Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі. Беларусы-каталікі 9 лістапада традыцыйна ўшаноўвалі Тодара. Як заўважае этнограф Уладзімер Васілевіч, ураджай на гаспадарках даўно сабраны, але селяніну прыемна было лішні раз падкрэсьліць сваю спраўнасьць: “На сьвятога Тадора – поўная камора”.
Учора споўнілася 185 гадоў расейскаму пісьменьніку Івану Тургеневу, які, між іншым, падарожнічаў у нашых краях і нават апісаў беларускае Палесьсе. Таксама 9 лістапада было 85 гадоў з дня сьмерці францускага паэта Гіёма Апалінэра. Сапраўднае ягонае прозьвішча было – Кастравіцкі. А імя – Гіём Альбэрт Уладзімер Аляксандар Апалінары. Радавы маёнтак Кастравіцкіх, Дарошкавічы пад Навагарадкам, быў канфіскаваны за іхны ўдзел у паўстаньні Каліноўскага ў 1864 годзе. Дзед Апалінэра эміргаваў у Італію, дзе й прайшло дзяцінства паэта.
9 лістапада 1941 году нацысты расстралялі паўтары тысячы габрэяў у мястэчку Мір. Астатніх 850 сагналі ў гета, што было ўчыненае на тэрыторыі Мірскага замку – цяпер вядомага помніка архітэктуры.
У той самы дзень 9 лістапада 1941 году ў Барысаве гестапаўцы расстралялі беларускага ксяндза Генрыха Глябовіча – за ягоную місіянэрскую дзейнасьць. Прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Глябовіч быў родам з Горадні і ў міжваенным часе служыў таксама ў Гарадзенскім фарным касьцёле.
9 лістапада 1952 году памёр Хаім Вейцман, першы прэзыдэнт Ізраілю, які быў родам з Моталя на Берасьцейшчыне.
А яшчэ 9 лістапада ў 1989 годзе пачаўся дэмантаж Бэрлінскага муру, а ў 1991 годзе Джахар Дудаеў быў абраны першым прэзыдэнтам Чачэніі.
Цяпер – пра сёньняшні каляндар.
10 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Параскева – апякунка прадзіва. Прасьці і ткаць у гэты дзень забаранялася.
Таксама 10 лістапада адзначаецца Сусьветны дзень моладзі.
10 лістапада ў 1906 годзе ў Вільні выйшаў першы нумар газэты “Наша Ніва”, якая праіснуе каля 10 гадоў і зь якой выйдзе ўсё беларускае нацыянальнае адраджэньне 20-га стагодзьдзя. У 1991 годзе “Наша Ніва” аднавілася і цяпер штотыдзень выходзіць у Менску.
10 лістапада 1920 году армія генэрала Булак-Балаховіча ўвайшла ў Мазыр. Тут Станіслаў Булак-Балаховіч абвясьціў сябе начальнікам Беларускай Дзяржавы. Пачалося стварэньне ворганаў самакіраваньня, былі выпушчаныя паштовыя маркі. Тым часам бальшавікі перакідалі на Палесьсе свае войскі з Крыму. Пад іхным наступам ужо 20 лістапада Булак-Балаховіч будзе вымушаны пакінуць Мазыр.
Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 10 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага рэфарматара царквы Марціна Лютара, нямецкага паэта і драматурга Ёгана Фрыдрыха фон Шылера, расейскіх канструктараў самалётаў і зброі Тупалева і Калашнікава і актуальнага прэзыдэнта Кіргізіі Аскара Акаева.