Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БЯСЬПЕЧНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ ДАРОГІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адмыслоўцы “Белаўтадару” вызначылі больш за сто найбольш небясьпечных частак беларускіх дарог і цяпер спрабуюць зьмяніць становішча на іх да лепшага. Як гэта зрабіць, будзе вырашацца сёньня на адмысловай нарадзе зацікаўленых ведамстваў, прысьвечанай праблеме бясьпекі беларускіх дарогаў.

У Беларусі больш за 80 тысяч кілямэтраў рэспубліканскіх і мясцовых дарогаў. Гэта амаль столькі ж, колькі ў Фінляндыі, але там пры ўдвая большай колькасьці аўтамабіляў у пяць разоў меншая аварыйнасьць. А ў Беларусі на дарогах гіне штогоду больш за 1100 чалавек — гэта адзін з найгоршых паказьнікаў у Эўропе. Адмыслоўцы вызначылі складнікі праблемы вялікай аварыйнасьці: нізкая культура язды, зношанасьць аўтапарку, вялікі адсотак нецьвярозых кіроўцаў.

Таксама ў вялікай ступені ўплывае на аварыйнасьць на дарогах іх дрэнны стан. Небясьпечнымі часткамі рэспубліканскіх дарог плянуюць заняцца ў першую чаргу, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар “Белаўтадару” Васіль Курловіч:

(Курловіч: ) “Мы імкнемся выконваць такія дарожныя працы, каб заўважна зьнізіць напружанасьць на гэтых кавалках дарогаў. Своечасова рамантаваць пакрыцьцё, інжынэрныя пабудовы, ініцыюем усталяваньне там дадатковых дарожных знакаў. Але гэтага часта недастаткова. Трэба кардынальна перагледзець падыходы да арганізацыі руху на гэтых участках і сапраўды яго зьмяніць, што запатрабуе шмат намаганьняў розных ведамстваў і грошай”.

Пакуль жа, паведаміў прэсавы сакратар “Белаўтадару”, выдзеленых дзяржавай сродкаў амаль хапае на тое, каб падтрымліваць у парадку ўжо існоўныя дарогі.

У Беларусі штогод уўводзяць і новыя дарогі. Летась была ўведзеная кальцавая дарога вакол Менску, якая паводле набліжаецца да міжнародных стандартаў, у тым ліку і ў пытаньнях бясьпекі. Цяпер дарожнікі сталіцы працуюць дзеля таго, каб міжнародным стандартам адпавядалі і выезды зь Менску. Ужо гэта зроблена ў 30-кілямэтровай зоне вакол гораду, а да 2005 году будзе зроблена на 50 кілямэтраў. На жаль, на большае грошай няма, скардзяцца дарожнікі.

Свае прапановы дзеля большай бясьпекі на дарогах рыхтуе і дарожная аўтаінспэкцыя. Пра іхныя ідэі стане вядома пасьля нарады. Даішнікі кажуць, што горш пасьля іх парадаў ня будзе і ставяць за прыклад увядзеньне правіла езьдзіць зімой толькі з уключанымі фарамі; ёсьць зьвесткі, што аварыйнасьць у першую дэкаду лістапада сапраўды зьнізілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG