Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ Ў БЕЛАРУСІ АЎТАМАБІЛЬНАЕ ПАЛІВА ЗНАЧНА ДАРАЖЭЙШАЕ, ЧЫМ ВА ЎКРАІНЕ?

Альгерд Невяроўскі, Менск

Кошт аўтамабільнага паліва ў Беларусі цяпер значна вышэйшы, чым, напрыклад, ва Ўкраіне, якая ня мае саюзьніцкіх дачыненьняў з Расеяй і не атрымлівае адтуль энэрганосьбітаў па льготных коштах. Чаму ж у Беларусі аўтамабільнае паліва значна даражэйшае, чым ва Ўкраіне? Гэтае пытаньне я задаваў кіроўцам на адной зь менскіх аўтазаправак.

Вельмі шмат апытаных кіроўцаў увогуле ня мелі адказу на гэтае пытаньне. А вось што адказвалі тыя, хто меў сваю думку:

(Хлопец: ) “Відаць, з-за прэзыдэнта”.

(Cпадар: ) “Можа, коштам дастаўкі. Мне здаецца, Украіна геаграфічна бліжэй да рэгіёнаў, што здабываюць нафту, мо з-за гэтага”.

(Хлопец: ) “Ня ведаю. Сельскую гаспадарку, відаць, трэба падтрымліваць”.

(Спадар: ) “Гэтак, відаць, дзяржава атрымлівае большы прыбытак ад насельніцтва”.

(Кіроўца: ) “Відаць, наш урад вядзе няправільную палітыку ў адносінах да Расеі. Таму такая розьніца ў цэнах”.

(Іншы кіроўца: ) “Шчыра кажучы, я запраўляю дзяржаўную машыну. Чаму такое дарагое паліва — ня ведаю. Як улады сябе павядуць, такі і бэнзын”.

(Спадар: ) “Відаць, ва Ўкраіне пытаньні па-іншаму вырашаюцца”.

(Хлопец: ) “Якая дзяржаўная палітыка — такія і цэны”.

(Малады кіроўца: ) “Ня ведаю, што адказаць на гэтае пытаньне, але думаю, што ў гэтым зацікаўленыя некаторыя асобы ў нашай краіне. Таму бэнзын такі дарагі”.

(Спадар: ) “Падаткі высокія. Відаць, прычына ў гэтым. У Расеі і Ўкраіне таньней. Многія дзяржаўныя структуры на гэтым нажываюцца”.

(Кіроўца: ) “Мне цяжка гэта патлумачыць, але, відаць, эканамічная палітыка ў нас такая — манаполія”.

(Хлопец: ) “Ня ведаю, гэта не паддаецца майму розуму”.

(Падпалкоўнік беларускай арміі: ) “Таму што трэба ўсім зарабіць. Вось нехта на бэнзыне і зарабляе”.

(Хлопец: ) “Відаць, “бацька” такі добры, таму ў нас і даражэй. Ён лічыць, што людзям у Беларусі жывецца лепей, чым ва Ўкраіне”.

(Спадар: ) “Цяжка адказаць на гэтае пытаньне, але ўсё гэта зьвязана з дзяржаўнай палітыкай. Нашая цэнавая палітыка не адпавядае ўзроўню цэнаў ва Ўкраіне й Расеі. Хацелася б, каб было таньней”.

(Хлопец: ) “Таму што нехта кладзе гэтыя грошы сабе ў кішэню”.

(Спадар: ) “Бо ўрад усталёўвае такія цэны. Гэта вельмі дрэнна”.

(Спадар: ) “За нафту плацяць па міжнародных цэнах, і павінна быць на паліва аднолькавая цана. Я думаю, што ў нас паліва не павінна каштаваць даражэй, чым у Расеі”.

(Малады чалавек: ) “Я думаю, тут нагадваюць пра сябе эканамічныя ўмовы. У нас манапаліст, які сюды завозіць бэнзын, “Белнафтахім”. Асноўныя перапрацоўчыя прадпрыемствы ў нас дзяржаўныя, ад гэтага залежыць. А потым палітыка рэгуляваньня, тыя ж падаткі. Гэта тлумачыцца толькі палітыкай дзяржавы, якая хоча зарабляць”.
XS
SM
MD
LG