошнія пачалі больш пільна сачыць за парушэньнямі пры перавозцы грузаў празь мяжу”.

(Балыкін: ) “Нешта канфіскаваць ў нашай краіне — гэта, як кажуць, прасьцей лёгкага”.

(Карбалевіч: ) “Транзытнае становішча Беларусі — гэта тая курыца, якая нясе залатыя яйкі. Але ж замежнікі выказваюць усё большае нездавальненьне тым, што краіна ператвараецца ў своеасаблівую чорную дзірку, якая паглынае грузы, якія праходзяць празь яе. Рост аб’ёмаў канфіскату непазьбежна вядзе да канфлікту з суседнімі краінамі, якія ажыцьцяўляюць транзытныя перавозкі. Нядаўна ад імя нямецкіх бізнэсоўцаў выказаў нязадавальненьне такімі парадкамі амбасадар Нямеччыны ў Беларусі. У вышэй згаданым інтэрвію “Белорусской газете” расейскі амбасадар адзначае, што большасьць каштоўных грузаў ідзе ў абыход Беларусі, і задае пытаньне: хто ж пасьля гэтага будзе езьдзіць празь Беларусь? Сапраўды, навошта прыдушваць курыцу, якая нясе залатыя яйкі? Ці сапраўды існуе небясьпека, што Беларусь страціць перавагі транзытнай дзяржавы?”

(Залескі: ) “Каб страціць нейкія перавагі, трэба стварыць умовы горшыя, чым у суседзяў. Калі тэмпы росту канфіскату будуць такія, як у апошнія гады, то мы неўзабаве такія перавагі страцім. Таму што перавозчыка цікавіць хуткае афармленьне грузаў, інфраструктура на мяжы. Што тычыцца інфраструктуры, то яна больш-менш удасканальваецца. А вось усё астатняе ўскладняецца. Прычым ня толькі на мытнях, але і на трасах, дзе часам існуе рабаўніцтва. Апошняе адзначаў нават Лукашэнка на адной з нарадаў. Але для перавозчыкаў, мусіць, больш небясьпечнае дзяржаўнае рабаўніцтва. Грузы канфіскуюць за недакладнае афармленьне тавару, адсутнасьць, як лічаць мытнікі, рэальнага заказчыка і інш. Калі працягваць такую палітыку, то мы страцім перавагі ў параўнаньні зь Літвой, Латвіяй, Украінаю”.

(Балыкін: ) “Калі расейскі альбо заходні перавозчык убачыць, што пераезд празь Беларусь хоць больш танны, чым праз суседнія краіны, але больш небясьпечны (існуе вялікая рызыка страціць груз), то перавозчык выбярэ больш доўгі й дарагі маршрут, але надзейны. Калі Беларусь будзе працягваць рабаўніцтва на дзяржаўным узроўні, то хутка страціць свае перавагі транзытнай дзяржавы”.

(Карбалевіч: ) “Ці выпадкова тое, што менавіта амбасадары Расеі й Нямеччыны выказалі незадавальненьне дзеяньнямі беларускіх мытных органаў?”

(Залескі: ) “Расея і Нямеччына маюць паміж сабою вялікі гандлёвы абарот. І самая простая дарога ідзе празь Беларусь. Нельга забываць, што існуе і старая дарога, якая некалі ішла з Кёнігсбэргу на Бэрлін. І калі ў транзыте празь Беларусь узьнікнуць праблемы, то грузы могуць пайсьці з Эўропы праз Калінінград, Латвію, Пскоў і далей. Немцам ня хочацца аднаўляць старой дарогі, таму што за паваенны час ужо склалася інфраструктура перавозак празь Менск, Варшаву і інш. Таму яны апэлююць да беларускіх уладаў.

Але цяпер амбасадары і структуры, зьвязаныя са зьнешнім гандлем Расеі і Нямеччыны, раяць сваім бізнэсоўцам, груз якіх затрымалі на беларускай мяжы, наступнае. Па-першае, кіроўца, аўтамабіль якога затрымалі на мяжы, павінен тэрмінова зьвязацца з гаспадаром. Па-другое, ён не павінен згаджацца разгружацца ў Беларусі. Па- трэцяе, каб прадстаўнікі фірмы, з грузам якой узьніклі праблемы, тэрмінова прыехалі для ўдзелу ў паседжаньні суду, які разглядае справу аб канфіскацыі. І нарэшце можа так здарыцца, што яны пачнуць раіць ня езьдзіць празь Беларусь”.

(Балыкін: ) “Для расейскіх прадпрымальнікаў Беларусь — тая краіна, дзе можна зарабіць грошы незаконным шляхам. Таму што адсутнічае мытная мяжа. Але гэта можна зрабіць толькі пры ўмове, што маеш “дах”, які ствараюць беларускія ўладныя структуры. І праблемы ўзьнікаюць якраз у тых фірмаў, якія ня маюць такога “даху”.

(Карбалевіч: ) “А ці можа гэтая праблема стаць яшчэ адной балявой кропкай беларуска-расейскіх дачыненьняў? Не выпадкова гэтую праблему ўзьняў расейскі амбасадар Блахін”.

(Залескі: ) “Безумоўна. Зьвярніце ўвагу, расейскі амбасадар зьвязаў гэтую праблему зь дзвюма іншымі: газавым транзытам і пераходам Беларусі на расейскі рубель. Такім чынам, ствараецца цэлы комплекс перашкодаў на шляху інтэграцыі. Рэальная інтэграцыя можа палягаць на нармальным капіталістычным супрацоўніцтве, якое, найперш, мае на ўвазе дзьве рэчы. Па-першае, дамовы павінны выконвацца. Па-другое, уласнасьць недатыкальная. А тут і дамовы не выконваюцца, і ўласнасьць канфіскуецца. А гэта асабліва вельмі важна для краінаў, паміж якімі адсутнічае мяжа”.

(Балыкін: ) “Тут справа далей можа разьвівацца так. Расея будзе ціснуць на Беларусь. І закончыцца гэта можа тым, што Расея зробіць паўнавартасную мяжу зь Беларусьсю і адмовіцца ад паслугаў беларускіх мытнікаў пры афармленьні транзытных тавараў”.

(Карбалевіч: ) “Але стварэньне Расеяй мытнай мяжы зь Беларусьсю не вырашае праблемы канфіскацыі расейскіх тавараў беларускай мытняю”.

(Балыкін: ) “Калі гэтыя тавары будуць перамяшчацца ў рэжыме транзыту, то ў беларускай мытні ня будзе падставаў для канфіскацыі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, канфіскацыя і экспрапрыяцыя чужой уласнасьці, перавага дзяржаўных інтэрэсаў над інтарэсамі іншых гаспадарчых суб’ектаў цалкам выцякае з так званай “беларускай мадэлі разьвіцьця”. Яе ўмацаваньне і эвалюцыя перастаюць быць толькі ўнутранай праблемай Беларусі. Яна ўжо закранае і іншыя, найперш суседнія дзяржавы, ставіць пад сумненьне транзытны статус краіны, якім так ганарацца беларускія ўлады. І тым самым праблема з канфіскатам становіцца яшчэ адным чыньнікам, які выводзіць “беларускае пытаньне” на міжнародны ўзровень”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG