Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ АЛЬБОМ – “ВІЗА NRM”


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Апошні час менская кавярня “Камяніца” зрабілася Мэкай для беларускіх рок-музыкантаў. Тут даволі часта адбываюцца розныя імпрэзы, так ці іначай зьвязаныя зь сёньняшнім днём беларускай папулярнай музыкі. Вось чаму чарговая праграма “Па-за тактам” будзе адбывацца, як кажуць, зь месца падзеяў.

Менавіта тут, у кавярні “Камяніца”, адбываецца прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная выданьню чарговага альбому — альбому незвычайнага. Ён называецца “Віза “NRM” і прысьвечаны творчасьці групы “NRM”. У гэтым праекце ўдзельнічае мноства беларускіх гуртоў самай рознай стылёвай скіраванасьці, і таму будзе вельмі цікава, на маю думку, прасачыць, хто і як падыходзіў да стварэньня новыя вэрсіяў песень са спадчыны групы “NRM”.

Гэты трыб’ют — трэці ўжо ў гісторыі беларускай папулярнай музыкі. Якім чынам фармавалася ягоная задума, як вызначаліся калектывы — удзельнікі праекту? Пра гэта гаворыць адзін з ініцыятараў стварэньня альбому і ягоны сапрадусар Віталь Супрановіч (БМА груп)”.

(Віталь Супрановіч: ) “Былі пэўныя гурты, зь якімі мы ўжо супрацоўнічалі, таму, натуральна, адразу мы зьвярнуліся да іх. Было таксама цікава паспрабаваць працаваць з тымі, з кім мы раней не сутыкаліся. І самае цікавае, што першы гурт, які найбольш апэратыўна адрэагаваў і за свае грошы запісаў песьню, гэта быў гурт “Краски”.

(Падбярэскі: ) “Як мы пачулі, да ўдзелу ў праекце было запрошана вельмі шмат калектываў. Тым ня менш, запісы некаторых зь іх не патрапілі ў альбом. Віталь Супрановіч растлумачыў і гэта, у тым ліку і адносна адсутнасьці групы “Нэйра Дзюбэль”.

(Супрановіч: ) “Яны, на жаль, толькі цяпер падрыхтавалі песьню, але не пасьпявалі ўжо яе запісаць. Таксама не пасьпеў запісаць Валік Грышко, таксама ў нас былі прапановы да некаторых украінскіх гуртоў, як “Танок” і “Тартак”, але і яны таксама па часе не пасьпявалі зрабіць. Таму, можа быць, калі “NRM” ня будуць супраць, будзе яшчэ нейкі працяг гэтага трыб’юту”.

(Падбярэскі: ) “Канечне, галоўным героем усяго гэтага праекту засталіся ўдзельнікі самой групы “NRМ”, якім, уласна кажучы, быў пастаўлены помнік пры жыцьці. Як яны самі ставяцца да гэтай падзеі? Гэта я паспрабаваў высьветліць у Лявона Вольскага”.

(Лявон Вольскі: ) “Я перш за ўсё адчуваю няёмкасьць з нагоды таго, што я, нічога не зрабіўшы ў гэтым трыб’юце, сяджу тут пры стале замест тых людзей, якія маглі б распавесьці пра сваю работу і так не распавялі. Ну, я не адчуваю сябе ніякім мэтрам і, спадзяюся, што яшчэ доўгія гады мне гэта будзе неўласьціва”.

(Падбярэскі: ) “Ды ўсё ж сам факт выданьня гэтага трыб’юту — гэта прыемна?”

(Вольскі: ) “Гэта цікава, гэта зьява пазытыўная, таму што гэта ўсё ж падзея ў беларускай культуры ці контаркультуры, я ня ведаю; і чым болей такіх падзеяў адбываецца, тым лепей для Беларусі”.

(Падбярэскі: ) “А вось Піт Паўлаў, сам удзельнік “NRМ”, таксама выступіў у трыб’юце з адным з уласных праектаў — групай “Pete Paff”. Прычым падрыхтаваў ён ажно дзьве песьні, хоць у альбом трапіла толькі “Песьня пра каханьне”. У Піта я пацікавіўся, якія былі ягоныя адчуваньні, калі даводзілася па сутнасьці перайграваць сябе па-новаму?”

(Паўлаў: ) “Па-першая, справа была не перайграваць, а перасьпяваць. Галоўным для мяне было тое, што я перасьпяваў — іншымі сродкамі…”

(Падбярэскі: ) “Ты задушыў у сабе Піта Паўлава?”

(Паўлаў: ) “Не, не душыў! Нічога не душыў! Я іншы свой бок паспрабаваў паказаць, таму для мяне не было такіх сапраўдных цяжкасьцяў і перашкодаў”.

(Падбярэскі: ) “З адным з удзельнікаў гэтага трыб’юту — групай “PLAN” наогул здарылася вельмі непрыемная прыгода. Песьню “Маё пакаленьне” музыканты ўключылі і ў свой новы альбом, падтрымаць які спачатку згадзілася ААТ “Аліварыя”. Аднак сталася так, што музыканты мусяць цяпер шукаць новага спонсара. А вось з-за чаго — расказвае лідэр групы Андрэй Плясанаў”.

(Андрэй Плясанаў: ) “Чаго спужалася “Аліварыя” — на жаль, я ня ведаю дакладна. Бо яшчэ на тым тыдні я гаварыў з дырэктарам заводу, скончылася гэта тым, што я даслаў на эмэйл тэксты, потым цэлы тыдзень гэтыя тэксты вычытвалі намесьнікі дырэктара. І ў панядзелак была нарада, потым ніхто мне не адказаў, а адказаў сакратар: “На жаль, нам не спадабаліся вашыя тэксты, бо там ёсьць палітыка. А мы палітыкі не падтрымліваем”. А палітыка — так званая палітыка — гэта была песьня “NRM” “Маё пакаленьне” і можа, нейкі там намёк можна было знайсьці ў песьні “Ой, Дуся-Дуся”. Усё!”

(Падбярэскі: ) “Вядома, сустракаючы такія праявы цэнзуры, можно разгубіцца. Можна толькі здагадвацца, што ж такога небясьпечнага пачулі ў сапраўды выдатнай песьні “Маё пакаленьне” кіраўнікі “Аліварыі”. Аднак вернемся да трыб’юту. Салістку групы “Крыві” Вераніку Круглову і ўдзельнікаў “NRМ” зьвязвае шматгадовае сяброўства. Для трыб’юту Вераніка і група “Калахары” абралі даволі просты твор, але іх вэрсія — адна з найбольш творчых і цікавых”.

(Вераніка Круглова: ) “Я заўсёды была фанатам груп “Мроя” і “NRM”, я дасканала ведаю ўсе іх песьні, я дыхаю з гэтымі людзьмі адным паветрам, мне абсалютна нескладана… А чаму я выбрала менавіта гэтую песьню? Яна ні да чаго не абавязвае, яна проста “Ку-ку-ку, ля-ля-ля”. Я лічу, што гэта надзвычай народная песьня і як мы яе здолелі — сьветла, ад чыстага сэрца выканаць, так мы яе і выканалі. Гэта вельмі арганічна, гэтая музыка для нас — быццам нашая”.

(Падбярэскі: ) “Журналіст Дзьмітры Бескаравайны сам прымаў удзел у стварэньні трыб’юту “Віза “NRМ”. Вось што ён гаворыць пра месца падобных праектаў у сыстэме музычнага шоў-бізнэсу”.

(Дзьмітры Бескаравайны: ) “Пра тое, што ён разьвіваецца, сьведчыць колькасьць дыскаў, якія выйшлі за апошні час. Гэта па-першае. А трыб’юты — як род гэтага музычнага шоў-бізнэсу. Яны зьяўляюцца, яны маюць камэрцыйны посьпех, але галоўнае, на мой погляд, зьмяняюцца адносіны ў беларускай музыцы. Яе робіцца больш, яе больш выпускаюць, яе больш слухаюць, яе больш купляюць”.

(Падбярэскі: ) “Што можна зрабіць — пытаньне такое выключна тэарэтычнае, — каб тыражы беларускіх кампакт-дыскаў ад тысячы-дзьвюх тысяч вырасьлі да, скажам, дзесяці-дваццаці тысяч?”

(Бескаравайны: ) “Справа ў працы. Каб дыскі, якія выпускаюцца, адпавядалі крытэрам якасьці. З гэтым праблем менш. А па-другое, гэта праца па піяру ў прэсе, ратацыя на радыё, кліпы на тэлебачаньні. Гэта ўсё павінна рабіцца. Таксама справа ў бюджэтах, ў дачыненьнях. Гэта і розьніца ў падыходах. І ўсё гэта павінна рабіцца адначасова”.

(Падбярэскі: ) “І на заканчэньне — нешта накшталт кароткай рэцэнзіі. Безумоўна, трыб’ют “Віза “NRМ” можна назваць адной з найбольш значных падзеяў гэтага музычнага году. Піт Паўлаў, напрыклад, зьвярнуў увагу вось на які аспэкт”.

(Паўлаў: ) “Калі ласка, карыстайцеся, калі гэта некаму дапаможа. І я ўжо бачу, што камусьці гэта дапамагло проста павярнуцца да беларускай мовы”.

(Падбярэскі: ) “Разам з тым нельга не адзначыць, што зьмешчаны ў альбоме матэрыял вельмі няроўны. Далёка ня ўсе музыканты паставіліся да задачы творча, паказаўшы, што музыка “NRМ” — арэшак ня просты для аранжаваньня. Зубы зламаць, вобразна кажучы, на ім вельмі лёгка, што паказваюць запісы, напрыклад, тых жа “Кукол”, груп “Южный ветер” ці “Long Play”. Апошняя падчас канцэртнай прэзэнтацыі трыб’юту выглядала проста бездапаможна, паказаўшы нешта накшталт вучнёўскага практыкаваньня, але ніяк ня творчага пераасэнсаваньня. Так што прадусарам другога магчымага трыб’юту творчасьці “NRМ” варта паставіцца да прэтэндэнтаў больш патрабавальна і нават жорстка. Ня ўсё запісанае павінна трапляць у альбом”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG