Паводле старшыні віцебскага прадпрымальніцкага прафсаюзу “Пэрспэктыва” Барыса Элькіна, нагодаю дзеля правядзеньня сёньняшняга сходу сталі апошнія рашэньні віцебскага аблвыканкаму ды гарвыканкаму. Яны тычацца пераносу гандлёвых шапікаў з цэнтральных вуліцаў на гарадзкія ўскраіны, закрыцьцю рынку каля стадыёна “Дынама”, новых правілаў сэртыфікацыі машын — маршрутных таксовак.
Прадпрымальнікі лічаць, што ўсе гэтыя навацыі цягнуць скарачэньне працоўных месцаў і ўзрастаньне коштаў на тавары ды паслугі. А таму так або інакш закранаюць інтарэсы пакупнікоў ды спажыўцоў. Дзеля гэтага прадпрымальнікі запрасілі на сход і іх. Таксама запрошаныя ў Віцебск прадстаўнікі гэтак званага малога бізнэсу зь іншых рэгіёнаў Беларусі.
Напярэдадні сёньняшняга сходу, 4 лістапада, актывісты прафсаюзу “Пэрспэктыва” асабіста зьвярталіся ў гарвыканкам з шэрагам прапановаў дзеля абмеркаваньня. Прадпрымальнікі прасілі павялічыць асартымэнтны пералік тавараў дзеля гандлю ў шапіках. Прасілі, каб было прадстаўніцтва ад прафсаюзу “Пэрспэктыва” ў часе разьмеркаваньня маршрутаў дзеля маршрутных таксовак — звычайна гэта прэрагатыва ўладаў. Прасілі не зачыняць рэчавага рынку “Дынама” — там, на месцы цяперашніх гандлёвых шэрагаў, гарадзкое кіраўніцтва ня супраць зьмясьціць платную аўтастаянку.
Але абмеркаваньне нічым ня скончылася — ні па водным з 14-ці пытаньняў улады не знайшлі з прадпрымальнікамі агульнае мовы! Увогуле ж, як зазначыла загадчыца аддзелу прыватнага бізнэсу Віцебскага гарвыканкаму спадарыня Глячкова, большасьць прадпрымальніцкіх прапановаў патрабуе далейшага дэталёвага вывучэньня, або наўпрост супярэчыць цяперашняму заканадаўству.
Таму прадпрымальнікі вырашылі, што адзінае, на што яшчэ можна спадзявацца ў іхным становішчы, гэта на падтрымку сваіх землякоў. З тае нагоды на сёньняшні на сход запрошаныя і шараговыя гараджане, і прадстаўнікі розных палітычных партыяў.
Прадпрымальнікі спадзяюцца выпрацаваць у часе сходу нейкае агульнае рашэньне ды пасьля накіраваць яго ў гарвыканкам — як сьведчаньне таго, што праблемы прадпрымальнікаў тычацца ня толькі іх, і што большасьць віцяблянаў — на іхным баку.