Уладальнік таксафірмы Мікалай Аўтуховіч пратэставаў супраць арышту падатковай інспэкцыяй ягоных аўтамабіляў і прыпыненьня ліцэнзіі на пасажырскія перавозкі. Да яго далучыліся кіроўцы таксовак і дыспэтчары, якія апынуліся бяз працы. Галадоўка ператварылася ў масавую, у ёй удзельнічалі больш за 30 чалавек.
Пасьля галадоўкі мінулі два тыдні. Сёньня Мікалай Аўтуховіч прыехаў у Горадню, каб прайсьці мэдычнае абсьледаваньне. Яго паклалі ў бальніцу, папярэдні дыягназ—ачаговая пнэўманія. Падчас галадоўкі ён два дні знаходзіўся у ваўкавыскай раённай бальніцы, але яму не рабілі нават уколы і наагул сказалі, што ён нібыта здаровы. Вынікі працяглага галаданьня адчуваюцца і сёньня.
(Аўтуховіч: ) “Цяпер усё гэта сказваецца, шмат есьці не магу, троху больш зьясі, і страўнік не працуе”.
Таксоўкі Аўтуховіча у Ваўкавыску сёньня працуюць, аднак змаганьне з падатковай службай ня скончылася. Прадпрымальнік мае намер зьвярнуцца ў суд, каб запатраваць кампэнсацыю за маральныя і матэрыяльныя страты. Падатковая служба таксама рыхтуецца да суду.
(Аўтуховіч: ) “Падатковая займаецца тым, што зьбірае нейкую інфармацыю. Спрабуюць зьвязаць сваяцкія сувязі паміж прадпрымальнікамі, зь якімі ў мяне нармальныя адносіны. Шукаюць нейкія слабыя месцы. Гэта значыцца, корпаюцца ў бруднай бялізьне”.
У кастрычніку Мікалай Аўтуховіч правёў працяглую галадоўку пратэсту, а сёньня лёг у гарадзенскі шпіталь для абсьледаваньня і лячэньня.