“Звезда”, 1923 год. Дзьве нататкі:
“Наркамюст — першы з наркаматаў, уключаны для пераводу справаводзтва на беларускую мову. Беларусізацыя пачнецца з народных судоў, якім дадзена заданьне перавесьці сваё справаводзтва на беларускую мову з пачаткам 1924 году”.
“Учора зьехаў у Амэрыку, ліквідаваўшы свае справы ў Беларусі, дырэктар Беларускага аддзяленьня камітэту “Джойнт” т.Разэнблюм. У гутарцы з нашым супрацоўнікам т.Разэнблюм прасіў перадаць удзячнасьць мясцовым савецкім і грамадзкім арганізацыям, якія актыўна ўдзельнічалі і аказалі вялікую дапамогу камітэту ў ягонай працы”.
“ЛіМ”, 1983 год:
“Сапраўды неабмежаванымі магчымасьцямі ў прапагандзе клясычнай, народнай і лёгкай музыкі сярод розных груп насельніцтва валодае ва ўмелых руках дыскатэка, праграма якой арганічна спалучае магчымасьці гуку, колеру і слайд-фільму. На Брэстчыне працуе больш як 30 самадзейных дыскатэчных калектываў… З мэтай далейшага павышэньня ідэйна-мастацкага ўзроўню праграм, іх ролі ў патрыятычным і эстэтычным выхаваньні моладзі калегія ўпраўленьня культуры Брэсцкага аблвыканкаму, сакратарыят аблсаўпрафу і бюро абкаму камсамолу аб’явілі абласны агляд-конкурс дыскатэк, прысьвечаны 40-годзьдзю вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”.
“Советская Белоруссия”, 1993 год:
“Як стала вядома карэспандэнту агенцтва РIД, згодна з распараджэньнем Менгарсавету зь першага студзеня 1994 году прадаваць нармаваныя харчовыя тавары будуць па спэцыяльных картках. Такім чынам, аднаўляецца сыстэма продажу тавараў паводле схемы, вядомай менчукам у пачатку гэтага году: з абавязковым прымацаваньнем сям’і да пэўнай крамы… Акрамя цукру, масла і лікёра-гарэлачных вырабаў, па картках будуць прадавацца туалетнае і гаспадарчае мыла, а таксама пральныя парашкі”.