Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАНЦЭРТНАЙ ЗАЛІ “МЕНСК” АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ МУЗЫЧНАГА АЛЬБОМУ “ВІЗА NRM”


Галіна Абакунчык, Менск

Перапеўку вядомых песьняў папулярных выканаўцаў у музычным асяродку называюць трыб’ютам, альбо прысьвячэньнем. Трыб’ют гурту “NRM” складае 21 песьня, кожную зь іх выконвае асобны гурт. Прычым, бальшыня гэтых калектываў па-беларуску засьпявала ўпершыню. Усе яны ўзялі ўдзел у прэзэнтацыі альбому. Гаворыць адзін з арганізатараў імпрэзы, лідэр грамадзкага аб’яднаньня Беларуская музычная альтэрнатыва Віталь Супрановіч:

(Супрановіч: ) “Будзе выступаць 21 гурт. Да прыкладу, гурт “PartyZone” прасьпявае “Партызанскую”, “Краскі” з “Палацам” выканаюць “Тры чарапахі”. А скончыцца канцэрт песьняй “Паветраны шар”. Граць будзе “NRM”, а сьпяваць — вакалісты іншых гуртоў. Паколькі была вельмі вялікая цікавасьць, будзе працяг трыб’юту. Да прыкладу, “Нэйрадзюбэль” гатовы запісаць “Ла-ла-ла”. На другім дыску будуць таксама й замежныя гурты, якія не пасьпелі запісацца гэтым разам”.

У гісторыі сучаснай беларускай музыкі гэта толькі трэці выпадак, калі айчынныя гурты перапяваюць на свой лад вядомыя песьні папулярных выканаўцаў. Першыя прысьвячэньні былі адрасаваныя такім знаным калектывам як “Песьняры” і “Depeche Mode”. Гэткую ацэнку творчасьці “NRM” лідэр калектыву Лявон Вольскі пракамэнтаваў так:

(Вольскі: ) “Ну, гэта прыемна, што й з нашай творчасьцю разабраліся даволі сур’ёзна. Нам было цікава пабачыць, як яны гэта зробяць. Яны зрабілі гэта досыць нечакана, непадобна на нас, што прыемна. А мы працягваем творча расьці. У нас не такая краіна, каб супакоіцца й нічым больш не займацца. У нас ёсьць сталы раздражняльнік, які ўвесь час натхняе на творчасьць. Мы жывем ня ў самы лепшы час, затое ў нас усё добра з рок-н-ролам”.

Назву “Віза NRM” новы альбом атрымаў невыпадкова. Разам з кампакт-дыскам музыкі распаўсюдзілі ўмоўныя візы “NRM” для ахвотных пабываць у краіне Народная Рэспубліка Мроя. Сапраўднымі сувэнірамі гэтыя візы сталі толькі пасьля таго, як на іх уласнаручна паставілі свае подпісы ўдзельнікі гурту “NRM”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG