Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ТЫДНЁВІКА “ЛІТАРАТУРА І МАСТАЦТВА” НОВЫ РЭДАКТАР

Валянціна Аксак, Менск

Віктар Шніп быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара “ЛіМу” крыху больш году таму, калі ўлада гвалтоўна зьмяніла галоўных рэдактараў усіх дзяржаўных літаратурна-мастацкіх выданьняў ды аб’яднала іх у адну рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову (гэтак званы голдынг). Вестка пра ягоную адстаўку была даволі нечаканая ня толькі для спадара Шніпа, бо кіраваная ім газэта не вызначалася надзённымі публікацыямі і наагул не зьмяшчала твораў ды артыкулаў няўгодных цяперашняй уладзе аўтараў.

Сам спадар Шніп пракамэнтаваў нашаму радыё сваю адстаўку даволі ляканічна.

(Шніп: ) “Думак многа, але пакуль нічога не скажу”.

Наступнікам Віктара Шніпа прызначаны празаік Анатоль Казлоў. Новаму галоўнаму рэдактару сорак гадоў. Ён родам з Краснапольскага раёну Магілёўшчыны. Закончыў Гомельскі ўнівэрсытэт. Выдаў тры кнігі арыгінальнай прозы. Дарэчы, у час вучобы сябраваў зь вядомым цяпер праваабаронцам Алесем Бяляцкім. Прызначэньне студэнцкага сябра на кіроўную пасаду ў дзяржаўнай газэце спадар Бяляцкі ўспрыняў, як ён выказаўся, са стрыманым аптымізмам. Але камэнтаваць ня стаў.

Перад сваім цяперашнім прызначэньнем Анатоль Казлоў даволі доўга працаваў у часопісе “Маладосць”, галоўным рэдактарам якога быў гвалтоўна зьменены летась уладаю Генрых Далідовіч. Вось што ён сказаў нашаму радыё пра новае прызначэньне свайго былога супрацоўніка:

(Далідовіч: ) “Як у гэтых умовах ён павядзе сябе, я шчыра скажу, нават і ня ведаю. Быць галоўным рэдактарам “ЛіМу” — тут патрэбна быць ня толькі добрым літаратарам, але патрэбна быць і грамадзянінам. І трэба быць вельмі адказным, таму што ён павінен друкаваць думкі і пра гісторыю, і пра сучаснасьць, і думкі філязофскага пляну, і сацыяльнага, і рэцэнзіі, і артыкулы, і спрэчныя матэрыялы. Тут можна выкарыстаць трыбуну — для чаго хочаш. А можна трыбуны нікому і ня даць, замаўчаць. У гэтай сытуацыі я проста ня ведаю, я нават скажу шчыра, нейкім чынам маючы дачыненьне да ягонага літаратурнага лёсу, заўсёды яму спрыяўшы, нават за яго і хвалююся”.

Анатоль Казлоў быў не адзінаю кандыдатураю на кіраўніцтва “ЛіМам”. Называлася прозьвішча расейскамоўнага празаіка Ўладзімера Глушакова, потым у лімаўскіх кулюарах гаварылі пра літаратуразнаўцу і публіцыста Алеся Карлюкевіча, абмяркоўвалася і кандыдатура празаіка Алеся Камароўскага. Кіраўніцтва гэтак званага голдынгу, у які ўваходзіць “ЛіМ”, прызначэньне галоўнога рэдактара адзінай дзяржаўнай пісьменьніцкай газэты не ўзгадняла з Саюзам пісьменькаў. Зрэшты, сакратарыят Саюзу ня мае асаблівае цікавасьці да кадравых пераменаў у падцэнгурных дзяржаўных выданьнях, прызнаецца старшыня пісьменьніцкае арганізацыі Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Калі напраўду, я ўжо ня думаю пра “ЛіМ” як пра літаратурную газэту. “ЛіМ” я цяпер ня ведаю, што можа выратаваць. Хіба толькі цуд. А пакультакога цуду ня здарылася”.

Сустрэцца з самім новым рэдактарам “ЛіМу” нам пакуль не ўдалося.
XS
SM
MD
LG