Сёньня ў Латвіі адзначаецца Дзень абвяшчэньня рэспублікі. Галоўнае дзяржаўнае сьвята ўзыходзіць да падзеяў 1918 году, калі Латвія абвесьціла пра сваю незалежнасьць. Першым прэзыдэнтам краіны стаў Карліс Ульманіс. Варта згадаць, што менавіта ў 1918 годзе ўпершыню абвесьцілі пра сваю дзяржаўную незалежнасьць суседнія зь Беларусяй нацыі. У самой Беларусі такая падзея адбылася таксама ў 1918-м – 25 сакавіка, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка. Цяперашнія ўлады не прызнаюць незалежнай БНР, матывуючы гэта тым, што тэрыторыя Беларусі была тады пад акупацыяй. Вось жа нічым вонкава не адрозьнівалася і сытуацыя ў Латвіі. У Рызе гаспадарылі немцы, у латыскіх партах стаялі ангельскія ваенныя караблі, а большасьць тэрыторыі краіны была абвешчаная савецкай. Тым ня менш, дзень 18 лістапада стаў для латышоў галоўным у гісторыі іхнае дзяржаўнасьці.
18 лістапада 1926 году адбылося адно з так званых узбуйненьняў БССР. Рэч у тым, што пасьля адыходу Заходняе Беларусі да Польшчы, а ўсходніх тэрыторыяў да Расеі, Савецкая Беларусь выглядала на мапе зусім ужо жалю вартай палоскай. І вось у такі самы дзень палітбюро ЦК усесаюзнай кампартыі, разгледзеўшы высновы камісіі, якая перад тым працавала ў Гомельскай губэрні, пастанавіла „лічыць даказаным беларускі характар насельніцтва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў і прызнаць неабходным далучэньне адзначаных паветаў да БССР". Ініцыятыва ўзбуйненьня зыходзіла ад ЦК КПБ і ўраду БССР. Але ня ўсе іхныя прапановы былі прынятыя ў Маскве. Да прыкладу, у Крамлі не пагадзіліся прызнаць за этнічна беларускія землі: Вяліскі, Невельскі і Себескі паветы Віцебскай губэрні; Мглінскі, Навазыбкаўскі і Сураскі паветы Чарнігаўскай губэрні. У выніку гэтыя землі зь пераважна беларускім паводле тагачасных перапісаў насельніцтвам засталіся ў Расеі і Ўкраіне.
У беларускім біяграфічным календары сёньня – дзьве даты нараджэньня. 18 лістапада 1902 году прыйшоў на сьвет папулярны ў міжваеннай Заходняй Беларусі паэт Міхась Машара. А 18 лістапада 1931 году нарадзіўся Анатоль Вярцінскі, паэт, грамадзкі і палітычны дзяяч незалежнае Беларусі.
Сярод сусьветных славутасьцяў, што нарадзіліся 18 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага кампазытара Карла фон Вэбэра, францускага пачынальніка фатаграфіі Луі Дагера і Ігната Падэрэўскага, польскага кампазытара і піяніста, які ў 1919 годзе стаў першым прэм’ер-міністрам адроджанай Польшчы.