Такое рашэньне прыняў Бялыніцкі райвыканкам у сувязі зь недахопам бюджэтных сродкаў. Аднак і гэта не вырашае ўсіх праблемаў са школьным транспартам. У Эсьмонскую сельскую школу дзеці з навакольных вёсак ужо некалькі тыдняў дабіраюцца самастойна.
У вёсцы Заазер’е школку зачынілі летась, і цяпер дзеці займаюцца ў Эсьмонах, што ў васьмі кілямэтрах ад вёскі. З 21 кастрычніка, калі зламаўся школьны аўтобус, дзеці ходзяць на вучобу пешшу альбо езьдзяць на роварах. У Заазер’е бабуля Тацяна штодня чакае 11-гадовага ўнука са школы.
(Тацяна: ) “Сёньня паехаў на ровары. Ой, халодна! Што вы, сьмеяцеся? Дрэнна. А ў панядзелак хадзіў пешшу восем кілямэтраў”.
Бабуле Тацяне шкада грошай, якія заплацілі за паліва для школьнага аўтобуса. Бацькі школьніка пяць месяцаў не атрымлівалі ў саўгасе заробку, і таму за бэнзын бабуля аддала грошы са сваёй пэнсіі. Старая параўноўвае цяперашні час з паваенным:
(Тацяна: ) “Я хадзіла сама восем кілямэтраў гэтыя тры гады пасьля вайны ў школу. Пяшком, у лапцёх хадзіла”.
Дырэктарка Эсьмонскай школы Людміла Салавей запэўнівае, што хутка аўтобус адрамантуюць. У школу возяць дзяцей ня толькі з Заазер’я, а яшчэ зь дзьвюх вёсак, і ўсе бацькі плацяць за бэнзын.
(Салавей: ) “Варыянту няма. Гэта ж не ад мяне залежыць, разумееце? У нас у школе грошай няма. У нас цяпер вельмі складана”.
Цяперашнюю плату за паліва Людміла Салавей лічаць памяркоўнай. За бэнзын для аўтобуса бацькі плацілі зь мінулага году, сумы былі прыстойныя — 16–18 тысяч на адно дзіця, і цяперашняе рашэньне райвыканкаму, якое ўзаконіла плату за падвоз школьнікаў — палову ад кошту бэнзыну, стала для людзей палёгкай, цяпер трэба плаціць меней. Зьявіліся і льготы: шматдзетным сем’ям трэба плаціць толькі за дваіх школьнікаў.
У Людмілы зь вёскі Заазер’е пяцёра дзяцей. Сёлета яна атрымала дапамогу на дзяцей і адразу заплаціла за бэнзын на год — 85 тысяч рублёў. Людміла і яе муж Уладзімер працуюць на фэрме, і грошай сям’і не хапае.
(Уладзімер: ) “Які ў саўгасе заробак, вы ж ведаеце. Калі 40 тысяч атрымаюць, калі 60. А так кошт бэнзыну на хатні бюджэт — гэта ўдар па кішэні”.
(Людміла: ) “Ведаеце, я б і плаціла грошы, калі б яны ў мяне былі, каб толькі дзяцей вазілі ў школу”.
(Карэспандэнтка: ) “А яны ёсьць?”
(Людміла: ) “Няма!”
Калі школьны аўтобус перастаў прыяжджаць у Заазер’е, Уладзімер падвозіў дзяцей на фурманцы, аднак цяпер вельмі халодна, і таму выпадае ім хадзіць пешшу.
(Юры: ) “Халодна, немагчыма хадзіць. А тут яшчэ і ў садок ходзіць мая сястра. Ну ёй трэба ж хадзіць неяк?”
(Людміла: ) “Ня будзе аўтобуса, узімку я дзяцей у школу ня буду пускаць. Хочуць хай крыўдзяцца на мяне, хочуць — не. Няхай тады і міліцыю, і ўсіх дасылаюць. Ну а што рабіць, скажыце вы нам?”
Толькі плаціць — адказваюць у раённай управе адукацыі. Яе загадчык Мікалай Пашкоўскі паведаміў: раён больш чым напалову датуецца з абласнога бюджэту, і навучальным установам даюць грошы толькі на заробкі, камунальныя паслугі й харчаваньне.
Сёлета ў раёне зачынілі тры малакамплектныя школкі, прычым бацькоў запэўнівалі, што праблемаў з падвозам дзяцей ня будзе. Аднак вялікай эканоміі сродкаў ад гэтага няма, прызнаў Мікалай Пашкоўскі. Таму, кажа ён, і выпадае прымаць вось такія нестандартныя рашэньні й тлумачыць вяскоўцам, што гэта не ад добрага жыцьця.