Больш за 10 гадоў беларускае войска заставалася па-за ўплывам ідэалягічных структураў. Аднак сёлета ў красавіку Аляксандар Лукашэнка даручыў Міністэрству абароны садзейнічаць БРСМ у справе стварэньня гэтак званых “пярвічак” ва ўзброеных сілах. Паўгоду вёўся падлік колькасьці бээрэсэмаўцаў у злучэньнях і частках беларускага войска, і ўрэшце было абвешчана, што дзеля стварэньня першасных арганізацыяў склаліся надзвычай спрыяльныя ўмовы: калі летась у войску служыла толькі некалькі бээрэсэмаўцаў, то цяпер іхная колькасьць пераваліла за сем сотняў.
З улікам таго, што статут арганізацыі вызначае магчымасьць стварэньня “пярвічкі” пры наяўнасьці ня меней трох членаў, то цяпер, паводле ЦК БРСМ, ячэйкі можна ствараць у 23 вайсковых частках. Між тым, у Міністэрстве абароны пакуль ня могуць патлумачыць, калі чакаць масавага дэсанту нашчадкаў камсамолу ва ўзброеных сілах. Гаворыць прадстаўнік міністэрства Леанід Захаранка:
(Захаранка: ) “Пакуль што гэта заявы аб намерах. Але гэта грамадзкая арганізацыя — што зь яе, па сур’ёзным рахунку, возьмеш? Да таго ж, я абсалютна ня ведаю, што гэта за арганізацыя; ня ведаю ні іхных задачаў, ні што яны спрабуюць вырашыць. Пакуль гэта ўсё размовы”.
Адрозна ад скептыцызму міністэрскага прадстаўніка, маладыя чыноўнікі з БРСМ настроеныя рашуча. Ужо да 1 сьнежня ў рамках дзяржаўна-прававой падрыхтоўкі плянуецца правесьці заняткі дзеля вывучэньня кіроўных дакумэнтаў БРСМ з ваеннымі ўсіх катэгорыяў. З гэтай прычыны на парадку дня вайскоўцаў адбудуцца істотныя карэктывы. Двухбаковае супрацоўніцтва мае на ўвазе, што прадстаўнікі Мінабароны будуць браць удзел у працы бюро, камітэтаў і пленумаў тэрытарыяльных арганізацыяў і вышэйшых органаў БРСМ.
Кіраўнікам жа БРСМ будзе дазволена ўдзельнічаць у паседжаньнях ваенных саветаў і калегіяў Міністэрства абароны ў часе абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з патрыятычным і духоўна-маральным выхаваньнем моладзі. Кіраўніца арганізацыі “Маладыя сацыял-дэмакраты” Марыя Азаронак лічыць, што маладым людзям папросту навязваюць новую ідэалягічную форму існаваньня, нават не запытаўшыся, хочуць яны таго альбо не.
(Азаронак: ) “Людзі павінны выбіраць: дзе служыць і ці служыць увогуле. А калі служыць, то прафэсійна. Ідэалягічная накачка ў любым выпадку не патрэбная, гэта перабольшаньне. Асноўныя дысцыпліны (тую ж гісторыю Беларусі) увесьці ў курс падрыхтоўкі было б можна, але тое, што адбываецца — відаць ужо, якія наступствы гэта будзе мець. Калі да справы паставіцца цьвяроза, без залішняга энтузіязму дзяржавы, можна было б зрабіць пэўныя станоўчыя захады ў войску”.
Першыя арганізацыі БРСМ плянуецца стварыць у 72-м гвардзейскім навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў, у Вайсковай акадэміі, у 38-й і 103-й мабільных брыгадах. Але з улікам павелічэньня сумесных мерапрыемстваў, праводжаных “цывільнымі” і “вайскоўцамі”, геаграфія ідэалягічнай прысутнасьці будзе істотна пашыраная.