У сувязі са сьледзтвам аб крадзяжы каштоўных мэталаў ва ўнітарным прадпрыемстве “Унідрагмет БДУ” генэральны пракурор Віктар Шэйман зьвярнуўся да А.Лукашэнкі з просьбай аб часовым адхіленьні рэктара БДУ А.Казуліна ад пасады. Але А.Лукашэнка прыняў іншае рашэньне — зусім звольніў Казуліна і прызначыў на яго месца былога міністра адукацыі Васіля Стажава, які пайшоў у адстаўку пасьля выбараў 2001 году.
Сёньня адзначаецца Міжнародны дзень студэнта, традыцыйна да гэтага сьвята ў БДУ падрыхтавалі адмысловую сустрэчу рэктара Аляксандра Казуліна са студэнтамі, якія цэлы месяц рыхтавалі яму свае самыя вострыя пытаньні. Аднак першыя свае пытаньні рэктару Казуліну задалі сьледчыя. Пытаньні датычыліся дзейнасьці аднаго з унітарных прадпрыемстваў унівэрсыэту — “Унідрагмет БДУ”.
Пракуратура завяла крымінальную справу пра выкраданьне ў гэтым прадпрыемстве 35 кіляграмаў золата ў 2001 годзе пры рэалізацыі кантракту зь нямецкім партнэрам. Дырэктар гэтага прадпрыемства Георгі Корзун і ягоны намесьнік былі арыштаваныя ў мінулы чацьвер. Сёньняшні допыт Аляксандра Казуліна доўжыўся тры з паловай гадзіны і цалкам быў прысьвечаны тэме “Унідрагмет БДУ”, — сказаў Свабодзе сам спадар Казулін, вярнуўшыся з МУС. У сьледчым камітэце МУС паведамілі, што з Аляксандра Казуліна ўзятая падпіска аб нявыезьдзе — у рамках сьледзтва па справе аб крадзяжы каштоўных мэталаў. Спадар Казулін адкідае абвінавачаньні на адрас сваіх падначаленых:
(Казулін: ) “Я і там сказаў, і вам магу сказаць, што для мяне кіраўнік прадпрыемства Корзун Георгі абсалютна сумленны, пазытыўны чалавек, што перажывае за справу”.
Аляксандар Казулін заявіў, што цяпер яго хвалюе лёс унітарнага прадпрыемства “Унідрагмет БДУ”, што трэба ўсё зрабіць, каб яно не развалілася. Цяпер будзе прызначаная экспэртыза, рэвізія, будуць вывучаныя ўсе эканамічныя і тэхналягічныя пытаньні працы “Унідрагмет БДУ”.
Пракуратура даручыла правядзеньне расьсьледаваньня гэтай справы сьледчаму камітэту МУС. Аляксандра Казуліна гэта зьдзівіла, бо дзейнасьць “Унідрагмет БДУ” стала кантралявалі супрацоўнікі КГБ Беларусі. Больш лягічна было б ім перадаць гэтую справу, кажа ён. Аднак у пракуратуры так ня лічаць. Гаворыць прадстаўнік пракуратуры Беларусі Вадзім Гігін:
(Гігін: ) “Тое, што сьведкі ці іншыя фігуранты па справе разважаюць, які орган павінен быў праводзіць сьледзтва, гэта іх асабістая пазыцыя. У нас ёсьць шэраг органаў, якія могуць праводзіць сьледзтва ў залежнасьці ад сваёй кампэтэнцыі, але відавочна, што склад злачынства цалкам “міліцэйскі”.
Наконт інцыдэнту зь пятнічнай заявай па тэлеканалах, якую агучыў начальнік аддзелу пракуратуры па наглядзе за дазнаньнем Салаўды Магамадаў пра тое, што Казулін не зьявіўся на допыт, то ніякіх прабачэньняў на адрас Казуліна ня будзе, — заявіў афіцыйны прадстаўнік пракуратуры Беларусі. Прабачэньняў сапраўды не было, пацьвердзіў сам спадар Казулін:
(Казулін, сьмяецца: ) “Ну, вы самі разумееце, што ў нас у такіх выпадках пакуль не выбачаюцца. Тым больш так хутка і рэзка”.
Што да прычынаў перасьледу кіраўніцтва “Унідрагмет БДУ”, то Аляксандар Казулін не выключае, што “нейкім структурам” захацелася забраць сабе пасьпяховае прадпрыемства, якое працуе з каштоўнымі мэталамі. “Унідрагмет БДУ” выкарыстоўвае напрацоўкі ўнівэрсытэцкіх навукоўцаў для артыманьня каштоўных мэталаў са сьпісанай апаратуры. Тут працуе каля 200 чалавек.
Былы прафэсар БДУ Станіслаў Шушкевіч не выключае і палітычных прычынаў цяперашняга ціску на Казуліна, зьвязаных зт незадаволенасьцю А.Лукашэнкі вынікамі галасаваньня на мінулых выбарах сярод студэнтаў:
(Шушкевіч: ) “Я думаю, што ў сілу свайго калгаснага меркаваньня ён ня змог прымусіць Казуліна рабіць тую фальсыфікацыю, якая падабалася б наверсе, ён на яго натачыў зуб і цяпер знаходзіць нейкі спосаб. Я ня думаю, каб нейкая там пракуратура ўцяміла, як можна красьці золата з адкідаў радыётэхнічнай прамысловасьці. Гэта пошук шляху за тое, што студэнты не галасавалі за Лукашэнку, а Казулін ня змог гэтага забясьпечыць”.
Станіслаў Шушкевіч прагназаваў, што А.Казулін будзе хутка заменены, што і спраўдзілася.