(Карэспандэнт: ) “Добры дзень, спадар амбасадар! Вітаем вас у менскай студыі Радыё Свабода! Мы былі вельмі ўражаныя ў менскім аэрапорце, калі вы прыляцелі й віталі журналістаў па-беларуску. Калі й дзе вы вучылі беларускую мову і ці зьбіраецеся вы працягваць яе вывучаць?”
(Крол: ) “Вядома, я вывучаў беларускую мову ў Вашынгтоне. Мая выкладчыца паходзіць з Магілёва. Я хацеў бы працягваць вывучаць беларускую мову старанна. Дзякуй за пытаньне!”
(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, цяпер вы вярнуліся ў Менск амаль праз 10 гадоў. Вашыя першыя ўражаньні — што найбольш тут зьмянілася, а што засталося такім жа?”
(Крол: ) “Па-першае, я павінен сказаць, што вельмі прыемна вярнуцца ў Беларусь і Менск пасьля васьмі гадоў, якія я адсутнічаў. Вядома, даволі складана цяпер сказаць, якія зьмены адбыліся ўнутры Беларусі, у сьвядомасьці беларускіх людзей, у іхным спосабе мысьленьня цягам гэтых васьмі гадоў. Мне спатрэбіцца час, каб пагаварыць зь людзьмі, паезьдзіць па краіне, каб болей зразумець, што людзі думаюць і якія зьмены адбыліся. Візуальна падаецца, што шмат зьменаў, вядома, у Менску. Ён застаецца даволі прыгожым горадам, вядзецца шмат будаўніцтва, аздабленьня, ён робіцца больш яркім. І значна больш установаў, кшталту рэстарацыяў і крамаў, пакідаюць вельмі добрае ўражаньне пра тутэйшае разьвіцьцё.
Сказаўшы гэта, хачу дадаць, што калі вы паглядзіце на разьвіцьцё ў суседніх краінах, такіх як Літва, Польшча і нават у Маскве, дзе я быў тры гады, мажліва, зьмены тут больш павольныя, чым у суседзяў. У мяне добрае візуальнае ўражаньне, але мне патрэбны час, каб болей даведацца пра зьмены, якія адбыліся за восем гадоў, цягам якіх мяне тут не было”.
(Карэспандэнт: ) “Беларускае Міністэрства замежных справаў вітала ваш прыезд, і многія беларускія афіцыйныя прадстаўнікі, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам, казалі пра свае спадзяваньні на паляпшэньне стасункаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Што павінны зрабіць абодва бакі, каб дасягнуць такога паляпшэньня?”
(Крол: ) “З боку Злучаных Штатаў мы зрабілі вядомым для беларускіх уладаў, што базыс для паляпшэньня стасункаў са Злучанымі Штатамі палягае на ўмовах і прынцыпах, якія можна знайсьці ў рэкамэндацыях АБСЭ наконт зьменаў у Беларусі ў выбарчым заканадаўстве, стаўленьні да грамадзянскай супольнасьці, недзяржаўных арганізацыяў, прэсы, і сур’ёзным расьсьледаваньні зьнікненьняў. Гэтыя чатыры ўмовы ёсьць фундамэнтальнымі ў нашай палітыцы, якая скіраваная на паляпшэньне стасункаў зь Беларусьсю. У Злучаных Штатах мы, натуральна, хацелі б бачыць пэўныя зрухі ў гэтых пытаньнях. Таму на падставе канкрэтных рашэньняў і дзеяньняў зь беларускага боку амэрыканскі бок, амэрыканскі ўрад гатовыя нешта рабіць для больш шчыльнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў шырокай сфэры дзейнасьці”.
(Карэспандэнт: ) “Вы закранулі тэму зьніклых асобаў. Якое вашае меркаваньне пра апошні візыт у Беларусь спадара Хрыстаса Пургурыдэса з Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы?”
(Крол: ) “Я думаю, што гэта добры знак — тое, што ён прыехаў і быў прыняты беларускімі ўладамі. Але застаецца пабачыць, якімі будуць вынікі гэтага візыту, таму што калі ён пакажа, што ёсьць сур’ёзнае расьсьледаваньне гэтых зьнікненьняў, гэта будзе добрым знакам. І я мяркую, што гэта дамапожа адказаць на тую занепакоенасьць, якая паўстала ў маёй краіне, у Злучаных Штатах, таксама як і ў іншых краінах, наконт таго, што менавіта здарылася з гэтымі людзьмі. Гэта, зразумела, вельмі складаная і балючая сытуацыя, але да яе трэба ставіцца сур’ёзна з боку беларускіх уладаў. Як я сказаў, я спадзяюся, гэта прывядзе да большых зрухаў, каб было тлумачэньне для міжнароднай супольнасьці наконт таго, што здарылася і куды рухаецца гэтае расьсьледаваньне”.
(Карэспандэнт: ) “Некаторыя беларускія журналісты і актывісты праваабарончых арганізацыяў выказваюць занепакоенасьць магчымым зьмяншэньнем амэрыканскай дапамогі беларускім няўрадавым арганізацыям і сродкам масавай інфармацыі. Ці не маглі б вы высьветліць гэтае пытаньне?”
(Крол: ) “Я павінен сказаць, што забавязаньне Злучаных Штатаў як народу і як ураду ў падтрымцы працэсаў дэмакратызацыі й разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі застаецца нязьменным. Натуральна, ёсьць абставіны, якія могуць паўплываць на тое, як гэтая дапамога ўспрымаецца і як шмат яе можа быць прадастаўлена структурам у беларускім грамадзтве. Шмат чаго тут залежыць ад тых рэсурсаў, якія даступныя праз наданьне Кангрэсам ЗША, урадам ды іншымі. З году ў год сума дапамогі, даступнай для падтрымкі разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, можа зьмяняцца, залежна ад бюджэтных пытаньняў у Вашынгтоне. Але забавязаньне Злучаных Штатаў што да гэтага разьвіцьця ў Беларусі, як і ў іншых краінах, як істотны кампанэнт нашай замежнай палітыкі у гэтым рэгіёне, застаецца пастаянным. І я павінен сказаць, што колькасьць даступных рэсурсаў была больш-менш стабільная цягам гэтых гадоў. І гэта ёсьць нашым жаданьнем працягваць гэтую далучанасьць да беларускага грамадзтва з поўнай павагай да сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі як сувэрэннай і незалежнай дзяржавы”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, Вы раней працавалі дырэктарам расейскага офісу Дзярждэпартамэнту ў Вашынгтоне, а таксама ў амбасадзе ЗША ў Маскве. Некаторыя беларускія палітыкі ўпэўненыя, што Расея імкнецца інкарпаваць Беларусь, і тут ёсьць пэўныя страхі, што паляпшэньне расейска-амэрыканскіх адносінаў больш важнае для Вашынгтону, чым беларуская незалежнасьць. Не маглі б Вы пракамэнтаваць гэтыя страхі?”
(Крол: ) “Я магу заявіць даволі катэгарычна, што пазыцыя Злучаных Штатаў наконт незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі ёсьць яснай і доўгатэрміновай — вядома, увесь час ад 1992 году, калі я прыбыў у Беларусь упершыню, каб усталяваць дыпляматычныя адносіны з новай незалежнай Рэспублікай Беларусь. Яна палягае ў тым, што Злучаныя Штаты як фундамэнтальны элемэнт сваёй палітыкі падтрымліваюць сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі. І гэта, вядома, будзе захоўвацца ў любых нашых дачыненьнях зь любымі краінамі, якім трэба мець справы зь Беларусьсю. Што ж да дачыненьняў ЗША і Расеі адносна Беларусі, дык я б мусіў сказаць, што гэта ня той элемэнт, які Злучаныя Штаты абмяркоўваюць з Расеяй як элемэнт палітыкі.
Я маю на ўвазе, што існуе абмеркаваньне разьвіцьця падзеяў у рэгіёне ды нашай агульнай пазыцыі падтрымкі стабільнасьці ў гэтым рэгіёне, і надзея, што суседзі Беларусі й Беларусь будуць усе ўключаныя ў агульныя працэсы інтэграцыі гэтага рэгіёну ў больш шырокую трансатлянтычную супольнасьць, якая ўлучае Расею і Беларусь разам — вядома, як частку непадзельнай і вольнай Эўропы. Гэта ёсьць фундамэнтальным прынцыпам амэрыканскай замежнай палітыкі. Такім чынам, мы, вядома, будзем абмяркоўваць Беларусь і гэтае разьвіцьцё падзеяў з Расеяй у кантэксьце інтэграцыі гэтага рэгіёну ў трансатлянтычную супольнасьць нацыяў”.
(Карэспандэнт: ) “Вы маеце на ўвазе інтэграцыю Беларусі ў НАТО?”
(Крол: ) “Не, не зусім так. Вядома, калі Беларусь мае жаданьне дасягнуць сяброўства ў НАТО, дык гэта яе сувэрэннае права — рабіць гэта. Нельга сказаць, што Беларусь мусіць стаць сябром НАТО, каб стаць часткай трансатлянтычнай супольнасьці. Ёсьць шмат краінаў у Эўропе, якія не зьяўляюцца сябрамі НАТО, але ёсьць сябрамі трансатлянтычнай супольнасьці нацыяў — можна назваць Швайцарыю, Швэцыю, іншыя. Яны ёсьць паўнапраўнымі партнэрамі ў гэтых працэсах эканамічнай і палітычнай інтэграцыі. Вядома, права Беларусі — вырашаць, якую ролю яна возьме.
Зноў жа, будучыня Беларусі не знаходзіцца ў руках Вашынгтону ці Масквы, ці Брусэля. Яна знаходзіцца тут у Менску, у Беларусі, і беларускі народ мусіць мець магчымасьць вырашаць за сябе, свабодна, як сувэрэнная незалежная нацыя, хаду сваёй будучыні”.
(Карэспандэнт: ) “Вяртаючыся назад да расейскага чыньніку. Некаторыя амэрыканскія палітыкі ды аналітыкі мяркуюць, што трэба больш актыўна націскаць на расейскі чыньнік у беларускіх справах. Што Вы думаеце пра мажлівасьці ўплываць на Менск праз Маскву?”
(Крол: ) “Я ўжо закрануў гэта ў сваім папярэднім адказе — мы заахвочваем краіны, у прыватнасьці, суседзяў Беларусі ды саму Беларусь, працаваць ува ўсіх працэсах інтэграцыі іх у гэтую трансатлянтычную супольнасьць нацыяў, якая разьвівае шчыльныя эканамічныя й палітычныя сувязі. Што да той ступені, у якой Расея можа быць карыснай як частка гэтага працэсу, дык гэта можа быць пазытыўным разьвіцьцём — ня толькі датычна Менску, але таксама ўсіх сталіцаў у гэтым рэгіёне. Я думаю, што важнае пытаньне, якія намеры ў Масквы ўплываць на Менск. Мы спадзяемся, што гэта намеры заахвочваць Беларусь адпавядаць стандартам — адначасова з тым, што Расея сама імкнецца адпавядаць гэтым стандартам эўрапейскіх паводзінаў, эканамічнай і палітычнай інтэграцыі”.
(Карэспандэнт: ) “Спадар амбасадар, беларускія чыноўнікі любяць падкрэсьліваць адрозьненьні паміж амэрыканскім і эўрапейскім падыходамі да Беларусі. Сапраўды, эўрапейцы не падтрымалі пазыцыі ЗША наконт аднаўленьня статусу беларускага Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Наколькі вялікія гэтыя адрозьненьні ў рэальнасьці й ці можа быць адзіны, уніфікаваны заходні падыход?”
(Крол: ) “Я насамрэч ня бачыў асаблівых адрозьненьняў паміж эўрапейскім і амэрыканскім падыходамі да Беларусі. Я думаю, што ў значнай ступені ёсьць агульны інтарэс і агульны падыход. У маіх размовах з калегамі з амбасадаў Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ў дыскусіях з прадстаўнікамі Эўразьвязу ў Брусэлі й двухбаковых размовах зь людзьмі зь іншых краінаў, я заўжды знаходзіў згоду што да падыходу наконт Беларусі — зноў паспрабаваць пераканаць ды інтэграваць Беларусь у больш шырокія працэсы разьвіцьця эўрапейскай і транслянтычнай супольнасьці.
Мы ўсе выказваем заклапочанасьць запаволенасьцю намаганьняў Беларусі інтэгравацца ў гэтую больш вялікую супольнасьць, а таксама занепакоенасьць тым, што Беларусь, якая геаграфічна і культурна ёсьць часткай Эўропы, мусіла б разьвівацца ды ўсьведамляць сябе як мост ды складнік Эўропы, а не рабіцца выспай са сваімі палітычнымі ды эканамічнымі стратэгіямі, якія робіць яе ўсё менш і менш здольнай працаваць з вонкавым сьветам, з эўрапейцамі ды амэрыканцамі, дзе існуе вялікая роля для няўрадавых арганізацыяў, для вольнай і адкрытай прэсы, для бізнэсу, які патрабуе сталай і прадказальнай палітыкі. Я думаю, мы ўсе падзяляем аднолькавую заклапочанасьць і ўсе маем аднолькавы падыход: спрабаваць — з разуменьнем гістарычных і палітычных асаблівасьцяў Беларусі — як мага больш заахвоціць гэтае інтэграцыйнае, а не ізаляцыйнае разьвіцьцё”.
(Карэспандэнт: ) “Старшыня амэрыканскай Хэльсынскай камісіі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт нядаўна заявіў: “Без сур’ёзных наступстваў аўтарытарныя лідэры ведаюць, што могуць красьці любыя выбары беспакарана. Выбары за выбарамі яны ігнаруюць волю свайго народу і кпяць з АБСЭ”. Ці робіць Вас пэсымістам Ваш уласны досьвед у Дзяржаўным дэпартамэнце цягам апошніх 10 гадоў, калі Вы займаліся краінамі былога Савецкага Саюзу, альбо Вы бачыце надзею?”
(Крол: ) “Я бы сказаў, што будучы сьведкай і часткай усяго пераходнага працэсу ў Савецкім Саюзе — пачынаючы з таго, як я ўпершыню прыехаў у Ленінград у 1990 годзе і быў сьведкам каляпсу Савецкага Саюзу, я застаюся даволі аптымістычным наконт далейшага разьвіцьця, бо ня маю ніякіх ілюзіяў наконт таго, якім цяжкім ёсьць гэты пераходны працэс. Ён можа заняць шмат гадоў і, мабыць, нават пакаленьняў, перш чым людзі ў гэтай частцы сьвету — на тэрыторыі былога СССР, змогуць дамагчыся дасягненьняў у галіне выбараў ці дэмакратызацыі.
Гэта была доўгая і часта цяжкая гісторыя для ўсіх краінаў, у тым ліку для маёй — ЗША, — стварэньне нашай дэмакратычнай палітычнай сыстэмы. І я ня маю ілюзіяў — гэта вельмі цяжка на тле былога Савецкага Саюзу. Але тым ня менш, я думаю, што мы бачым: выбары маюць месца, зь імі ёсьць праблемы, аднак ёсьць і большы інтарэс да выбараў у насельніцтва былых рэспублік СССР і рост інтарэсу, зьвязаны зь няўрадавымі арганізацыямі ды палітычнымі кампаніямі. Заўжды былі праблемы, яны будуць працягваць існаваць, але я думаю, што мы можам бачыць разьвіцьцё выбарчага працэсу і досьведу выбарчых кампаніяў, а гэта з часам пойдзе на карысьць гэтай частцы сьвету”.
(Карэспандэнт: ) “Пераходзім да больш лёгкіх пытаньняў. Вы згадалі Ленінград, дзе Вы працавалі ў Генэральным консульстве ЗША. Ёсьць жарт, што Вы — сябра “санкт-пецярбургскай каманды” Ўладзімера Пуціна. Вы ж пазнаёміліся зь ім менавіта там?”
(Крол: ) “Так, калі я служыў у Ленінградзе, які зьмяніў назву на Санкт-Пецярбург, з 1990 да 1992 году, памятаю, я пазнаёміўся з тагачасным намесьнікам мэра Ўладзімерам Уладзімеравічам Пуціным, які тады працаваў з мэрам Сабчаком. Вядома, гэта было вельмі даўно, але я ведаю яго па тым пэрыядзе і працаваў зь ім, калі я быў у генэральным консульстве”.
(Карэспандэнт: ) “І Вы віталі зь перамогай на выбарах у Беларусі ў 1994 годзе Аляксандра Лукашэнку — як паўнамоцны прадстаўнік ЗША ў Менску?”
(Крол: ) “Так, тыя выбары адбыліся, і я памятаю, што прысутнічаў на ўрачыстай інаўгурацыі. Быў прыём, і я сустрэўся з новаабраным прэзыдэнтам Лукашэнкам у 1994 годзе. Я перадаў яму нашыя афіцыйныя віншаваньні зь перамогай на выбарах у тым годзе”.
(Карэспандэнт: ) “Значыць, Вы маеце добры, глыбокі досьвед тут. Ваша афіцыйная біяграфія сьведчыць, што Вашы інтарэсы ўлучаюць гісторыю, вандроўкі ды часам паездкі на конях. Дзе Вам падабаецца падарожнічаць — у горадзе ці на прыродзе? Ці можна тут у Беларусі працягваць Вашае гобі?”
(Крол: ) “Натуральна, гэта заўжды праблема — калі ты амбасадар, знайсьці час для тваіх гобі, таму што вельмі напружаны графік сустрэчаў, прэзэнтацыяў і падзеяў. Ён вельмі падабаецца, таму што ты атрымліваеш добрыя адчуваньні сустрэчаў зь людзьмі. А таксама адчуваньне, што ты прадстаўляеш больш за 260 мільёнаў амэрыканскіх грамадзянаў — куды б ты ні пайшоў. Але асабіста я вельмі люблю Беларусь, і Менск у тым ліку. Кожны шанец, які я атрымліваю, я з задавальненьнем выкарыстоўваю, каб пагуляць па горадзе, паглядзець, як ён зьмяніўся. Стала больш лёгка хадзіць па горадзе невялікімі дарожкамі, глядзець на рэстаўрацыю старых частак гораду. Для мяне гэта вельмі цікава.
Мая рэзыдэнцыя знаходзіцца па-за Менскам, у Раўбічах, гэта вельмі прыемнае месца. І мне вельмі падабаецца вандраваць у тым раёне, а таксама знаёміцца зь лясамі й палямі ня толькі ў менскай зоне, а калі я падарожнічаю таксама. Мне было вельмі прыемна вярнуцца ў Беларусь, таму што мне заўсёды падабаліся прыгажосьць прыроды й цеплыня людзей — куды б ты ні пайшоў. Я думаю, што Беларусь мае вялізны патэнцыял як турыстычны цэнтар. Спадзяюся пабачыць яе больш, пакуль орды турыстаў не пачалі высаджвацца ў Беларусі. Я ўпэўнены, што ў будучыні гэта здарыцца, бо гэта настолькі цудоўная краіна”.