Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 10 ЛІСТАПАДА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Сталінская молодежь”, 1953 год. Зь Віцебску:

“Горад у сьвяточным убраньні. Паўсюль транспаранты з напісанымі на іх словамі Кастрычніцкіх заклікаў Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу. Вуліцы і сквэры запоўненыя сьвяточна апранутымі людзьмі. У поўдзень шматтысячныя калёны дэманстрантаў рушылі да плошчы Волі. Сьвяточнае шэсьце адкрылі школьнікі. За імі, адбіваючы крок, праходзяць навучэнцы рамёсных вучэльняў і школ фабрычна-заводзкага навучаньня... Да позьняй ночы было шматлюдна на вуліцах і плошчах гораду. У Беларускім дзяржаўным тэатры імя Якуба Коласа, у Палацы культуры камбінату будаўнічых матэрыялаў, у клюбах адбыліся сьвяточныя вечары. Паўсюль гучалі радасныя песьні аб Радзіме, пра мір, пра родную Камуністычную партыю”.

“Голас Радзімы”, 1983 год. Алесь Адамовіч разважае аб праблемах вайны і міру:

“Вучоным вядома айнштайнаўская формула Е=МС2 (г.зн. энэргія ў Сусьвеце роўная масе, памножанай на квадрат хуткасьці сьвятла). Я ўразіўся, даведаўшыся пра тое, як яе можна растлумачыць: аказваецца, матэрыі, адпушчанай прыродай на будаўніцтва чалавечага цела, аднаго-адзінага, зусім дастаткова, каб (калі б яе можна было пераўтварыць у энэргію) узарваць горад, рухаць ледакол на працягу многіх гадоў, асьветліць цэлы раён… Гэта, так сказаць, матэрыяльна-энэргетычны патэнцыял, выдзелены прыродай на кожнага з нас. Ну а духоўны? Ці роўны наш духоўны патэнцыял матэрыяльнаму? Бо ніколі ў гісторыі не было моманту, каб так многае залежала ад духоўнага патэнцыялу чалавека, чалавецтва”.

Наваполацкая “Новая газета”, 1993 год:

“27–29 кастрычніка ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце прайшла навукова-тэарэтычная канфэрэнцыя “Вацлаў Ластоўскі — дзеяч беларускага Адраджэньня”. У яе працы бралі ўдзел вядомыя вучоныя з розных гарадоў Беларусі, зь Вільні, Масквы, Варшавы… Ставілася задача ўсебакова разгледзець багатую спадчыну Вацлава Ластоўскага, яго ўнёсак у нацыянальную навуку, культуру, а таксама яго палітычную дзейнасьць. На трэці дзень удзельнікі канфэрэнцыі зьезьдзілі на радзіму Вацлава Ластоўскага — у Мёрскі раён, удзельнічалі ў набажэнстве, прысьвечаным памяці Вацлава Ластоўскага, якое адбылося ў Мёрскім касьцёле. Матэрыялы канфэрэнцыі будуць выдадзеныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG