Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ АФІЦЭР МІЛІЦЫІ АТРЫМАЎ ЧАТЫРЫ ГАДЫ “ХІМІІ” ЗА СЬМЕРЦЬ ЧАЛАВЕКА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Старэйшы лейтэнант міліцыі Алег Сіняк, якому яшчэ не было 22 гадоў, аўтамабілем зьбіў 20-гадовую Алену Мацяйчук, якая загінула на месцы, а ён нават не спыніў аўтамабіль.

Гэта адбылося 10 жніўня. Неўзабаве злачынцу знайшлі. Амаль тры месяцы доўжылася сьледзтва, днямі Ваўкавыскі раённы суд вызначыў для былога афіцэра пакараньне—абмежаваньне свабоды тэрмінам на чатыры гады. На судзе прысутнічаў слонімскі журналіст Мікола Канановіч.

(Канановіч: ) “Мне даводзілася размаўляць падчас працэсу з тымі, хто быў выступаў з пацярпелага боку. Што датычыць міліцыянтаў, якія праходзілі сьведкамі, яны ўсе як па нотах адрэпэціравана давалі завучаныя паказаньні ў судзе”.

Мікола Канановіч зазначае: бяззбройным вокам было бачна, што яны, напэўна, добра абгаварылі паміж сабой—што ім казаць.

Пракурор сьцьвердзіў у судзе наступнае: Алег Сіняк быў нападпітку, рухаўся на хуткасьці ня менш за сто кілямэтраў у гадзіну, зьбіў дзяўчыну, але не спыніўся, каб аказаць ёй дапамогу. Пракурор запатрабаваў максымальную меру пакараньня—пяць гадоў абмежаваньня свабоды.

У дзень здарэньня Сіняк адзначаў з калегамі падвышэньне ў званьні, ён стаў старэйшым лейтэнантам. Аднак у судзе яны сказалі, што нібыта ня бачылі, каб ён піў.

Увечары пасьля сьвяткаваньняў ён узяў машыну жонкі іншага міліцыянта, якая прысутнічала на пагулянцы, і з п’яным калегам паехаў у горад. Паездка скончылася забойствам дзяўчыны, якая загінула адразу. Машыну моцна штурханула, але Сіняк сказаў, што падумаў, быццам у шыбу трапіў камень, і спалохаўся, што пашкодзіў чужую машыну.

Віну абцяжарвала гарэлка, але ён сказаў, што нібыта выпіў са спалоху толькі пасьля здарэньня.

Старшага лейтэнанта адразу звольнілі зь міліцыі, але яго ўладкаваў на працу ў “Райаграпрамтэхніку” бацька, які працуе там намесьнікам дырэктара па ідэалягічнай рабоце.

(Канановіч: ) “Рэакцыя людзей такая: далі яму замала. У нас міліцыянты парушаюць законы. Ён некалькі пунктаў парушыў, нават калі б усё і абышлося. Яны лётаюць па горадзе з хуткасьцю сто і больш за сто кілямэтраў за гадзіну, аварыйныя сытуацыі ствараюць. Ахоўнікі правапарадку самі плююць на закон. Гэта абурае”.

Мікола Канановіч гаворыць: людзей таксама абурала тое, што Алег Сіняк падчас сьледзтва спакойна разьяжджаў па горадзе на машыне. Правоў яго пазбавіў толькі суд, таксама тэрмінам на 4 гады. Зьбітая міліцыянтам Алена Мацяйчук, якая загінула, працавала ў зеленгасе, вырошчвала кветкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG