Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЕВЫЯ ЛІДЭРЫ МАЮЦЬ РОЗНЫЯ ПАЗЫЦЫІ ШТО ДА ЎДЗЕЛУ Ў ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ 2004 ГОДУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі Маладога Фронту, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, а таксама моладзевых арганізацыяў АГП, БСДГ, Партыі працы і Партыі камуністаў — ЛКСМБ. У часе дыскусіі высьветлілася, што моладзевыя лідэры маюць розныя пазыцыі што да ўдзелу іх арганізацыяў у выбарчай кампаніі 2004 году. Непартыйныя моладзевыя арганізацыі Малады Фронт і Задзіночаньне беларускіх студэнтаў лічаць, што галоўная мэта — вывесьці моладзь на выбары, таму згаджаюца браць удзел толькі ў мабілізацыйнай кампаніі. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Мабілізацыйная кампанія патрэбная хаця б таму, што моладзь на парлямэнцкія выбары, адрозна ад прэзыдэнцкіх, проста не прыходзіць. Калі мы гэтым разам ня выведзем моладзь, кандыдаты, якія будуць змагацца ў сваіх акругах, застануцца бяз самага галоўнага рэсурсу падтрымкі. Безь мільёну маладых людзей, якія гатовыя прагаласаваць супраць рэжыму. Калі гэтай мабілізацыйнай кампаніі ня будзе, а кожны на сваім куце будзе рэклямаваць адзін эўрапейскую кааліцыю, другі “пяцёрку”, думаю, гэта ніяк не паспрыяе таму, каб моладзь прыйшла на выбары. Хутчэй наадварот”.

Лідэр маладафронтаўцаў таксама дадаў, што яго арганізацыя ня можа пайсьці на больш шчыльнае супрацоўніцтва з партыямі яшчэ і таму, што лідэры дэмакратычнай “пяцёркі” ня хочуць дапускаць моладзь да прыняцьця палітычных рашэньняў.

Прадстаўнікі ж партыйных моладзевых структураў выступаюць за ўдзел у актыўнай агітацыйнай кампаніі на баку дэмакратычнай “пяцёркі”. Гаворыць намесьнік старшыні моладзевай структуры АГП Андрэй Казакевіч:

(Казакевіч: ) “Гэта ўсё ж такі не прэзыдэнцкія выбары, дзе моладзь прыйдзе й будзе галасаваць супраць Лукашэнкі і зразумела за каго. Тут кандыдатаў будзе вельмі шмат, і калі моладзі не тлумачыць, што яна павінна галасаваць за прадстаўнікоў пэўных блёкаў, то гэтая мабілізацыйная кампанія ня будзе мець ніякай эфэктыўнасьці”.

Пры гэтым абодва бакі лічаць, што кампраміс можа быць. Гэта значыць, што адныя будуць займацца толькі мабілізацыйнай кампаніяй, іншыя ж — агітацыйнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG