Варта нагадаць, што не стаіць пытаньне пра ўступленьне, але афіцыйны Менск дамагаецца аднаўленьня гэтага статусу – ён быў пазбаўлены яго ў 1997 годзе. Пры Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы створаная адмысловая камісія для высьвятленьня абставінаў зьнікненьня вядомых асобаў у Беларусі.
Нядаўна яе кіраўніку расейскаму праваабаронцу Сяргею Кавалёву адмовілі ў праве прыезду ў Беларусь, якую наведаў толькі адзін сябра ПАРЭ – дэпутат з Кіпру Пургурыдэс, які па выніках паездкі сказаў, што Эўропа павінная ўведаць праўду пра зьніклых і ціснуць на Беларусь у пытаньні дэмакратызацыі.
Раней афіцыйны Менск дамагаўся права для Нацыянальнага сходу прадстаўляць Беларусь у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, статус быў прыпынены ў зьвязку з гвалтоўнай зьменай Канстытуцыі ў выніку рэфэрэндуму 1996 году і пасьля гэтага цягам некалькіх гадоў Беларусь прадстаўляў Вярхоўны Савет.
Сёлета Нацыянальны сход атрымаў гэтае права і ўжо на самай першай парлямэнцкай асамблеі АБСЭ з удзелам прадстаўнікоў афіцыйнага Менску ў ліпені ў Ратэрдаме адбыўся скандал – запрошаныя для ўдзелу у дыскусіі пра зьмены ў беларускім выбарчым заканадаўстве дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на чале з Уладзімерам Канаплёвым праігнаравалі паседжаньне, чым выклікалі рэзкую крытыку кіраўніцтва Асамблеі і ўплывовых у ёй палітыкаў.
На паседжаньні выступіў толькі прадстаўнік фракцыі “Рэспубліка” Сяргей Скрабец, які быў запрошаны для ўдзелу ў дэбатах асобна.