Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛААЗЁРСКУ ПАЧАЎСЯ ПЕРАСЬЛЕД ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ДЭПУТАТАЎ

Уладзімер Глод, Менск

Белаазёрскі гарадзкі савет адзіны ў Беларусі, дзе большасьць маюць дэпутаты з дэмакратычнымі поглядамі. Восем з трынаццаці абраных дэпутатаў уваходзяць у групу “Ініцыятыва”. Гаворыць сябра групы, пэдагог-псыхоляг Спораўскай сярэдняй школы Віталь Прыхач:

(Прыхач: ) “За тое, што я 4 лістапада пайшоў на сэсію, якая ў нас была скліканая, я атрымаў вымову на працы ад дырэктара. Перад гэтым я папярэдзіў намесьніка дырэктара, што мяне ня будзе, што я пайду на сэсію, тэлефанаваў неаднаразова і дырэктарцы, і намесьніку. А на наступны дзень адпаведны дакумэнт, падпісаны намесьнікам старшыні гарсавету Юрасём Губарэвічам, я прынёс ёй. Я яшчэ зьяўляюся старшынём прафсаюзнай арганізацыі гэтай школы, і паколькі ўсё было без узгадненьня, я адмовіўся падпісваць гэты загад. Дырэктарка выклікала двух сьведкаў, і ў кнізе загадаў запісалі вымову. На дырактэрку ціснуць, яе выклікаюць у раён”.

Аналягічная сытуацыя і з выкладчыцай Белаазёрскай сярэдняй школы №3 Натальляй Акаронкай. Яна таксама атрымала вымову.

Намесьнік старшыні гарсавету Юрась Губарэвіч зьвязвае ціск на дэпутатаў з тым, што на 23 лістапада ў Белаазёрску прызначаныя давыбары. У гарсавеце ёсьць яшчэ 12 вакантных месцаў, і першапачаткова 10 кандыдатаў з дэмакратычнымі поглядамі мелі намер уключыцца ў барацьбу за мандаты.

(Губарэвіч: ) “Дзесяцёра падавалі заявы, адзін зьняўся яшчэ да моманту рэгістрацыі, трое зьняліся ўжо пасьля яе. Прычына агульная — ціск па месцы працы. І гэтае пытаньне ставіцца вельмі жорстка”.

Тым часам лідэры кааліцыі “Пяцёрка+” заклікалі офіс АБСЭ ў Менску правесьці маніторынг перадвыбарчай сытуацыі ў Белаазёрску.
XS
SM
MD
LG