Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЯДОМЫЯ Ў БЕЛАРУСІ ЛЮДЗІ ПАДТРЫМАЛІ АКЦЫЮ МАЛАДОГА ФРОНТУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

24 лістапада, у сёмую гадавіну рэфэрэндуму 1996 году аб зьмене Канстытуцыі, актывісты Маладога Фронту вырашылі правесьці ў Менску вулічную акцыю пратэсту пад назваю “Мы — супраць фальшывых рэфэрэндумаў!” Ідэю маладафронтаўцаў ужо падтрымалі вядомыя ў Беларусі палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч, Уладзімер Ганчарык, паэты Ніл Гілевіч і Генадзь Бураўкін, грамадзкі дзеяч Генадзь Грушавы ды іншыя вядомыя асобы. Яны падпісалі зварот да суайчыньнікаў з заклікам узяць удзел у гэтай акцыі. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Малады Фронт аб’яднаў усе апазыцыйныя групы, якія маюць паміж сабой вялікія супярэчнасьці. Аб’ядналі й “пяцёрку”, і дзеячоў эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”, і моладзь, і дзеячоў культуры. Так што, калі задаюць пытаньні, чым аб’яднаць апазыцыю — ідэаламі дэмакратыі, ідэаламі Эўропы? — адказ гучыць проста: дзеяньнем! Арганізуецца акцыя, яе падтрымліваюць, і ў выніку маем аб’яднаньне апазыцыі. Менавіта такім чынам мы плянуем аб’ядноўваць апазыцыю падчас вясновых акцыяў і бліжэй да выбараў”.

Лідэр маладафронтаўцаў таксама паведаміў, што ў часе вулічнай акцыі 24 лістапада яны правядуць апытаньне грамадзкай думкі на тэму трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Севярынец перакананы, што апазыцыі цяпер вельмі неабходныя актыўныя дзеяньні:

(Севярынец: ) “Мы разглядаем 24 лістапада як своеасаблівае выпрабаваньне перад шэрагам вясновых акцыяў, якія мы рыхтуем. Мы зноў жа лічым, што апазыцыя павінна паводзіць сябе куды больш актыўна, паводзіць сябе больш ініцыятыўна. І калі яе цяпер турбуе толькі пытаньне правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў, то гэткая пазыцыя прывядзе да паразы. Патрэбныя актыўныя дзеяньні”.

Арганізатары гавораць, што ўлады ўжо цяпер пачалі рэпрэсіі супраць іх калегаў. Адзін з заяўнікаў шэсьця на 24 лістапада Артур Фінкевіч атрымаў 15 сутак арышту за распаўсюд улётак. Тым ня менш, арганізатары сьцьвярджаюць, што правядуць гэтую акцыю ў цэнтры Менску нягледзячы на тое, дадуць улады на яе дазвол ці не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG