Меркаваньні студэнтаў пра ўзровень адукацыі, якую яны атрымліваюць, падзяліліся ў залежнасьці ад курсу навучаньня. Першакурсьнікі найчасьцей задаволеныя, навучэнцы старэйшых курсаў выказваюцца не на карысьць айчыннай вышэйшай школы.
(Карэспандэнтка: ) “Ці адпавядае ўзровень адукацыі ў Беларусі міжнародным стандартам?”
(Юначка: ) “Я пакуль яшчэ вучуся на першым курсе і дакладна ня ведаю, Але мне падаецца, што цяперашні ўзровень адукацыі ў Беларусі дастаткова высокі”.
(Юнак: ) “Цяжка сказаць, але на мой погляд, на сёньняшні дзень не адпавядае. Калі браць РТІ, то так, адпавядае. Я студэнт унівэрсытэту народнай гаспадаркі. І наш унівэрсытэт ня цэніцца як міжнародны”.
(Юнак: ) “Мне падаецца, што не, бо ў нас мала ўвагі надаецца практыцы. Многія прадметы ўрэзаныя, і мы не атрымліваем патрэбнага аб’ёму ведаў. І ў гэтым, на маю думку, і ёсьць неадпаведнасьць”.
(Юнак: ) “Я вучуся ў пэдунівэрсытэце на першым курсе. І я лічу, што адукацыю ў гэтай установе я атрымаю на вельмі высокім узроўні”.
Некаторыя маладыя людзі трымаюцца думкі, што вышэйшая адукацыя ў Беларусі не прэстыжная ў сьвеце. Але ступень адукаванасьці студэнтаў у многім залежыць ад іх жаданьня атрымліваць веды, а не ад навучальных праграмаў.
(Карэспандэнтка: ) “Вышэйшая адукацыя ў Беларусі. Ці адпавядае яна міжнародным стандартам?”
(Юнак: ) “Добра ня ведаю, але лічу, што ў замежных студэнтаў адукацыя мае практычную скіраванасьць, а ў нас больш тэарэтычная. Але калі галава ёсьць, то і з нашай адукацыяй можна сябе выявіць”.
(Юначка: ) “Я лічу, што адукацыя дастаткова высокага ўзроўню. І тыя спэцыяльнасьці, якія мы атрымліваем тут, яны патрэбныя і на Захадзе. Таму й з нашымі дыплёмамі можна ўладкавацца на працу і на Захадзе — калі, натуральна, добра ведаць мову”.
(Юнак: ) “Міжнародным стандартам? Калі нашыя студэнты захочуць быць добрымі спэцыялістамі, то гэта ў большую чаргу залежыць ад іхнага жаданьня, ад іхнага ўменьня здабываць патрэбную інфармацыю. Ня важна які гэта будзе ўнівэрсытэт, якога ўзроўню. Усё залежыць ад чалавека, бо кожны працуе на сябе”.
(Юначка: ) “Мне здаецца, што эўрапейскім стандартам нашая адукацыя не адпавядае”.
(Юнак: ) “Адукацыя ў нас яшчэ савецкая. Але робяцца нейкія крокі, каб зрабіць яе эўрапейскай. Таму давядзецца крыху яшчэ пачакаць”.
Гэткія адказы студэнтаў на пытаньне “Ці лічыце вы, што айчынная вышэйшая адукацыя адпавядае міжнародным стандартам?”