Cёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе завяршыўся судовы працэс над віцебскімі сябрамі КХП БНФ, затрыманымі ў часе сьвяткаваньня сёлетніх Дзядоў. Аляксандру Салаўяну, як і астатнім пяці аднапартыйцам, якія ўсталёўвалі памятныя крыжы на месцах масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, судзьдзя Марына Марозава абвесьціла судовае папярэджаньне. А вось Уладзімера Плешчанку яна прызнала арганізатарам насанкцыянаванай акцыі ды прысудзіла яму штраф 150 базавых велічыняў, што складае амаль два з паловаю мільёна рублёў.
Віцебскія сябры КХП БНФ былі затрыманыя па дарозе на так званую Ўсьпенскую горку, дзе, паводле ўспамінаў віцебскіх старажылаў, былі расстраляныя сотні вязьняў тутэйшай турмы НКВД. Спадароў Плешчанку ды Салаўяна, якія несьлі туды памятны крыж, затрымаў асабіста начальнік Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Андрэй Пракаповіч.
Паводле спадара Плешчанкі, затрыманьне было незаконнае, бо ўсё, што зрабілі 2 лістапада сямёра апазыцыянэраў — гэта ўшанавалі памяць пра закатаваных землякоў. Таму й сёньняшні судовы вырак ён таксама лічыць незаконным. Дарэчы, агульная сума грашовых штрафаў, прысуджаных спадару Плешчанку ў асноўным за пікетаваньні каля “Сіняга дому”, разам з апошнім, сёньняшнім, складае ўжо каля 11 мільёнаў рублёў.
(Плешчанка: ) “Сёньняшняе пакараньне Кастрычніцкага раённага суду — усяго толькі адно з тых шматлікіх, якія я ўжо маю. Апратэстоўваць судовае рашэньне, на маю думку, таксама ня мае сэнсу, бо незалежных судоў у нас няма, і іхныя рашэньні заўсёды будуць на карысьць улады. Аднак гэтая справа ня скончаная, бо ў часе затрыманьня ў нас адабралі асабістыя рэчы — крыж, два сьцягі, малаток, рыдлёўку, лом… Яшчэ тыдзень таму мы зьвярнуліся да начальніка кастрычніцкага РАУСу Андрэя Пракаповіча з патрабаваньнем вярнуць рэчы. Аднак ён пачаў з нас зьдзекавацца, і цяпер мы зноў мусім зьвяртацца або ў міліцыю, або ў пракуратуру, каб маёмасьць усё ж вярнулі. Думаю, гэтая справа зацягнецца”.
Яшчэ адну, асабістую скаргу на дзеяньні міліцыянтаў падрыхтавала і затрыманая 2 лістапада Тамара Мамчыц: яна лічыць, што ў часе затрыманьня міліцыянты двойчы зьняважылі ейны гонар. Першы раз — калі зьдзекаваліся зь ейнае беларускае гаворкі, і другі — калі заявілі, што апазыцыянэры бяруць удзел у акцыях выключна за грошы.