Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЗУЛІН ЛІЧЫЦЬ СЯБЕ І ЎНІВЭРСЫТЭТ ЧЫСТЫМІ ПЕРАД ЗАКОНАМ


Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Казулін быў вельмі зьдзіўлены, пачуўшы як прадстаўнік пракуратуры Беларусі Салавудзі Магамадаў заявіў па дзяржаўных беларускіх тэлеканалах пра тое, што рэктар БДУ зьнік, не зьявіўшыся ў пракуратуру на допыт у якасьці сьведкі.

Пракурорскія работнікі дрэнна яго шукалі, кажа рэктар Казулін, нават пазоў перадалі не яму, а суседу. Пра ягонае месца знаходжаньня ведалі і міністар адукацыі, і супрацоўнікі ўнівэрсытэту, і родныя. Нарэшце, можна было патэлефанаваць на ягоны мабільны тэлефон. Але супрацоўнікі пракуратуры гэтага не зрабілі.

Увечары ў пятніцу спадар Казулін сам патэлефанаваў сьледчым і дамовіўся пра сустрэчу аб 11-ай гадзіне у панядзелак, паколькі ён не зьбіраецца хавацца і ня лічыць сябе ні ў чым вінаватым.

(Казулін: ) “Думаю, што ёсьць нагода, каб перада мною моцна выбачыліся, проста моцна выбачыліся. Таму што на ўсю краіну абвяшчаць, што я знаходжуся ў вышуку. Так ганьбіць мой гонар і годнасьць прынамсі непрыстойна.”

Аляксандар Казулін упэўнены, што гэтыя паведамленьні дзяржаўных СМІ пра злачынствы з золатам у прадпрыемстве БДУ ідуць з парушэньнем таямніцы сьледзтва і прэзумпцыі невінаватасьці.

Афіцыйна паведамляецца, што ва ўнівэрсытэцкім прадпрыемстве “Унідрагмэт БДУ” ў 2001 годзе скрадзена 35 кіляграмаў золата. Гэта фантастычная лічба, кажа спадар Казулін, паколькі прадпрыемства за той год ўсяго вырабіла 175 кіляграмаў золата. А дырэктар гэтага прадпрыемства Георгій Корзун, якога сьледчыя абвінавачваюць ў крадзяжы на суму 300 тысячаў даляраў, жыве ва ўнівэрсытэцкім інтэрнаце з жонкай і двума сынамі, дагэтуль не мае ўласнага жыльля. Кампанія дыскрэдытацыі БДУ, напэўна, арганізаваная. Кім і навошта?

(Казулін: ) “Можа, камусьці спатрэбілася ўжо пасьпяховае прадпрыемства. Туму што сёньня яно нарэшце стала на ногі. Мы яго дзесяць гадоў вырошчвалі”.

Аляксандар Лукашэнка некалькі месяцаў таму асабіста наведваў унітарнае прадпрыемтва “Унідрагмэт БДУ”, яму дэманстравалі тэхналёгіі ўнівэрсытэцкіх навукоўцаў па атрыманьні каштоўных мэталаў з электронных прыбораў, узоры прадукцыі. Тады асаблівых заўвагаў не было.

Прадпрыемства знаходзіцца пад мікраскопам супрацоўнікаў КГБ і Дзяржкантролю, і ніякіх прэтэнзіяў ад гэтых структураў не было, – заяўляе спадар Казулін.

Але пакуль глябальных вывадаў рэктар Казулін рабіць ня хоча, хаця параўнаньні напрошваюцца самі.

(Казулін: ) “Калі затрымліваюць супрацоўнікаў унітарнага прадпрыемства кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, то аб гэтым не крычаць СМІ, асабліва дзяржаўныя. Хаця сумы там нашмат большыя, нават тыя, які прад’яўляюцца. Не на сотні тысячаў даляраў, а на мільёны”.

Аляксандар Казулін зазначыў, што ў БДУ усё было сумленна і чыста, і ён будзе адстойваць інтарэсы сваёй установы.

Пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу наконт крадзяжоў ва ўнітаным прадпрыемсве “Ўнідрагмэт БДУ”, якое зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, 5 лістапада.

Дырэктар гэтага прадпрыемства Георгій Корзун і ягоны намесьнік Вячаслаў Саньнікаў 13 кастрычніка былі затрыманыя, іх падазраюць у крадзяжы амаль 35 кіляграмаў золата. Нібыта гэтае золата было скарадзенае на працягу 2001 года пры рэалізацыі кантракта зь нямецкімі партнэрамі. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Як паведамілі ў пракуратуры, у сувязі з паказаньнямі затрыманых і аб’ектыўнымі зьвесткамі сьледзтва ў іх узьнікла неабходнасьць у допыце і рэктара БДУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG