У сувязі з выпрацоўкай Эўрапейскай Канстытуцыі, актыўна абмяркоўваецца пытаньне месца і ролі рэлігіі ў аб’яднанай Эўропе. Разам з тым, у шэрагу краінаў раз-пораз разгараецца палеміка ў справе рэлігійнай сымболікі ў дзяржаўных установах. Ці ўлічваючы аддзяленьне Царквы ад дзяржавы і сьвецкі характар дзяржавы, усё ж рэлігійная сымболіка павінна быць дазволеная ў шпіталёх, судох і школах? Як задаволіць патрабаваньні большасьці і адначасова не пакрыўдзіць рэлігійныя меншасьці? Пра гэта пойдзе гаворка ў сёньняшнім выпуску рэлігійнай перадачы “Сымбаль Веры”.
У Італіі не сьціхае скандал зьвязаны з рэлігійнай сымболікай у школах. 31 кастрычніка суд вышэйшай інстанцыі прыпыніў выкананьне ранейшага прысуду, вынесенага судом ніжэйшай інстанцыі, аб зьняцьці крыжа са сьцяны ў адной з італьянскіх школаў.
Усё пачалося з таго, што ў канцы кастрычніка, судзьдзя Марыё Мантанара з гораду Ля-Квіля, 100 кілямэтраў ад Рыму, загадаў зьняць выяву ўкрыжаванага Хрыста ў школе ў мястэчку Офэна. Патрабаваў гэтага лідэр мясцовай мусульманскай грамады, нэафіт, 43-гадовы Адэль Сьміт, два сыны якога ходзяць у гэтую школу. Сьпярша Сьміт спрабаваў павесіць побач з крыжам копію адной з сураў Карану. Калі, пасьля пратэстаў з боку бацькоў, кіраўніцтва школы загадала зьняць ісьлямскія сымбалі, Сьміт надрукаваў іх на майках сваіх сыноў і падаў пазоў ў суд аб зьняцьці са сьцяны і крыжа. “Я ня маю нічога супраць крыжа. Я толькі адстойваю сваё канстытуцыйнае права, згодна якому ў клясе, у якой вучацца мае дзеці, не павінны дэманстравацца рэлігійныя сымбалі. Каталіцтва не зьяўляецца дзяржаўнай рэлігіяй ў Італіі” – сказаў ён. Аднак людзі прыгадалі, што раней Сьміт назваў выяву ўкрыжаванага Хрыста “агідным трупам”, якога ня толькі не выпадае экспанаваць, але трэба яго хаваць ад людзей.
Судзьдзя прыняў рашэньне аб тым, што “выява ўкрыжаванага Хрыста сьведчыць пра адназначны намер дзяржавы, калі гутарка ідзе аб публічнай адукацыі, паставіць каталіцкую рэлігію ў цэнтар сусьвету”, ня ўлічваючы наяўнасьць іншых рэлігіяў. “Рэлігійныя сымбалі пярэчаць прынцыпу рэлігійнай свабоды і сьвецкага характару публічных установаў,” – абгрунтаваў свой прысуд судзьдзя Марыё Мантанара.
Рашэньне судзьдзі выклікала хвалю пратэстаў. Папа Ян Павал ІІ заявіў, што “ рыж зьяўляецца крыніцай сьвятла, суцяшэньня і надзеі для людзей усіх часоў. Скасаваньне рэлігійных сымбаляў у публічных месцах мала дэмакратычнае, паколькі яно пярэчыць духу народаў і пачуцьцям бальшыні насельніцтва,” – сказаў Папа.
“Нельга выкідваць сымбалі рэлігійных і культурных каштоўнасьцяў ўсяго народу толькі таму, што гэта можа камусьці не падабацца,” – заявіў кардынал Эрсыліё Таніні. На абарону крыжу сталі ня толькі каталіцкія ўстановы, бацькі дзяцей, але і прэзыдэнт, прэм’ер-міністар і нават лідэры камуністычнай апазыцыі. “Я адчуваю сябе абражаным як хрысьціянін і як грамадзянін,” – адзначыў міністар унутраных справаў Каміліё Руіні. “Крыж не пагражае рэлігійнай свабодзе. Гэта ўнівэрсальны сымбаль, які адлюстроўвае каштоўнасьці агульначалавечай салідарнасьці і братэрства,” – адзначыла міністарка адукацыі Летыцыя Морамі. “Недапушчальна, каб адзін судзьдзя перакрэсьліваў ўсю тысячагодовую гісторыю,” – адзначыў міністар працы Рабэрта Мароні. Рашэньне судзьдзі Мантанара асудзілі прадстаўнікі габрэйскай і нават дзьвюх мусульманскіх абшчынаў.
Італьянскія мусульмане лічаць, што Адэль Сьміт – гэта правакатар, ён ня ходзіць у мячэт і толькі скарыстоўвае ісьлям для рэклямы сваёй асобы. Некаторыя выказваюць зьдзіўленьне, што СМІ прысьвячаюць гэтулькі ўвагі чалавеку, які нікога і нічога не прадстаўляе. У Італіі жывуць каля мільёна мусульманаў. Яны баяцца, што зьняцьце крыжа ў Офэне ўскладніць ім падпісаньне з урадам дамовы аб урэгуляваньні статусу мусульманаў ў Італіі.
Паводле пераважнай большасьці галасоў, рашэньне суду пярэчыць існуючым законам Італіі. Хаця ў выніку пагадненьня падпісанага ў 1984 годзе паміж Рымам і Ватыканам дэкрэтам, Італія зьяўляецца сьвецкай дяржавай, аднак прысутнасьць крыжоў у італьянскіх школах гарантуюць дэкрэты з 1924-29 гадоў, а таксама рашэньне Вярхоўнага адміністрацыйнага суду ад 1988 году, згодна якому “крыж належыць да гістарычнай спадчыны Італіі”.
Аднак рашэньне судзьдзі Марыё Мантанары шмат каму спадабалася. У прыватнасьці, адзін з пэдагагічных прафсаюзаў заявіў, што гэтая пастанова падкрэсьлівае сьвецкі характар сыстэмы адукацыі ў Італіі.
Яны зьвярнулі ўвагу на факт, што дэкрэт 1924 году ўжо неактуальны. У адпаведнасьці зь ім, у кожнай школе павінны вісець: нацыянальны сьцяг, крыж і партрэт караля, але ж цяпер у Італіі няма караля. Краіна стала сьвецкай, шматканфэсійнай і мультыэтнічнай, і нельга навязваць каталіцкія сымбалі ўсяму грамадзтву, у тым ліку атэістам і прадстаўнікам іншых рэлігіяў.
Італьянская прэса прыраўняла рэакцыю на рашэньне аб зьняцьці крыжа з палемікай, якую выклікала ў Францыі спроба забароны насіць ў школах ісьлямскія хусткі-чадры. У 1989 годзе Вышэйшы адміністрацыйны суд прыняў рашэньне аб тым, што нашэньне хустак пярэчыць закону, якія забараняе рэлігійную агітацыю ў школах. У 1994 годзе міністар адукацыі забараніў у школах “адкрытыую палітычную і рэлігійную сымболіку”. Летась за нашэньне хустак дзьве дзяўчынкі былі выключаныя са школы, што толькі ажывіла бурную палеміку ў францускім грамадзтве. У Польшчы доўга не сьціхалі жарсьці пасьля таго, як правыя дэпутаты ўпотай, у начы, павесілі крыж у Сойме. Цяпер, пасьля ўхваленьня ў 1998 годзе канкардату з Ватыканам, крыжы, рэлігійныя абразы і партрэты Папы вісяць ледзь ня ў кожнай установе, і нікога гэта не хвалюе.
Таксама ўлады Швэцыі дазволілі дырэктарам забараняць нашэньне паранджы ды іншых ўбораў, якія закрываюць твар вучня. “Швэдзкая школа павінна быць месцам свабодным ад рэлігійных кантэкстаў і забабаонаў,” – лічыць галоўны юрыст Управы школьнай адукацыі Інгэгард Гільборн.
Што да рэлігійага нэўтралітэту, плюралізму, акультурацыі і асыміляцыі, бадай найлепшым прыкладам зьяўляюцца Злучаныя Штаты. Мадэль гарамадзтва ЗША нагадвае вітраж: важна цэласнасьць, але ахоўваецца статус, мова, рэлігія і правы кожнага шкельца гэтага вітражу.
Амэрыканская Канстытуцыя замацоўвае права на свабоду сумленьня кожнага грамадзяніна – гэта значыць свабоду вызнаваць любую веру, а таксама свабоду ня мець ніякага рэлігійнага перакананьня. Дзяржава ня мае права прымаць законы, якія б ухвалялі ці замацоўвалі хоць якія рэлігійныя перакананьні ці інстытуцыі. Ня можна яна таксама прымаць законы, якія базуюцца на рэлігійных перакананьнях. Адпаведна і ўся дзейнасьць арганізацый фундаваных дзяржавай, як агульнаадукацыйныя школы, мусіць быць па-за рэлігійная.
Аднак на практыцы бывае па-рознаму. Летась у сьнежні дзьве каталіцкія арганізацыі, Каталіцкая Ліга і Прававы цэнтр Томаса Мора, падалі ў нью-ёркскі суд пазоў на дэпартамэнт адукацыі гораду, абвінавачваючы чыноўнікаў дэпартамэнту ў дыскрымінацыі хрысьціянаў. Справа ў тым, што ўлады забаранілі ў школах батлейкі ды іншыя калядныя ўпрыгожваньні рэлігійнага характару, за тое дазволілі ўсталёўваць сымбалі габрэяў і мусульманаў ў гонар сьвята Ханукі і заканчэньня Рамадану. “Калі ў школах дазволеныя габрэйскія мэноры, сымбалі афраамэрыканскага сьвята Кванзаа, дык павінны быць дазволеныя і іх хрысьціянскія эквіваленты” – заявіў дырэктар Цэнтру Рычард Томпсан.
Пра сытуацыю з рэлігійнай сымболікай ў амэрыканскіх публічных школах распавядае наша карэспандэнтка Алеся Сёмуха.
(Сёмуха: ) “І дзяржаўныя школы, і настаўнікі абавязаныя перад законам захоўваць нэўтралітэт адносна ўсіх рэлігіяў і атэізму. Гэта аднак не азначае, што рэлігія ў школах адсутнічае. Розныя рэлігіі могуць вывучацца, як сацыяльна-гістарычны прадмет. Але навучаньне мусіць быць збалянсаванае, аб’ектыўнае і нэўтральнае, што да ацэнак і прэфэрэнцый. Школьнікі і настаўнікі маюць права арганізоўваць прыватныя рэлігійныя клюбы, маліцца і выказваць уласныя рэлігійныя ці атэістычныя перакананьні. Бальшыня школ таксама дазваляе насіць любыя рэлігійныя ўбраньні ці ўпрыгожваньні і адзначаць сьвецкія аспэкты рэлігійных сьвятаў.
Сярод найбольш спрэчных пытаньняў сёньняшняга школьнага жыцьця дагэтуль застаюцца выкарыстаньне рэлігійных сымбаляў (крыжа і мінора) у школах, а таксама зусім нядаўні канфлікт пра публічнае прамаўленьне перад пачаткам заняткаў клятвы на вернасьць сьцягу. Гэтая, здавалася б, зусім нерэлігійная клятва ўтрымлівае словы “адная нацыя пад Богам”. Словы “пад Богам” былі дададзеныя да клятвы Кангрэсам ў 1954 годзе – часе змаганьня з атэістычным камунізмам. Тады ж прэзыдэнт Айзэнгаўэр заканадаўча замацаваў штодзённае прамаўленьне клятвы ва ўсіх школах, як “сьведчаньне вернасьці нацыі і людзей Усявышняму”. Аднак трохі болей за год таму 9-ы Апэляцыйны фэдэральны суд прызнаў закон неканстытуцыйным менавіта з-за гэтай фразы. Прамаўленьне клятвы ў асобных школах штатаў заходняга ўзьбярэжжа ЗША цяпер стала справай дабраахвотнай і прыватнай, а не абавязковай. Гэта, аднак, ня спыніла грамадзкіх спрэчак у якія ўцягнуліся нават многія сэнатары і Белы Дом, баронячы традыцыі перад свабодамі.
Тымчасам многія арганізацыі па абароне грамадзянскіх правоў і прыватныя грамадзяне ўзбуджаюць усё болей судовых працэсаў па практыцы выкарыстаньня рэлігіі ў дзяржаўных школах паасобных штатаў. Так, напрыклад, некаторыя песьні і малітвы, сьпяваныя пад час выпускных урачыстасьцяў сталіся аб’ектам разьбіральніцва. Два гады таму Вярхоўны суд ЗША прызнаў неканстытуцыйным рашэньне штату Алабамы ўвесьці ў школьны расклад абавязковую хвіліну маўчаньня для малітваў ці мэдытацыі. Яшчэ адзін нядаўні канфлікт тычыўся магчымасьцяў маліцца ў вучняў-мусульман падчас заняткаў. Школьныя ўлады Нью-Ёрку плянавалі дазволіць вучням пакідаць заняткі некалькі разоў на дзень для маленьня ў адмыслова абсталяваных пакоях пад час сьвятога для мусульман месяца Рамадана. Гэтае рашэньне, аднак, выклікала шмат пратэстаў і закідаў у прэфэрэнцыі, і было адмененае. У выніку, вучні могуць маліцца ў любы час, але без перашкоды заняткам і ўдзелу школы.
Паколькі Амэрыка была заснаваная як хрысьціянская краіна, некаторыя амэрыканцы лічаць, што выкарыстаньне у школах рэлігійных сымбаляў, такіх, як напрыклад табліц з 10-цю запаведзямі, ёсьць часткай іхнай рэлігійнай і гістарычнай спадчыны. Іншыя ж лічаць, што канцэпцыя свабоды рэлігіі ўключае ў сябе і свабоду ад дамінацыі адной рэлігіі, як хрысьціянства. Трэція трымаюцца пазыцыі, што прынцып аддзяленьня дзяржавы ад рэлігіі мусіць быць абсалютны і мусіць дамінаваць над любымі рэлігійнымі рэзонамі. Адзінадушша ў гэтым пытаньне ў грамадзтве няма.
Амэрыканскія заканадаўцы ў гэтых пытаньнях заўсёды балянсуюць паміж лібэралізмам і кансэрватызмам з пэўнай перавагай у бок кансэрватызму. Выканаўчая ўлада, асабліва адміністрацыя цяперашняга прэзыдэнта Джорджа Буша, адкрыта кансэрватыўная. Што ж да амэрыканскіх судоў, дык рашэньні апошніх гадоў усё больш лібэральныя ў інтэрпрэтацыі аддзеленасьці рэлігіі ад дзяржавы. Якія ж тэндэнцыі праглядаюцца ў амэрыканскім грамадзтве ў гэтай праблеме? Паводле многіх сацыялягічных дасьледваньняў, колькасьць новых рэлігій і маладых вернікаў у ЗША расьце з павялічэньнем іміграцыі, адначасова расьце і колькасьць нерэлігійных дарослых сярод карэнных ці адаптаваных амэрыканцаў. Абодва гэтыя фактары, відаць, і надалей будуць стымуляваць грамадзкую спрэчку, у тым ліку і ў школах.”