Ім будзе дадзеная магчымасьць зрэалізаваць свае праекты ў самых галіне мас-мэдыяў і грамадзкіх сувязяў. Пра мэту кампаніі распавядае адна зь яе арганізатарак галоўная рэдактарка часопісу “Студэнцкая думка” Ірына Віданава:
(Віданава: ) “Мэта ў тым, каб творчыя маладыя людзі атрымалі магчымасьць для выкіду сваёй творчай энэргіі. У выніку яны створаць сваё бачаньне беларускай мары. І створаць яны гэта праз стварэньне відэароліку — прэзэнтацыя свайго пакаленьня і мары свайго пакаленьня пра будучыню ў Беларусі. Акрамя таго, мы спадзяемся, што нашая кампанія дапаможа зрабіць вядомымі нейкую групу людзей”.
Раскрутка кампаніі “Рабі. Сябе. Сам” пачалася чатыры дні таму даволі арыгінальным чынам. Гаворыць каардынатар кампаніі Сяргей Сахараў:
(Сахараў: ) “У месцах масавага скапленьня моладзі зьяўляліся 3–4 маладыя чалавекі, раздавалі налепкі з надпісам “Рабі. Сябе. Сам”, і гэтак жа нечакана зьнікалі, як і зьяўляліся. На ўсе пытаньні маладыя людзі адказвалі: “Усё пойдзе паводле твайго сцэнару”. І прапаноўвалі чакаць пятніцы”.
Маладыя і актыўныя людзі ад 16 да 25 гадоў, якія захочуць удзельнічаць у кампаніі, могуць зарэгістравацца на афіцыйным сайце кампаніі studumka.com, альбо запоўніць рэгістрацыйную форму, якая будзе надрукаваная ў “Комсомольской правде в Белоруссии”. Пасьля адбору камандаў-удзельніцаў з маладымі людзьмі правядуць майстар-клясы найлепшыя прафэсіяналы ў галіне рэклямы, PR, тэле- і радыёвытворчасьці. Кампанія “Рабі. Сябе. Сам” завершыцца на каталіцкія Каляды прэзэнтацыяй відэа- і аўдыё-ролікаў, фотасэсіі і слогану на тэму “Беларуская мара вачыма маладых”.
Арганізатары акцыі абапіраюцца да досьвед кампаніяў, якія праводзіліся ў Славаччыне падчас выбараў для актывізацыі моладзі, якая спалучала выкарыстаньне рок-культуры для прыцягненьня моладзі да актыўнай грамадзка-палітычнай пазыцыі, а таксама іншых грамадзкіх кампаніяў. Сяргей Сахараў адзначыў, што арганізатары “Рабі. Сябе. Сам” чакаюць, што гэтая грамадзкая кампанія будзе якасна адрозьнівацца ад шэрых рэаліты-шоў, якіх цяпер ідуць на беларускіх тэлевізійных каналах.