Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ШКОЛА Ў РЫЗЕ МАЕ АДЗІН ПАДРУЧНІК БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ НА ЎСЮ КЛЯСУ


Ігар Карней, Менск

Беларускіх дзяржаўных школаў па-за межамі краіны вельмі мала. Сярэднія навучальныя ўстановы працуюць у Вільні, Рызе і на польскім Падляшшы. Геаграфія “нядзельных” школаў болей шырокая — Расея, Украіна, Эстонія. Але самі беларусы, якія там жывуць, называюць гэтыя клясы ня болей як “гурткамі па інтарэсах”.

Дырэктарка беларускай школы ў Рызе Ганна Іванэ крыўдуе, што іншыя, нашмат меншыя колькасна дыяспары, маюць у Латвіі асобныя будынкі, беларуская ж арандуе плошчы ў дзіцячым садку на ўскрайку гораду. Яна таксама распавяла, што апошнія гады вучні старэйшых клясаў беларускай школы ў Рызе ўвогуле займаюцца па адным падручніку беларускай літаратуры: навучальныя дапаможнікі зь Менску ў Рыгу трапляюць хіба выпадкова.

(Іванэ: ) “Міністэрства адукацыі ўсе стасункі з нашай школай ажыцьцяўляе праз амбасаду, таму мы маем толькі тое, што нам амбасада прывязе зь Менску: няма ж свайго транспарту, каб паехаць самім і прывезьці. Так што, мяркую, амбасада проста не настолькі сур’ёзна да нас ставіцца, каб хоць бы падручнікі прывезьці. Калі б тыя людзі маглі паклапаціцца, прынамсі, адкласьці падручнікі — можа, было б інакш”.

(Карэспандэнт: ) “А хтосьці зь дзяцей супрацоўнікаў амбасады навучаецца ў гэтай школе?”

(Іванэ: ) “На жаль, не. Гэтыя людзі беларускай школы, прабачце, як чорт крыжа баяцца. І таму нам вельмі складана: каб іхныя дзеці тут вучыліся, нам, безумоўна, было б прасьцей”.

Днямі беларускую школу ў Рызе наведалі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сябра АГП Людміла Гразнова кажа, што нават не магла ўявіць сабе тых умоваў, у якіх вучацца 82 вучні і працуюць каля дзесяці выкладчыкаў — людзей, якія, насуперак абставінам, спрабуюць захаваць гэтакім чынам сваю нацыянальную адметнасьць.

(Гразнова: ) “Дзяржава беларуская ніякай дапамогі школе не аказвае. А школа гэтая вельмі добрая; там працуе такі ж калектыў энтузіястаў, як і ў нашым Нацыянальным ліцэі. Што цяпер ім найперш патрэбна? Беларускія кнігі, падручнікі, нацыянальныя строі: старыя касьцюмы знасіліся, няма ў чым выступаць на сьвятах. Калі людзі гэта маюць, калі ўсё ляжыць бяз справы, то можна ахвяраваньні прынесьці ў штаб АГП, а мы ўсё перашлём дырэктарцы беларускай школы ў Рызе”.

Кіраўніца беларускай школы Ганна Іванэ падкрэсьлівае, што міністэрства адукацыі Латвіі падтрымлівае гэтую школу значна больш, чым беларускае міністэрства. Але вечна спадзявацца на такое стаўленьне не выпадае.

(Іванэ: ) “Мы ўвогуле ім вельмі дорага каштуем: школа маленькая, клясы таксама, а трэба аплачваць заробкі, падручнікі. Латыскі бок увесь час ушчувае нас за колькасьць, бо няма права наогул трымаць такую малую школу. Мы пакуль што трымаемся. Нягледзячы на вялікую колькасьць беларусаў, якія тут жывуць, ніхто чамусьці ў сваю школу дзяцей не аддае. Але тое, што ў Беларусі адбываецца, бумэрангам б’е па нас. У Рызе ёсьць украінская школа, літоўская, эстонская. І гэта ўжо зусім іншыя школы — яны нават па-іншаму выглядаюць, бо іх падтрымліваюць свае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG