Амбасадар Свэн Гірдман быў ініцыятарам стварэньня дыпляматычнага прадстаўніцтва Швэцыі ў Беларусі. Сёньня ён зазначыў, што ніякіх палітычных матываў у тым, што ў Менску адчынена аддзяленьне існуючай амбасады Швэцыі ў Маскве няма. Прычыны тут выключна фінансавыя, зазначыў ён, выказаўшы спадзяваньне, што праз 2-3 гады Швэцыя адчыніць у Беларусі паўнавартасную амбасаду.
Зьяўленьне швэдзкага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі паўплывае на пашырэньне супрацоўніцтва паміж дзьвюмя краінамі ў галіне правоў чалавека і масмэдыя,– заявіў амбасадар Гірдман.
(Гірдман: ) “Так, у гэтым нашы намеры ўзмацніць кантакты ва ўсіх гэтых галінах, узмацніць нашую падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Нашая дзяржаўная арганізацыя Швэдзкае міжнароднае агенцтва развіцьця вельмі актыўна тут працуе, і яно падрыхтавала асаблівую стратэгію супрацоўніцтва зь Беларусьсю на трохгадовы пэрыяд”.
Швэцыя была ініцыятарам асаблівай палітыкі да новых суседзяў Эўразьвязу. Аднак, на думку спадара Гірдмана, нельга выключаць патэнцыйнага сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе ў пэрспэктыве. Рымская дамова 1957 года дае права на гэта, праблема ў выкананьні так званых капэнгагенскіх крытэрыяў адносна захаваньня краінамі– кандыдатамі дэмакратычных каштоўнасьцяў, выкананьня правоў чалавека, развіцьця грамадязянскай супольнасьці.
(Гірдман: ) “Я зусім не выключаю, што ў пэрспэктыве Беларусь, як Польшча і Літва, стане сябрам Эўразьвязу. Гэта ўсё залежыць ад таго, як будзе разьвіваецца сытуацыя тут”.
Паводле ягоных словаў, таваразварот паміж Швэцыяй і Беларусьсю пакуль невялікі – каля 130 мільёнаў даляраў, але швэдзкія бізнэсоўцы, якія дзейнічаюць у Беларусі, спадзяюцца на посьпех сваіх праектаў, нягледзячы на нэгатыўны досьвед кампаніі “Ікеа”, што вымушаная была адмовіцца ад праекту стварэньня ў Беларусі вытворчасьці мэблі і перанесьці яго ў Расею.