Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЗЬМЕНІЦЬ У БЕЛАРУСІ НОВЫ ЗАКОН АБ БАНКРУЦТВЕ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва ХХІ” Леанід Злотнікаў і прафэсар Уладзімер Кулажанка.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія месяцы ўлады прымаюць захады па зьмене заканадаўства аб банкруцтве. Першая нарада ў Лукашэнкі ў гэтым пытаньні адбылася ў ліпені, другая 10 лістапада. Дакладна распрацаваная працэдура банкруцтва гаспадарчых суб’ектаў — адзін з важных элемэнтаў фармаваньня эфэктыўнай эканомікі. Як можна зразумець з рэплікаў кіраўніка дзяржавы, афіцыйных камэнтароў, улады не задаволеныя тым, што, як яны лічаць, працэдура банкруцтва занадта простая. І гэта можа прывесьці да незаконнага перадзелу ўласнасьці. Таму асноўная ідэя прапанаваных зьменаў — як мага больш абцяжарыць працэдуру банкруцтва, паставіць гэты працэс пад кантроль дзяржавы. Не маглі б вы больш дакладна пракамэнтаваць сутнасьць зьменаў у закон аб банкруцтве і эканамічнай неплатаздольнасьці? Якія з гэтых зьменаў найбольш прынцыповыя?”

(Уладзімер Кулажанка: ) “Тыя зьмены ў заканадаўства, якія ўводзяцца, ня маюць ніякага дачыненьня да рынкавай эканомікі. Рэч у тым, што працэдура банкруцтва — гэта атрыбут рынку. І банкруцтва можа станоўча ўзьдзейнічаць на стабілізацыйны працэс у эканоміцы, калі ў краіне існуе рынкавая эканоміка. А ў нас гэтыя зьмены хочуць унесьці ў не адпаведнае гэтай працэдуры эканамічнае асяродзьдзе.

І гэтыя зьмены, між іншым, дачыненьня да рынку ня маюць. Напрыклад, дзяржава хоча ўвесьці пачарговасьць аплаты запазычанасьці прадпрыемстваў. У першую чаргу плацяцца падаткі, потым — сацыяльныя выплаты для фармаваньня пэнсійнага фонду. А ўсе астатнія — на другі плян. А паколькі гэтыя выплаты велізарныя, то, па сутнасьці, не вырашаецца праблема санацыі прадпрыемства і вываду яго з крызыснага стану. Па-другое, рынак — гэта вольная эканоміка, якая самарэгулюецца. А тут атрымліваецца, што рэгуляваць гэты працэс, выводзіць прадпрыемства з крызысу будуць дзяржаўныя ўстановы. Аб’явіць дзяржаўнае прадпрыемства банкрутам можна толькі са згоды міністэрстваў альбо мясцовай вэртыкалі.

У нармальнай рынкавай эканоміцы працэс банкруцтва пачынаецца з захадаў крэдытораў. Згодна з новымі правіламі, пачатак працэдуры банкруцтва можа адбыцца толькі тады, калі сума запазычанасьці перавышае 25 тысяч даляраў. Гэта непамерная сума для нашай эканомікі”.

(Леанід Злотнікаў: ) “Усё тое, што не падабалася бюракратам, што ламала беларускую эканамічную мадэль, выкідаецца з заканадаўства аб банкруцтве. Дзяржаўныя прадпрыемствы фактычна выводзяцца з-пад сфэры дзеяньня закону аб банкруцтве. Гэта галоўная зьмена. Дзяржава будзе з сваімі прадпрыемствамі разьбірацца сама. А гэты закон будзе тычыцца амаль што толькі прыватных прадпрыемстваў. Гэта па-першае. Па-другое, новае заканадаўства блякуе інстытут незалежных ад вэртыкалі антыкрызысных мэнэджэраў”.

(Карбалевіч: ) “Хачу дадаць, што па новым заканадаўстве крэдытору давядзецца даказваць дакумэнтальна няздольнасьць таго прадпрыемства, якое апынулася ў запазычанасьці, плаціць па фінансавых абавязках. Акрамя таго, прыватнае прадпрыемства можа пачаць працэдуру банкруцтва толькі са згоды працоўнага калектыву”.

(Кулажанка: ) “Увядзеньне правіла, што крэдытор будзе даказваць неплатаздольнасьць даўжніка — гэта надуманая працэдура. Гэта зроблена для таго, каб ускладніць працэдуру банкруцтва, заваліць яе паперамі і, па сутнасьці, зрабіць немагчымай. Найперш, пад банкруцтва трапляюць дзяржаўныя прадпрыемствы”.

(Злотнікаў: ) “Я як эканаміст не магу сур’ёзна абмяркоўваць гэтых зьменаў. Такая ўмова, як згода працоўнага калектыву на банкруцтва, ня можа сур’ёзна абмяркоўвацца. Спроба прыстасаваць рынкавы інстытут банкруцтва да беларускай эканамічнай мадэлі прывяла проста да нейкай пародыі”.

(Карбалевіч: ) “Якія прычыны настойлівага імкненьня ўладаў зьмяніць заканадаўства аб банкруцтве? Ці сапраўды існоўныя законы прадугледжвалі вельмі спрошчаную працэдуру банкруцтва? Ці сапраўды, як вынікае з афіцыйных камэнтароў, існуе рэальная пагроза таго, што крымінальныя структуры могуць захапіць штучна збанкрутаваныя прадпрыемствы?”

(Кулажанка: ) “Я лічу, што галоўнай прычынай гэтых зьменаў, якія кіраўніцтва краіны вырашыла ўнесьці ў заканадаўства аб банкруцтве, — гэта, найперш, неэфэктыўнасьць дзяржаўнага сэктару. Паколькі дзяржаўны сэктар ў эканоміцы займае 80%, а 40% у эканоміцы — стратныя, то, вядома, што галоўныя кандыдаты на банкруцтва — дзяржаўныя прадпрыемствы. І ўзьнікла пагроза, што калі дзяржава не ажыцьцяўляе разьдзяржаўленьня ўласнасьці нармальным шляхам, з дапамогаю прыватызацыі, то яна мусіць зрабіць гэта праз банкруцтва. З гэтай прычыны кіраўнік дзяржавы і вырашыў затрымаць гэты працэс перадачы неэфэктыўнай дзяржаўнай уласнасьці ў рукі прадпрымальнікаў, якія могуць больш эфэктыўна выкарыстоўваць гэтыя рэсурсы, праз ускладненьне ўсёй працэдуры банкруцтва”.

(Злотнікаў: ) “Я б адзначыў некалькі прычынаў, якія падштурхнулі да зьменаў заканадаўства аб банкруцтве. Па-першае, афіцыйная статыстыка дае 40% стратных прадпрыемстваў, а на справе іх значна больш. Таму што статыстыка ня ўсё ўлічвае. На самай справе кожныя два з трох дзяржаўных прадпрыемстваў стратныя. Яны больш за год ня могуць расплаціцца са сваімі запазычанасьцямі. Іх называюць “устойліва неплатздольнымі”. Вось такіх прадпрыемстваў 2/3. А калі ўзяць буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, то 3/4. Пры такім стане рэчаў ніякі цывілізаваны закон аб банкруцтве ня зможа разьвязаць гэтага вузлу.

Таму ў гэтых зьменах у заканадаўстве аб банкруцтве ёсьць пэўны сэнс. Ён у тым, што калі абанкруціць 3/4 прадпрыемстваў, то няма каму перадаваць гэтыя рэсурсы. Таму што сваіх буйных прыватных уласьнікаў няма, замежны капітал сюды не ідзе. У выніку можа атрымацца, што гэтыя абанкручаныя прадпрыемствы не перайдуць да эфэктыўнага ўласьніка, а проста спыняцца. І будуць стаяць пустыя цэхі, а тысячы людзей апынуцца бяз працы.

Па-другое, ужо адзначалася, што інстытут банкруцтва — інстытут рынкавай эканомікі. Ён карае тых, хто ня можа эфэктыўна кіраваць гаспадарчым суб’ектам. І гэтае пакараньне зводзіцца да таго, што маёмасьць пераходзіць да новага ўласьніка. Калі першыя збанкрутаваныя дзяржаўныя прадпрыемствы былі прыватызаваныя, то кіраўніцтва краіны напалохалася. Яно зразумелі, што банкруцтва — шлях да зьмены ўласнасьці.

Улады гэта зразумелі не адразу. Спачатку яны лічылі, што ўся працэдура банкруцтва зьвядзецца да санацыі. Прадпрыемства некаторы час (год-другі) ня будзе плаціць запазычанасьцяў, выжыве за кошт іншых прадпрыемстваў і застанецца дзяржаўным. Але так не атрымалася. Нерэнтабэльных прадпрыемстваў шмат, у дзяржавы няма фінансавых сродкаў дзеля санацыі такой вялікай колькасьці банкрутаў. Таму банкруцтва заканчваецца прыватызацыяй. І гэты працэс не стасуецца зь беларускай эканамічнай мадэльлю.

Па-трэцяе, наш закон быў прыняты на падабенства з законамі іншых краінаў. А там іншыя эканамічныя ўмовы. А ў Беларусі працэс банкруцтва, санацыі, кіраўніцтва стратнымі прадпрыемствамі выйшаў з рук бюракратыі. Бо антыкрызысныя мэнэджэры прызначаюцца судом, адказныя перад судом і не падпарадкоўваюцца вэртыкалі. Бюракратыя гэтым не задаволеная і імкнецца ўзяць пад свой кантроль працэс банкруцтва і дзейнасьць антыкрызысных мэнэджэраў”.

(Карбалевіч: ) “Якія наступствы чакаюць беларускую эканоміку пасьля прыняцьця новага заканадаўства аб банкруцтве, якое значна абцяжарвае гэтую працэдуру?”

(Кулажанка: ) “Калі новае заканадаўства аб банкруцтве скіраванае на тое, каб павысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці, зьліквідаваць праблему запазычанасьці, то захады, прадугледжаныя праектам указу, ні да чаго не прывядуць. Банкруцтва — перадача ўласнасьці ад неэфэктыўнага гаспадара да эфэктыўнага. І ўскладненьне працэдуры банкруцтва азначае вывядзеньне неплатаздольных прадпрыемстваў з рынкавых дачыненьняў. Таму чаканых вынікаў, якія плянуюць аўтары зьменаў, не адбудзецца”.

(Злотнікаў: ) “Нічога ня зьменіцца. Таму што пры такой колькасьці стратных прадпрыемстваў як цяпер, ні добры закон не дапаможа, ні дрэнны закон нічога ня зьменіць. Бо патрэбныя захады, якія прымаюцца ў аварыйнай сытуацыі. Тапельцам ужо ўсё роўна, колькі над імі вады”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, значнае ўскладненьне працэдуры банкруцтва прывядзе да таго, што штучнае захаваньне неплатаздольных прадпрыемстваў зьнізіць эфэктыўнасьць эканомікі. Банкруты, якія ня могуць вярнуць пазыкаў, будуць цягнуць уніз, тапіць моцныя прадпрыемствы. Адначасова ўзмацняецца кантроль ураду і мясцовай вэртыкалі за гаспадарчым жыцьцём. Інакш кажучы, улады працягваюць узмацняць адміністрацыйна-камандныя мэтады кіраваньня эканомікай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG