Тым часам, шэраг архітэктараў цьвердзяць, што ўжо на самым пачатку беспрэцэдэнтнае для небагатай Беларусі будаўніцтва сутыкнецца зь вялікімі цяжкасьцямі. Яе кошт можа складаць сотні мільёнаў даляраў.
Размовы пра будаўніцтва ў цэнтры Менску тэлевежы, якая б сіганула ў неба вышэй за 400 мэтраў, вядуцца не ўпершыню. Пры канцы 1990-х гэтая ідэя ня толькі абмяркоўвалася, але нават быў абвешчаны конкурс сярод патэнцыйных будаўнікоў. Тады ў тэндэры перамагла кітайская фірма, якая гэтым разам нават ня згадваецца. Архітэктар Міхаіл Пірагоў мяркуе, што пабудаваць тэлевежу ў прынцыпе можна, аднак на першае месца традыцыйна выйдзе праблема фінансаваньня.
(Пірагоў: ) “Цяжка сказаць — ці змогуць нашыя такое збудаваць, паколькі гэта асаблівыя будаўнічыя тэхналёгіі. Калі гаворка пра жалезабэтон, то гэта складаная сьлізгаваная апалубка. Вышыня, зноў жа, унікальная. Таму ў любым выпадку гэта асаблівыя тэхналёгіі. Расейскі канструктар Нікіцін выкарыстоўваў пры будаўніцтве Астанкіна асаблівы падмурак. Да таго ж, наўрад ці рэальнае будаўніцтва ў найбліжэйшы час, паколькі зь бібліятэкай усё шчыльна завязана, грошай бракуе, зьбіраюць адусюль. Размовы пра вежу, праўда, былі й раней. Конкурс нават быў абвешчаны. А потым усё заціхла, у друку нічога не было на гэты конт таксама”.
Калі беларускую тэлевежу ўсё ж збудуюць (а дагэтуль размова вялася, што яна будзе стаяць недалёка ад выстаўнага павільёну на праспэкце Машэрава), то ва Ўсходняй паўкулі гэта будзе другая паводле вышыні вежа пасьля Астанкінскай, і трэцяя ў сьвеце пасьля Канадыйскай нацыянальнай вежы ў Таронта (абедзьве тыя вежы вышэйшыя за 500 мэтраў). Помнік халоднай вайны — Бэрлінская тэлевежа — будзе саступаць беларускай болей як 50 мэтраў. Ці патрэбны гэтакі хмарачос Беларусі?
Міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка перакананы, што вырашацца найменей дзьве задачы: па-першае, палепшыцца якасьць тэлевізійнага адлюстраваньня і прыём радыёсыгналу; а па-другое, вежа стане сымбалем гораду паводле прыкладу шэрагу сталіцаў. Іншых камэнтароў зь міністэрства пакуль няма — маўляў, вялікая справа толькі распачынаецца. Тым часам, Міністэрства будаўніцтва ня супраць атрымаць прывабную замову.
(Супрацоўніца міністэрства: ) “Мы пабудуем усё: давайце грошы, у гэтым праблемаў няма, нашыя будаўнікі ня горшыя. Астанкінская вежа ў Маскве пабудаваная з нашым удзелам, на нашым цэмэнце. І будаўнікоў-беларусаў там шмат было. Але цяпер нічога ня скажам, бо заяўкі яшчэ не было, тэндэр не абвешчаны. А ня ведаючы сумы, які будзе наогул праект, хто яго рыхтуе — штосьці казаць цяжка. Няма праекту, нельга аб’яўляць і конкурсу: як можна абвяшчаць конкурс пад нешта нерэальнае?”
(Карэспандэнт: ) “Ці можа так здарыцца, што беларускія будаўнікі ўсё ж могуць застацца бяз справаў, а перавагу аддадуць замежнікам?”
(Супрацоўніца міністэрства: ) “Будзе міністэрства сувязі як заказчык абвяшчаць конкурс на будаўніцтва. І ўдзел у ім могуць браць якія заўгодна арганізацыі — і беларускія, і з усяго сьвету. Хто выйграе тэндэр, той будзе і будаваць. Міністэрства ня пойдзе на тое, каб узяць беларускіх будаўнікоў, якія абыдуцца даражэй, чым нямецкія. Але такі варыянт нерэальны, бо беларусы ўжо цяпер абыходзяць некаторыя найбліжэйшыя краіны. Таму шанец паўдзельнічаць у будаўніцтве ў нас вялікі”.