У прэзэнтацыі сыроў, выраб якіх распачаўся ў Калінкавічах пры дапамозе польскіх партнэраў, сапраўды бачыцца ўвага ўладаў да заходніх інвэстараў. Іх ня так шмат у Беларусі і асабліва на Гомельшчыне. Між тым, сёлета Саўмін Беларусі абавязаў Гомельскую вобласьць прыцягнуць у эканоміку ў 40 разоў болей замежных інвэстыцыяў, чымсьці летась.
Гэта адзін бок мэдаля, але ёсьць і другі. Ён датычыць харчовых праблемаў. Справа не ў недахопе сыроў. У рэгіёне, апрача Калінкавічаў, цьвёрдыя сыры вырабляюць у Буда-Кашалёве, у Хойніках. Але гэныя сыры вельмі многія жыхары рэгіёну папросту ня хочуць купляць.
Асноўнае пытаньне – узровень радыяцыйнага забруджаньня. Калі ў разуменьні якасьць прадукту ня ўлічваць забруджанасьць прадуктаў радыёнуклідамі (маецца на ўвазе нават нарматыўная забруджанасьць, якая дарускаецца беларускімі нормамі), то тыя ж сыры з Хойнікаў і Буда-Кашалёву ня саступаюць іншай аналягічнай прадукцыі. У іх добрыя смакавыя якасьці і ўсе іншыя, як кажуць адмыслоўцы, арганалептычныя паказчыкі.
Аднак жыхары рэгіёну ведаюць, што ў сырах таго ж Хойніцкага сыраробчага камбінату ўтрымліваюцца гэтыя “нарматыўныя радыёнукліды”. І гэта ня толькі цэзій, але нярэдка і стронцый. З гэтай прычыны і аддаецца перавага сырам, якія вырабляюцца па-за межамі Гомельскага і, дарэчы, Магілеўскага рэгіёну, які таксама досыць моцна забруджаны пасьля Чарнобылю.
Сярод малочных прадуктаў у гамельчукоў асаблівым попытам карыстаецца “Савушкін прадукт” – гэта прадукцыя Берасцейскага малочнага камбінату. Яна, дарэчы, прызнана адпаведнай эўрапейскім стандартам. Канкурэнтаў ёй у Гомелі пакуль не знаходзіцца.