Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПРЫМУШАЮЦЬ ДРУГІ РАЗ ПЛАЦІЦЬ ЗА ЗЯМЛЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“Зямельным перадзелам” называюць многія жыхары Менску і паселішчаў вакол сталіцы тое, што адбываецца зь іхнымі зямельнымі участкамі, якія ўжо былі прыватызаваныя і выкупленыя ў дзяржавы.

Сярод ахвяраў гэтага перадзелу Надзея Кучарава з пасёлку Сеньніца. Пры канцы 1990-х гадоў яе сын Аляксандар як інвалід войска атрымаў 15 сотак пад забудову дома і выкупіў гэтую зямлю за льготны кошт. Але потым сын памёр. Участак, на якім ён пасьпеў пабудаваць толькі фундамэнт, Надзея Кучарава прадала. Нядаўна яна атрымала зь Сеньніцкага сельсавету патрабаваньне заплаціць за зямлю яшчэ 800 тысяч рублёў — нібыта раней кошты былі падлічаныя недакладна. Плаціць жанчына адмовілася, бо проста ня мае такіх грошай.

(Кучарава: ) “Я пэнсіянэрка, адкуль у мяне такія грошы? Апошнія гады я даглядала бацькоў-інвалідаў, помнік сыну паставіла, вось і ўсе мае запасы скончыліся. Таму я і адмовілася плаціць. Што будзе, тое і будзе. Хай тады чатыры гады ў мяне з пэнсіі вылічваюць гэтыя грошы”.

Сеньніцкі сельсавет падаў на жанчыну ў суд. Калі яна прыйшла на працэс, то даведалася, што не адна стала падобнай ахвярай. Аднак усіх, хто адмовіўся паўторна плаціць за сваю зямлю, Менскі раённы суд не падтрымаў. Рашэньне суду аб спагнаньні зь яе 800 тысяч рублеў Надзея Кучарава абскардзіла ў абласным судзе. Сёньня, калі мы зь ёй размаўлялі, жанчына яшчэ ня ведала, што і абласны суд стаў на бок сельсавету. А мне не хапіла сілаў паведаміць ёй навіну, якая відавочна яе зьбянтэжыць.

Праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, які кансультаваў пацярпелых землеўладальнікаў, сьцьвярджае, што гэтыя судовыя рашэньні не заснаваныя на законе:

(Гулак: ) “Гэта прававы нонсэнс. Бо ён супярэчыць асновам права, супрэчыць пэўным законам і Канстытуцыі. Таксама можна прыняць пастанову, што кошты на малако былі занізкія і нейкім чынам зьбіраць зь людзей грошы”.

Старыя кошты на зямлю, паводле якіх грамадзяне прыватызавалі свае ўчасткі, былі зацьверджаныя ўрадам у 1998 годзе. А праз год парлямэнт прыняў Зямельны кодэкс, у якім указана, што далей кошты павінны ўзгадняцца з прэзыдэнтам. Але такое ўзгадненьне адбылося толькі на пачатку 2003 году, і толькі ў сакавіку зьявілася пастанова ўраду з новымі коштамі. Між тым, амаль пяць гадоў прыватызацыя зямлі не спынялася. Увесь гэты час дзейнічалі, зразумела, кошты 1998 году. І вось чыноўнікі спахапіліся і вырашылі, што казна страціла шмат грошай.

Цяпер, паводле падлікаў Алега Гулака, больш як тысячу ўладальнікаў зямельных участкаў пад Менскам абклалі дадатковай платай за зямлю. У сярэднім зь іх патрабуюць заплаціць ад 100 да 500 даляраў. Дзясятая частка ўладальнікаў зямлі плаціць адмовілася і спрабуе праз суды даказаць, што да іх паставіліся незаконна. Але пакуль ніхто зь іх суду ня выйграў. Алег Гулак з БХК кажа, што гэтаму ёсьць пэўнае тлумачэньне.

(Гулак: ) “Судовая сыстэма дэманструе сваю заангажаванасьць у гэтай справе. Паводле неафіцыйных зьвестак, пытаньне ўзгодненае на самым высокім узроўні”, — мяркуе Алег Гулак і цытуе даручэньне Аляксандра Лукашэнкі кіраўніку Менскай вобласьці Мікалаю Дамашкевічу ад 14 красавіка гэтага году, у якім даручана спагнаць розьніцу ў коштах на зямлю.

Паводле праваабаронцы, гэты дакумэнт дасылаецца судзьдзям, каб у іх не было сумневу наконт волі кіраўніцтва ў зямельным пытаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG