Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПЫТАНЬНЕ СВАБОДЫ: ЦІ ПРЫЦЯГАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ ДЛЯ ЭМІГРАНТАЎ?

Галіна Абакунчык, Менск

Ці лічыце вы, што Беларусь прыцягальная для эміграцыі й што многія замежныя грамадзяне імкнуцца пераехаць сюды на сталае жыхарства?

Меркаваньні апытаных мінакоў адносна прывабнасьці Беларусі для эміграцыі падзяліліся прыкладна на дзьве часткі. Вось некаторыя адказы:

(Юначка: ) “У асноўным, я лічу, Беларусь цікавая для мігрантаў у тым сэнсе, што яны могуць міграваць далей у Эўропу. А сюды, магчыма, могуць вяртацца тыя, хто раней зьехаў зь Беларусі”.

(Спадар: ) “У нас хапае мігрантаў з усіх, асабліва, паўднёвых рэспублікаў. Больш, чым дастаткова”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці цікавая Беларусь для эміграцыі? Ці ёсьць ахвочыя, каб прыехаць і жыць у Беларусі?”

(Юначка: ) “Я лічу, ёсьць. Да прыкладу, у нашым унівэрсытэце шмат студэнтаў з Армэніі, Туркмэністану, якія вельмі жадаюць застацца ў нашай краіне. Яны лічаць, што тут можна вучыцца, працаваць і ім тут вельмі падабаецца”.

(Юнак: ) “Каб людзі сюды прыяжджалі? Сюды лепш прыяжджаць з грашыма. Бязь іх вельміцяжка паўсюль, але тут асабліва”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што не, бо ня ўсё лёгка ў жыцьці ў нашай краіне. Я сама працую ў турыстычнай фірме, бачу, як да нас прыяжджаюць замежныя турысты. Так, ім падабаецца ў нас адпачываць, у нас шмат прыгожых мясьцінаў. Але жыць — не”.

Адметна, што ніхто з маіх выпадковых суразмоўцаў не сказаў, што ў Беларусь жадаюць прыехаць грамадзяне з краінаў Заходняй Эўропы.

(Юнак: ) “Хто можа прыехаць да нас з замежжа, каб жыць тут пастаянна? Магчыма, толькі людзі сталага веку, якія тут нарадзіліся і якіх вабяць родныя мясьціны. Што тычыцца іхных дзяцей, то тут наадварот — у іх магчымасьцяў больш за межамі Беларусі, каб рабіць бізнэс і нейкі трамплін у сваім жыцьці”.

(Спадарыня: ) “Калі б я эмігравала, то эмігравала бы не ў Беларусь”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці цікавая Беларусь для эміграцыі, для эмігрантаў? Ці ёсьць ахвочыя прыехаць сюды жыць?”

(Спадар: ) “Дастаткова шмат. Я сам з Капыльскага раёну й скажу вам, што ў калгасах не хапае людзей. І вось з краінаў СНД, з Казахстану, з Малдовы, часткова з Украіны вельмі добра да нас едуць — і працаваць, і жыць”.

(Спадарыня: ) “Сюды эміграваць? У Беларусь? Ня ведаю, магчыма для краінаў СНД, Казахстану, да прыкладу, тое магчыма. Але ж не з Эўропы”.

(Юнак: ) “Магчыма, калі, да прыкладу, з Азэрбайджану ці іншых краінаў СНД. Але з заходняй Эўропы — не. Немагчыма. Розны ў нас сацыяльна-эканамічны ўзровень жыцьця”.

Гэткія былі адказы мінакоў на пытаньне “Ці лічыце вы, што Беларусь прыцягальная для эміграцыі й многія замежныя грамадзяне хочуць сюды пераехаць на сталае жыхарства”?
XS
SM
MD
LG