Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УКРАІНСКІЯ ХАРЧЫ КАРЫСТАЮЦЦА Ў ГОМЕЛІ ВЯЛІКІМ ПОПЫТАМ


Казімер Яноўскі, Гомель

Шырокая экспансія прадуктаў на гомельскія рынкі пачалася, бадай, з расейскага таннага хлеба. Калі ў абласны цэнтар і памежныя раёны сталі завозіць яго да 30 тонаў, аблвыканкам адмысловымі рашэньнямі пачаў абмяжоўваць увоз. Аднак і дагэтуль расейскі хлеб дробныя прадпрыймальнікі прадаюць блізу рынкаў і на найбольш ажыўлённых вуліцах.

Прыбавілі пакупнікоў і ўкраінскія прадукты. Апрача традыцыйных малочных прадуктаў, алею ды сала, украінцы прывозяць апошнім часам каўбасы, цукеркі, грэцкія арэхі, масла. Зьявілася ўжо і гарэлка “Пшанічная” вытворчасьці Белацаркоўскага заводу, што пад Кіевам. Каштуе яна ўсяго дзьве з паловай тысячы беларускіх рублёў.

Распавядае гомельская жыхарка Людміла:

(Людміла: ) “Нас хахлы кормяць. Усё даюць нам – і выпіць, і закусіць, і сала, і мяса”.

Словы гомельскай жыхаркі пацьвярджае ўкраінская прадавачка:

(Прадавачка: ) “Усё на сьвеце бяруць. Масла бяруць, цукеркі – усё. У нас таньней, а ў вас усё дорага”.

Уздоўж вуліцы Карповіча, адразу за агароджай Цэнтральнага рынку, выстраіліся дзясяткі гандляроў украінскімі прадуктамі. Яны прадаюць харч з торбаў і вазкоў. Раптам нехта выкрыкнуў: “Міліцыя!”, і гандляры з торбамі сталі ўцякаюць на працілеглы бок вуліцы.

Слухаю рэакцыю людзей на дзеяньні ахоўнікаў.

(Жанчына: ) “Ганяюць, як сабак. Як жандармы якія ходзяць!”

(Мужчына: ) “Машыну ўкралі – ніхто ня можа знайсьці. А як ганяць, дык ганяюць з вугла ў вугал. На гэта яны здатныя. Уся нашая палітыка!”

Нягледзячы на такі экстрэмальны незаконны гандаль, гамельчукі ўсё-ткі купляюць прывазныя прадукты. Папросту таму, што яны таньнейшыя на 25%-30% за адпаведныя беларускія.

(Вера Анісімаўна: ) “Што таньней, тое і бяру – маргарын, масла. Купляю і расейскія прадукты, і ўкраінскія. Хто таньней прадасьць, у таго і бяру. Таньней на якую капейку, і мы ўжо радыя. Мы рабы, рабы мы”.

А вось што распавяла жанчына-пэнсіянэрка, якая не назвала сябе:

(Пэнсіянэрка: ) “Я атрымала пэнсію, разьлічылася за кватэру і ў мяне засталося 15 тысячаў. Да 11 сьнежня мне трэба жыць. Чым я магу харчавацца? Ні на хлеб ня хопіць, ні на ваду – солі купіць толькі. Адно выйсьце: узяць вяроўку ды на шыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG