Анатоль Гуляеў дзеліцца асабістымі назіраньнямі:
(Гуляеў: ) “Сапраўды, нельга размяшчаць рэдакцыю газэты ў памяшканьні, побач зь якім, да прыкладу, за тонкай сьценкай жыве шматдзетная сям’я. Падобныя выпадкі улічваліся і ўносіліся ў закон, але як тэхнічныя. Між тым, апошнім часам гэтая тэхнічная праблема ператварылася ў палітычную”.
Вядомы ў Беларусі журналіст Анатоль Гуляеў з асабістага досьведу ведае, як цяжка адкрыць, а галоўнае, пачаць працу недзяржаўнага выданьня. Год таму Анатоль Гуляеў заснаваў газету “Мясцовы час”, але трывалым таварам у кіёсках “Саюздруку” яна пакуль ня стала. Перадусім з-за перашкодаў, якія ствараюць чыноўнікі Менскага аблвыканкаму. Цяпер Гуляеў чарговы раз праз суд спрабуе адмяніць рашэньне , якім яго абмежавалі ў праве выпускаць сваю газэту.
Якім усё ж чынам мясцовыя чыноўнікі змагаюцца са свабодай слова? Ці ўжываюць нейкія ўласьцівыя ім хітрыкі? Анатоль Гуляеў мяркуе, што ім найчасьцей дапамагае тое палажэньне “Закону аб друку”, паводле ягога заснавальнік выданьня мусіць атрымаць згоду мясцовай улады на разьмяшчэньне рэдакцыі на пэўным адрасе. Паколькі закон не прадугледжвае адказнасьці чыноўніка за неабгрунтаваную адмову , то згоды зноў і зноў не даюць. Яшчэ Анатоль Гуляеў адзначае, што звычайна свае неправавыя дзеяньні чыноўнікі апраўдваюць патрэбамі гэтак званай дзяржаўнай ідэалёгіі.
(Гуляеў: ) “На справе дзяржаўная ідэалёгія ёсьць спробай прымусіць людзей аднолькава думаць, і сёньня менавіта ў рэчышчы дзяржаўнай ідэалёгіі ідзе забарона на рэгістрацыю новых выданьняў”, — лічыць рэдактар закрытай газэты “Мясцовы час” Анатоль Гуляеў.
Анатоль Гуляеў вядзе сваё змаганьне ў Менску, хоць і ў калідорах абласной улады, але ўсё ж у сталіцы, дзе неправавыя захады прынята неяк хаваць. А што робіцца ў сапраўднай глубінцы, дзе старшыня райвыканкаму — адзіны бог і начальнік ? Нашая карэспандэнтка Марыя Ўсьціновіч прааналізавала становішча на прыкладзе невялікага гарадка Крычаў Магілёўскай вобласьці:
(Усьціновіч: ) “Крычаўская грамадзка-палітычная газэта “Вольны горад” больш за тры гады выходзіла ў сьвет і была папулярная ў Крычаве, бо гэта была адзіная магчымасьць атрымаць інфармацыю, альтэрнатыўную афіцыйнай.
Сёлета рэдактар недзяржаўнага выданьня і прадпрымальнік Сяргей Няроўны зрабіў спробу зарэгістраваць сваю газэту, каб мець магчымасьць нармалёвым чынам выдаваць і распаўсюджваць “Вольны горад”. Аднак Крычаўскі райвыканкам адмовіўся ўзгадніць разьмяшчэньне рэдакцыі, яе юрыдычны адрас. Гаспадарчы суд, дзе адбыўся разбор справы, адхіліў пазоў Сяргея Няроўнага да раённых уладаў. Выснова была такая: рэдакцыя ня можа быць разьмешчаная ў кватэры прадпрымальніка, бо ён не зьяўляецца яе ўласьнікам, і нібыта ягоная дзейнасьць можа перашкодзіць суседзям. Гаворыць Сяргей Няроўны:
(Няроўны: ) “Гэта добрая зачэпка для ўладаў. І нічога ў нас не атрымліваецца, каб узгадніць. Я мяркую, што на любы адрас, які б мы ні прапанавалі ўладзе, яна заўсёды адкажа — не”.
Сапраўды, так і здарылася. Крычаўскія дэмакраты паспрабавалі зарэгістраваць іншае выданьне — “Новую газэту Крычава”. Аднак прадпрымальніку Андрэю Кузьміну, які плянаваў разьмесьціць рэдакцыю ў прыватным доме, дзе прапісаны толькі ён і больш ніхто, Крычаўскі райвыканкам таксама адмовіў ва ўзгадненьні юрыдычнай адрэсы. Як і Ўладзімеру Кудраўцаву, які на такіх жа падставах імкнецца зарэгістраваць інфармацыйна-аналітычнае выданьне “Ўласны камэнтар”. Камэнтуе Сяргей Няроўны:
(Няроўны: ) “Бачна, што ўлады слухаюцца Менску, а Менск рыхтуецца да важнай палітычный кампаніі. Выбары ў Палату прадстаунікоў — наступны год, а таксама магчымы рэфэрэндум аб працягу паунамоцтваў Лукашэнкі”.
Усе гэтыя падзеі далі падставу дэмакратам заявіць аб парушэньні правоў.
(Няроўны: ) “Першае, гэта дэклярацыя пра тое, што свабода слова павінна існаваць. І калі дзяржава дэмакратычная, як у канстытуцыі запісана, павінна думка розных людзей даходзіць да жыхароў рэспублікі і нашага гарадку”.
У выніку праект “Новай газэты Крычава” прыпынены, ягоныя ініцыятары лічаць безнадзейнымі далейшыя высілкі ў рэгістрацыі выданьня. Стваральнікі “Ўласнага камэнтару” мяркуюць усё ж вярнуцца да судовага разбору іх справы. А рэдактар “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны спрабуе цяпер зарэгістраваць сваё выданьне ў якасьці абласнога ў Магілёве”.
* * *
Існуе думка, што жыхарам правінцыйных гарадкоў свабода слова зусім і не патрэбная, бо яна вядзе да нестабільнасьці ў іх жыцьці. Па камэнтар да гэтай думкі я зьвярнуўся да Анатоля Гуляева. У якасьці адказу ён прывеў прыклады пасьпяховай канкурэнцыі недзяржаўных выданьняў зь дзяржаўнымі — былі названыя Смаргонь, Слонім, Горкі, Баранавічы ды іншыя раёны Беларусі. Анатоль Гуляеў перакананы, што свабода слова беларускай правінцыі насамрэч вельмі патрэбная.
(Гуляеў: ) “Патрэба ў недзяржаўных выданьнях ёсьць — і яна будзе ўзрастаць. І менавіта таму, што ўлады бачаць гэтую патрэбу, яны забараняюць рэгістрацыю новых выданьняў”, — лічыць заснавальнік “Мясцовага часу “ журналіст Анатоль Гуляеў.