Некаторыя з апытаных мінакоў не змаглі вызначыць свайго стаўленьня да эканамічных санкцыяў Эўракамісіі адносна Беларусі. Іншыя, абараняючы эканамічныя інтарэсы краіны, ставіліся да гэтага факту адмоўна. Вось іхныя меркаваньні:
(Юначка: ) “Я лічу што гэта няправільна, бо пацерпяць грамадзяне й пацерпіць эканоміка”.
(Спадар: ) “Пытаньне глыбокае, двума словамі ня скажаш. За дзяржаву крыўдна”.
(Юначка: ) “Наш тэкстыль на вельмі добрым узроўні, асабліва жодзінская фабрыка “Сьвітанак”, прадпрыемства “Серж”. Таму ніякія тут палітычныя й эканамічныя ўмовы не павінныя ўплываць на росквіт нашай прадукцыі”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што тут справа ня толькі ў парушэньні правоў прафсаюзаў. Бо Эўропа мае вельмі насычаны рынак, там вельмі шмат добрых тавараў, і туды ўвогуле цяжка прабіцца. Таму нашая задача — падвысіць якасьць нашай прадукцыі, і яны самі купяць, не зважаючы на нейкія палітычныя абставіны”.
Іншая частка маіх суразмоўцаў выказвала заклапочанасьць з нагоды парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі. А таму да рашэньня Эўракамісіі аб забароне пашырэньня экспарту яны паставіліся станоўча:
(Спадар: ) “Прафсаюзы ўсюды ёсьць, яны й павінныя ўсюды існаваць. Так што Эўракамісія можа й правільна зрабіла, бо ў нас яны нуль”.
(Спадар: ) “Трэба, каб прафсаюз у нашай краіне меў якуюсьці моц. Калі гэта будзе так, то тады ня толькі ў гэтай, але і ў іншых галінах усё будзе добра”.
(Спадар: ) “Пастаўкі беларускага тэкстылю ў Эўропу складаюць менш за сотую долю аднаго адсотку. Таму любую магчымасьць націснуць на ўлады Беларусі адносна парушэньня правоў чалавека трэба разглядаць станоўча”.
(Спадар: ) “Нашым уладам даўно пара прыслухацца да меркаваньня многіх краінаў Эўрапейскага блізкага й вельмі далёкага замежжа”.
Гэта былі выказваньні мінакоў на вуліцах Менску ў пытаньні эканамічных санкцыяў Эўракамісіі на знак пратэсту супраць парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі.