Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 14 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год:

“Шлю шчырае павіншаваньне у 8 гадаўшчыну “Нашай нівы”, хачу ей многа, многа гадоў лепшаго жыцьця ды і далей так мудра і дэмократычна працаваць, як працавала дагэтуль на ніве ешчэ цёмнай нашай Беларусі. Я веру, што доўга так жыць нельга, што гэтак век ня будзе, што скора скрозь чорныя тучы і цьму прагляне ясьненькае і цёпленькае соўнейка і сагрэе надзеяй на лепшую долю і шчасьце усіх беларусоў”.

“Віцебскі пралетар”, 1933 год. Пра рэпэртуар БДТ-1, п’есу “Бацькаўшчына”:

“Не зусім выразна ў п’есе паказана роля рабочых. Апрача Цывіна (актор Зораў), які выконвае ролю большэвіка-падпольшчыка, ніхто з рэволюцыянэраў-рабочых не паказан. Упушчэньнем па мойму зьяўляецца ў ролі Цывіна тое, што ён у хаце Гушкі не паспрабаваў растлумачыць думку аб панскім лёсе, які “ня грэе” селяніна. Гэтым ён мог-бы адкрыць вочы жонцы Гушкі, несьвядомай забітай сялянцы. Надзвычай цікавы і выразны вобраз шпіка-паліцэйскага дае актор Былінскі. Гэта, па маёй думцы, — удалы вобраз у п’есе. П’еса “Бацькаўшчына” палітычна вытрыманая, вельмі карысная і дае рабочаму гледачу яскравае ўражаньне аб становішчы і жыцьці дарэвалюцыйнага селяніна”.

“Настаўніцкая газета”, 1973 год. Пра перадачу “Культура заходніх зямель Русі ў ІХ–ХІІІ ст.” для 7 клясы:

“У перадачы асьвятляюцца наступныя пытаньні пляну: агульнасьць культуры старажытнай Русі, пісьменнасьць, мастацкае рамяство, архітэктура. Па ходу перадачы вучні будуць азнаёмлены з узорамі пісьменства старажытнай Русі, зь берасьцянымі граматамі, надпісамі на камянях. Расказ аб мастацкім рамястве суправаджаецца паказам вырабаў ювэліраў, рэзчыкаў па дрэву і камяню. Сяміклясьнікі пазнаёмяцца са старажытнымі архітэктурнымі помнікамі Полацку, Горадні, Віцебску і іншых гарадоў. Вучням будзе прапанавана параўнаць помнікі архітэктуры заходніх абласьцей Русі, Кіева, Ноўгараду, Бізантыі і Заходняй Эўропы. Гутарка па матэрыялу перадачы праводзіцца па пытаньнях, якія паставіць вядучы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG