Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ


Ул. інф.

Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі. 16 лістапада ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасьці аграпрамысловага комплексу... Бадай, для сьвята можна было б выбраць і больш простую ды ясную назву. Напрыклад, Дзень селяніна ці Дзень вяскоўца.

Гістарычныя даты.

16 лістапада 1582 году маскоўскі цар Іван Жахлівы забіў свайго сына Івана. Кажуць, што цар выпадкова кінуў у сына сваё царскае жазло і тое прабіла яму скронь. Сьмерць сына выклікала ў цара адчай, бо ён такім чынам пазбавіўся спадкаемцы. Другі сын – Фёдар – быў няздольны кіраваць краінай.

16 лістапада 1812 году армія Напалеона фарсіруе Бярэзіну. Цяпер у тым месцы ёсьць памятны знак, а беларускія гісторыкі не спыняюцца шукаць скарбы, якія францускі імпэратар нарабаваў у Маскве і нібыта закапаў недзе ў ваколіцах Бярэзіны, адступаючы пад націскам расейскага войска.

А 16 лістапада 1848 году ў Лёндане дае свой апошні канцэрт Фрэдэрык Шапэн. Ён ужо цяжка хворы і жыць яму застаецца год. Памрэ Шапэн у Парыжы.

16 лістапада 1982 году памёр Андрэй Макаёнак, ганараваны савецкі драматург, п'есы якога ішлі ў тэатрах усяго Савецкага Саюзу.

А яшчэ ўчора споўнілася 110 гадоў з дня нараджэньня Леанілы Чарняўскай, дзіцячай пісьменьніцы і жонкі клясыка беларускае літаратуры Максіма Гарэцкага; 105 гадоў ад нараджэньня Вінцука Гадлеўскага, беларускага рэлігійнага дзеяча і палітыка; 80 гадоў з дня нараджэньня філёзафа Мікалая Крукоўскага.

І цяпер – пра сёньняшні каляндар.

17 лістапада ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў.

Сёньня спаўняецца 175 гадоў, як у маёнтку Станькава каля Койданава прыйшоў на сьвет Эмэрык Чапскі. Ён стане дзяржаўным дзеячом і мэцэнатам, а таксама выбітным калекцыянэрам, створыць у сваім Станькаве музэй старажытнасьцяў. Сёньня ў Станькаве ад графа Чапскага засталіся толькі парк і будынак музэя, а сама ягоная калекцыя раскіданая па ўсім сьвеце.

Таксама сёньня – 110 гадоў з дня нараджэньня Кастуся Езавітава – выдатнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэньня, і 65 гадоў ад нараджэньня беларускага кінарэжысэра Вадзіма СукмАнава. На кінастудыі Беларусьфільм Сукманаў працаваў з 1968 году, быў ляўрэатам міжнародных прэміяў, атрымліваў прызы ў Лёндане, Будапэшце, Маскве, Жэнэве. Варта згадаць ягоныя фільмы, прысьвечаныя Коласу, Маўру, Быкаву, Барадуліну. Зьняў Вадзім Сукманаў і фільм пра беларускую Вільню.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG