Сёньняшняя сустрэча Аляксандра Казуліна са студэнтамі БДУ, прымеркаваная да Міжнароднага дня студэнтаў, сталася апошняй на пасадзе рэктара. Пасярэдзіне выступу спадара Казуліна, калі ён адказаў на пытаньні студэнтаў ў залі ліцэя БДУ, нечакана паклікаклі да тэлефону.
Як паведаміў пазьней спадар Казулін, яму тэлефанаваў міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў і па даручэньні А. Лукашэнкі сказаў, што падпісаны указ аб ягоным вызваленьні з пасады і прызначэньні на пасаду рэктара БДУ Васіля Стражава, які дагэтуль быў дарадцам спадара Казуліна. Васіля Стражава ў гэты час у залі, дзе знаходзілася ўсё кіраўніцтва ўнівэрсытэту, не было.
Пачуўшы гэтую навіну, Аляксандар Казулін працягваў гутарку са студэнтамі аж пакуль яму наўпрост не задалі пытаньне пра адстаўку. Ён пацьвердзіў яе. Заявіў, што лічыць сябе ні ў чым не вінаватым, што можа сьмела глядзець у вочы кожнаму, нагадаў пра лёс рэпрэсаваных рэктараў БДУ даваенных часоў ды заклікаў студэнтаў ганарыцца сваім унівэрсытэтам.
Пасьля гэтага студэнты ўсталі з крэслаў і зрабілі 5-хвілінную авацыю ў падтрымку спадара Казуліна, так што той нават расчуліўся.
Некалькі навучэнцаў БДУ выйшлі і заявілі, што студэнты гатовыя падтрымаць свайго рэктара. Той адказаў, што яму не патрэбна, каб студэнты ішлі на барыкады, дастаткова іх маральнай падтрымкі.
Да 2000 году пасада рэктара БДУ была выбарнай, на апошніх выбарах Казулін атрымаў 94% галасоў аб’яднанай рады БДУ, але пазьней А. Лукашэнка цалкам скасаваў унівэрсытэцкае самакіраваньне.
Апрача ўласна адстаўкі Аляксандр Казуліну зараз пагражае яшчэ і тое, што на працягу 10 найбліжэйшых дзён яму магчыма высунуць абвінавачваньне па справе аб выкраданьні 35 кіляграмаў золата ва ўнітарным прадпрыемстве “Унідрагмэт БДУ”. Сьледзтва падазрае, што ён мае датычнасьць да гэтай справы, і сёньня спадар Казулін быў вымушаны падпісаць падпіску аб нявыезьдзе.
(Казулін: ) “Кіраўнік дзяржавы мае права на такія рашэньні як прэзыдэнт. Я думаю, што яго проста дэзынфармавалі і дэзарыентавалі. Час пакажа, за кім праўда.”
Аляксандар Казулін заявіў аб сваёй поўнай невінаватасьці і чысьціні перад законам, але зазначыў, што вымушаны рыхтавацца і да горшага, і да лепшага. Прызначэньне Стражава спадар Казулін адкамэнтаваў наступным чынам:
(Казулін: ) “Пры прызначэньні трэба было б параіцца з калектывам унівэрсытэту. У прынцыпе, Васіль Іванавіч чалавек не дурны, быў сем гадоў міністрам адукацыі, ведае сыстэму вышэйшай адукацыі. Цяпер быў у Амэрыцы 4 месяцы, некалькі месяцаў у Нямеччыне, рыхтуе з амэрыканскімі прафэсарамі кніжку аб разьвіцьці постсавецкай адукацыі, таму зразумела, што неабходны досьвед у яго ёсьць.”
Аляксандар Казулін зазначыў, што ён мае працу ва ўнівэрсытэце як прафэсар. Займаецца з асьпірантамі і дактарантамі і кіруе дыплёмнымі працамі, мяркуе, што без работы ён не застанецца. Камэнтаваць палітычныя матывы сваёй адстаўкі і перасьледу з боку пракуратуры ён адмовіўся.