Звольнены ўчора з пасады рэктара БДУ Аляксандар Казулін сёньня прыйшоў ва ўнівэрсытэт толькі пасьля абеду, на прадстаўленьне Навуковай радзе новага рэктара Васіля Стражава. З гэтай мэтай ва ўнівэрсытэце пабываў кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў.
Аляксандар Казулін цяпер для беларускіх праваахоўчых органаў мае такі ж статус, як і затрыманыя 13 лістапада кіраўнікі ўнітарнага прадрыемства “Унідрагмет БДУ” Корзун ды Саньнікаў. Адзіная розьніца, што тыя ўжо ў ізалятары, а спадар Казулін — на волі, але даў падпіску “аб нявыезьдзе і належных паводзінах”. Усе яны чакаюць прад’яўленьня афіцыйнага абвінавачаньня ў гэтай справе. Гэта адбудзецца, як паведамілі ў сьледчым камітэце МУС, на працягу 10 дзён.
Сьледзтва мяркуе, што Казулін разам зь іншымі шляхам розных махінацыяў з золатам удзельнічаў у выкраданьні вялікіх сумаў грошай. У прыватнасьці, яно ўстанавіла, што лом каштоўных мэталаў вывозіўся прадпрыемствам “Унідрагмет БДУ” зь Беларусі ў рэжыме экспартнай апэрацыі, а ўвозіўся ў рэжыме перапрацоўкі, і нібыта на гэтым незаконна эканомілася значная экспартная пошліна (толькі за апошнюю ўгоду — на суму 300 мільёнаў рублёў). Сьледзтва таксама заявіла, што ўтрыманьне золата ў ломе і адкідах не адпавядала колькасьці золата, увезенага пасьля перапрацоўкі. Толькі па адным кантракце зь нямецкай фірмай “Дэмэт Дойчэ Эдэлмэтал” такое заніжэньне і склала тыя самыя 35 кіляграмаў золата на суму 300 тысяч даляраў.
Аляксандар Казулін цалкам абвяргае заявы сьледчых МУС, кажучы, што тут ёсьць неадпаведнасьць указу прэзыдэнта і Мытнага кодэксу. “Унідрагмет БДУ” і працаваў паводле ўказу, аж пакуль нядаўна не пачалі ўзьнікаць праблемы. З другога боку, спадар Казулін кажа, што часам ня спраўджваліся разьліковыя паказчыкі па ўтрыманьні золата ў сыравіне, таму што вытворчасьць вельмі складаная, золата знаходзіцца ў сыравіне ў мізэрных долях. Што да закідаў сьледзтва аб тым, што “Унідрагмет БДУ” ня столькі сам перапрацоўваў залаты лом, колькі накіроўваў за мяжу, то спадар Казулін кажа, што быў тэндэр і выйгравала тая фірма, якая прапаноўвала лепшыя ўмовы.
Але больш за ўсё незразумела спадару Казуліну, у чым яго асабіста падазраюць, паколькі ён у гэтых справах не паставіў ніводнага подпісу:
(Казулін: ) “Ня ведаю, як мяне прышпілілі сюды (сьмяецца). Як кіраўніка “банды”, напэўна… Гэта ж асобная юрыдычная асоба, якая нясе поўную адказнасьць, а я як рэктар, нясу адказнасьць субсыдыярную, калі яны нейкіх абавязацельстваў не выконваюць. І ва ўсе тэхналягічныя працэсы я не ўмешваюся, гэта не мае функцыянальныя абавязкі”.
У пракуратуры на гэта кажуць, што рэктар унівэрсытэту нясе адказнасьць за ўсе свае структурныя падразьдзяленьні. А ў сьледчым камітэце МУС, які вядзе справу, паведамілі, што спадар Казулін зьяўляецца адным з падазраваных у складзе групы, якая нібыта ажыцьцяўляла махінацыі з золатам, і роля кожнага з удзельнікаў гэтай групы яшчэ ня вызначаная, — паведаміў прадстаўнік сьледчага камітэту МУС Ігар Расолька.
“Унідрагмет БДУ” — адно з навукова-вытворчых унітарных прадпрыемстваў, заснаваных БДУ, якое выкарыстоўвае навуковыя распрацоўкі ўнівэрсытэцкіх навукоўцаў для перапрацоўкі лому каштоўных мэталаў. Згодна з пастановай Саўміну Беларусі ад 1999 году прадпрыемства было вызначанае як галоўная рэспубліканскакя арганізацыя дзеля збору, першаснай і глыбокай перапрацоўкі каштоўных мэталаў у выглядзе лому і адкідаў, што ўтрымліваюць каштоўныя мэталы, для наступнай пастаўкі залатых зьліткаў у Дзяржаўны залаты фонд. За год яно перапрацоўвае каля 200 кіляграмаў золата.