Гомельскі гарвыканкам афіцыйна дазволіў правядзеньне пікету дзеля высвятленьня меркаваньня гараджанаў адносна магчымых зьменаў у Канстытуцыі і падоўжаньньні такім чынам тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Праўда, пікет дазволены быў ня ў людным месцы, а на так званым “гомельскім Бангалоры” – каля Палацу глухіх на вуліцы Юбілейнай.
З раніцы да пачатку афіцыйнага пікету актывісты розных грамадзкіх суполак і партыяў праводзілі галасаваньне на Цэнтральным рынку. У гэты час і паступіла паведамленьне ў міліцыю, што рынак замініраваны. Міліцыя схапіла Алеся Карніенку і Сяргея Сямёнава са скрыняй для галасаваньння.
Што было далей, распавядае Алесь Карніенка:
(Карніенка: ) “Тыя бюлетэні, якія мы сабралі на Цэнтральным рынку, мы падлічылі разам з прапаршчыкам міліцыі. Было пададзена 210 галасоў супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі, 15 – за, 3 бюлетэні – несапраўдныя. З прапаршчыкам аформілі разам пратакол”.
Пакуль спадароў Карніенку і Сямёнава дапытвалі ў пастарунку, каля Палацу глухіх а 12-й гадзіне распачалося грамадзкае галасаваньне. Людзі атрымлівалі імправізаваныя бюлетэні з пытаньнямі: вы “за” ці “супраць” працягу паўнамоцтваў прэзыдэнта?
Гутару зь сябрам грамадзкай камісіі спадарыняй Кацярынай:
(Кацярына: ) “Галасаваньне ідзе вельмі актыўна. Зараз ужо прагаласавалі каля 50 чалавек, і, я бачу, падыходзіць яшчэ шмат людзей. Яны выкажуць сваё меркаваньне, ці патрэбны трэці прэзідэнцкі тэрмін у нашай краіне”.
Няглзедзячы на аддаленасьць пікету ад цэнтру, людзей сабралася сапраўды шмат.
(Жанчына: ) “Я прыйшла на галасаваньне. Я – супраць Лукашэнкі: нацярпеліся ўжо. Вы ведаеце, якое жыццё! Мы на мяжы бездані стаім. Сын вось унівэрсытэт закончыў і ня можа ўладкавацца на працу”
(Тамара Акуліч: ) “Дык ніводзін сумленны чалавек ня будзе паступаць так – і цяпер, і тады, калі пераварот быў учынены ў 1996 годзе, калі Строеў і Чарнамырдзін прыяжджалі і за адну ноч пераварот нам зрабілі. Гэта непрыстойна”.
Усяго гадзіну праводзілі грамадзкае галасаваньне арганізатары пікету. А 13-й гадзіне на пляцоўку перад Палацам глухіх прыехаў намеснік начальніка міліцыі Чыгуначнага раёну Мікалай Сьпірыдовіч з прадстаўніком Гарвыканкаму. Галасаваньне загадана было спыніць. Арганізатараў пікету Алеся Карніенку і Васіля Палякова зноў адвезлі у пастарунак, гэтым разам Чыгуначнага раёну.
Васіль Палякоў пасьпеў сказаць нашаму радыё:
(Палякоў:) “Галоўная прэтэнзія міліцыі ў тым, што нам нібыта дазвалялі толькі пікетаваньне, але не дазвалялі грамадзкае галасаваньне. Нідзе ў законе пра забарону грамадзкага галасаваньня падчас пікету не запісана. Але міліцыя лічыць, што на галасаваньне патрэбны канкрэтны дазвол. Гэта супярэчыць галоўнаму прававому прынцыпу: калі не забаронена, значыць, дазволена”.
Перапыненае міліцыяй галасаваньне закончылася такімі вынікамі. Распавядае сакратарка камісіі спадарыня Ларыса:
(Ларыса: ) “У галасаваньні ўзялі ўдзел 2172 чалавекі. Супраць таго, каб прэзідэнт займаў сваю пасаду больш двух тэрмінаў, прагаласавалі 1972 выбаршчыкі, альбо 89 адсоткаў ад агульнай колькасьці людзей, якія бралі ўдзел у грамадзкім галасаваньні”.